Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволенага праваабаронцу Андрэя Бандарэнку, якому пагражалі два дадатковыя гады няволі паводле 411 артыкула Крымінальнага кодэксу, Ленінскі суд Магілёва апраўдаў. Судзьдзя Сяргей Мазураў пастанавіў, што ў дзеяньнях абвінавачанага няма складу правапарушэньня. У яго не было намеру супрацьдзеіць адміністрацыі, і ён пазьбягаў канфліктных сытуацыяў зь ёю, — адзначыў судзьдзя ў выраку. 31 сакавіка Бандарэнка мае выйсьці на волю.

Вырак судзьдзі тыя, хто прыехаў падтрымаць Бандарэнку, сустрэлі воплескамі. Сам жа зьняволены быў зьбянтэжаны прысудам. Ён не адразу адрэагаваў на просьбу журналістаў пракамэнтаваць яго.

«Для мяне гэта нечакана, і я зьмяняю сваю думку пра наша правасудзьдзе. Дзякую ўсім за падтрымку. Толькі дзякуючы падтрымцы грамадзкасьці мы змаглі дамагчыся апраўдальнага прысуду. Вялікі ўсім дзякуй», — сказаў Андрэй Бандарэнка, якога выводзілі з клеткі ў судовай залі, каб адвезьці ў турму № 4.

Заўтра ён мае выйсьці на свабоду. У няволі праваабаронцу трымалі тры гады, зь іх больш за два — ва ўмовах турэмнага рэжыму.

Вырак стаў нечаканым для ўсіх, хто прыехаў на суд падтрымаць Бандарэнку. За некалькі гадзін да яго агучваньня дзяржаўны абвінаваўца прасіў для абвінавачанага па 411 артыкуле даць год калёніі строгага рэжыму. На думку пракурора Сяргея Мінава, віна Бандарэнкі была даказана ў ходзе папярэдняга і судовага сьледзтва. Пра гэта сьведчаць паказаньні сьведак і матэрыялы справы. Мінаў казаў, што Бандарэнка — небясьпечная для грамадзтва асоба, ягоныя парушэньні турэмнага парадку насілі сыстэматычны характар, а сам асуджаны быў злосным парушальнікам рэжыму адбыцьця пакараньня. Супярэчлівасьці ў паказаньнях сьведак дзяржаўны абвінаваўца назваў не настолькі значнымі, каб уплываць на аб’ектыўнасьць сьледзтва.

Дзяржаўны абвінаваўца Сяргей Мінаў
Дзяржаўны абвінаваўца Сяргей Мінаў

Пасьля выступу Мінава група падтрымкі Бандарэнкі не разьлічвала на апраўдальны прысуд.

«Для мяне вырак нечаканы, бо рашэньні пра ўзбуджэньне палітычных спраў прымаюцца палітычным шляхам, як і пра іх спыненьне. Так выйшла і з справай Андрэя Бандарэнкі, які быў апраўданы», — пракамэнтавала вырак Бандарэнку праваабаронца з цэнтру «Вясна» Тацяна Равяка.

«Грамадзкасьць на ўласныя вочы магла пабачыць абсурднасьць абвінавачаньняў, якія маглі б прывесьці да таго, што чалавека асудзілі б на год ці два, — дадала суразмоўніца. — Грамадзкая ўвага і ціск не дапусьцілі гэтага. Справа Бандарэнкі была ў цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасьці, як праваабарончай, гэтак і дыпляматычнай. Упартая абарона Андрэя і ягонага адваката адыграла вырашальную ролю. Гэта выключэньне, і хацелася б, каб гэта стала тэндэнцыяй і каб скончылася ў Беларусі эра палітычных зьняволеных».

Тацяна Равяка пасьля агучваньня выраку Бандарэнку
Тацяна Равяка пасьля агучваньня выраку Бандарэнку

У апошнім слове Бандарэнка выказаў спадзеў, што суд вынесе абʼектыўнае рашэньне. На ягоную думку, месцы пазбаўленьня волі не выконваюць функцыю выпраўленьня, а толькі падаўленьня. Падсудны згадаў лёс Дашкевіча і Дзядка, якія таксама сутыкнуліся з 411 артыкулам. Бандарэнка правёў паралель з 1937 годам, калі са сканчэньнем старога тэрміну даваўся новы. Пры гэтым, казаў ён, стваралася і ствараецца ілюзія законнасьці, але насамрэч на асуджаных аказваецца ціск.

«Дужа цяжка не падпасьці пад ціск у папраўчай установе, калі бароніш свае правы. Мяне перасьледавалі на працягу трох гадоў. Зьвінавацілі ў тым, чаго я не зьдзяйсьняў і што было даведзена да 411 артыкула», — завяршыў выступ Бандарэнка.

Яго вінавацілі па трох эпізодах, якія павінны былі стварыць уражаньне, што асуджаны — злосны парушальнік рэжыму. Так, Бандарэнка, паводле матэрыялаў справы, ляжаў на ложку ў нявызначаны час, перамаўляўся ў турэмным калідоры падчас канваяваньня зь іншым асуджаным, а таксама не зрабіў дакладу супрацоўніку турмы, які ўвайшоў у камэру. Былі і прэтэнзіі да вырабленых Бандарэнкам канвэртаў.

Паказаньні сьведак былі супярэчлівыя. Бандарэнка прасіў, каб суд спраўдзіў паказаньні супрацоўнікаў турмы на паліграфе ды дазволіў правесьці сьледчы экспэрымэнт, каб давесьці сваю праўду.

Бандарэнка ў клетцы
Бандарэнка ў клетцы

Адвакат Бандарэнкі Вадзім Мушынскі адзначаў, што супрацоўнікі турмы «відавочна заблыталіся» ў сваіх паказаньнях, што гэтыя паказаньні непасьлядоўныя, непраўдзівыя і трактуюцца супраць Бандарэнкі. Адміністрацыя папраўчай установы, казаў Мушынскі, пасьпяшалася з рапартам у Сьледчы камітэт, каб распачалі справу.

Так, Бандарэнка — няпросты асуджаны для папраўчай установы, — казаў адвакат. — Ён пісаў скаргі, і, магчыма, на іх так адрэагавала адміністрацыя«.

Бандарэнка-старэйшы ня меў магчымасьці спаткацца з сынам на працягу двух гадоў, бо таго пазбавілі такой магчымасьці. Не чакаючы добрых навінаў, Валер Бандарэнка напісаў у перапынку судовага пасяджэньня зварот да кіраўніцтва Ленінскага суду Магілёва, каб яму дазволілі пабачыцца з сынам не праз краты.

Бандарэнка-старэйшы паведамляе праз тэлефон радасную навіну пра сына
Бандарэнка-старэйшы паведамляе праз тэлефон радасную навіну пра сына

«Я дужа рады і ўдзячны за такі прысуд, — казаў пасьля суду Бандарэнка-старэйшы. — Я ня думаў, што пасьля пракурорскага патрабаваньня году Андрэю ўсё можа скласьціся менавіта так. Судзьдзя прафэсійна падышоў да справы. Ён малайчына. Я ня памятаю, каб былі апраўдальныя прысуды. Я такіх ня памятаю».

Праваабаронца Алесь Бяляцкі таксама быў на судзе. Паводле яго, крымінальны перасьлед Бандарэнкі быў зьвязаны зь ягонай праваабарончай дзейнасьцю.

«Гэта, відавочна, была дырэктыва зь Менску, і гэты перасьлед варта трактаваць як перасьлед за ягоную праваабарончую дзейнасьць. Яго перасьледуюць, бо ён быў дужа праблемны для пэнітэнцыярнай сыстэмы. Багата яго арганізацыя даставала зьвестак пра парушэньні ў месцах пазбаўленьня волі. Таму гэтая сыстэма плаціць яму такім чынам. Пра законнасьць казаць не выпадае. Гэта проста расправа, якая мае палітычны кантэкст», — пракамэнтаваў суд над Бандарэнкам Алесь Бяляцкі за некалькі гадзін да выраку судзьдзі Мазурава.

Бандарэнка з адвакатам Вадзімам Мушынскім
Бандарэнка з адвакатам Вадзімам Мушынскім

Андрэй Бандарэнка — былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа Інавэйшн», што займалася маніторынгам месцаў зьняволеньня. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненьні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Усяго на Андрэя Бандарэнку накладзена больш за дзясятак спагнаньняў у розных месцах пазбаўленьня волі, дзе ён адбываў тэрмін. На падставе гэтых спагнаньняў былы кіраўнік праваабарончай «Плятформы Інавэйшн» прызнаны злосным парушальнікам рэжыму.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG