Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найлепшая беларуская гарэлка


Першае месца ў сьвеце па ўжываньні чыстага сьпірту на душу насельніцтва заняла наша краіна. Але ж былі часы, калі ў вёсках рабілі свае гарэлкі, значна мацнейшыя за сёньняшнія крамныя. І п’янства такога страшэннага не было. Больш за тое. У часы корчмаў і жытніх гарэлак п’яніца лічыўся ў вёсцы ганебным выключэньнем. Сёньня выключэньнем на вёсцы лічыцца непітушчы чалавек. П’янства стала нормай. У мясцовых, найбольш якасных, гарэлак былі нават свае назвы. Як знакамітая «старадароская» ці «бакштанка» зь вёскі Ба́кшты. Куды я і прыехаў паспытаць гэты знакаміты напой. Пра «бакштанку» людзі ў саміх Бакштах гавораць вельмі асьцярожна. Асабліва зь незнаёмымі. Як вось гэтая сівая спадарыня. Думаю, прычыны такой асьцярожнасьці тлумачыць ня трэба.

— «Бакштанка» жыве яшчэ?

— Ужо рэдкасьць. Можа, хто дзе і зробіць, але прадасьць толькі па знаёмстве. Некалі, я помню, усе гналі. Калі, напрыклад, у каго не было апарата, дык сусед аддаваў суседу. Ну, выганяць, хай найболей, дзесяць літраў. Гэта што? Гэта для сябе толькі.

— Але яшчэ ёсьць майстры?

— Майстроў хапае. Толькі страшна.

Пра «бакштанку» я ўпершыню пачуў ад свайго фамільята, карчмара Алеся Бартосіка. Які непадалёк ад Бакштаў пабудаваў аграсядзібу, а па сутнасьці — заезны двор. Зразумела, сваіх гасьцей Алесь не частуе крамнай гарэлкай.


— Бакшты — гэта заўсёды быў край гарэлкаварэньня. Пры Саветах усе бралі на вясельлі, у Менск трэба ехаць, кабана калоць — гарэлку купіць. Усё было ў Бакштах. Там проста заводы стаялі ў лесе. Потым пачалі змагацца з алькаголем. Прасоўваць дзяржаўнае. Людзі не хацелі піць дзяржаўнае. Хацелі якасную гарэлку піць. І барацьба з самагонаварэньнем мае два бакі. Першы — каб зьнішчыць канкурэнцыю. Ніхто, акрамя дзяржавы, не павінен гнаць. А другое — каб не было параўнаньня алькаголю якаснага і дзяржаўнага. «Бакштанка» заўсёды лічылася найлепшай гарэлкай адсюль да Валожына.

80-гадовая Вольга Рыжэвіч, спакойная худзенькая старая, падзялілася са мной колішнімі сакрэтамі.


— Калісьці была «Бакштанка», а цяпер — «сахарніца». «Бакштанка» славілася кругом.

— А што пасьля зь ёй стала?

— Гналі і гоняць. Я і сама, як муж памёршы быў, усяго хапіла. Хацелася ж жыць, трое дзетак.

— І вы гналі?

— Таксама.

— З жыта?

— Яна гоніцца ўсялякая. Як хто робіць. Яе трэба два разы пераганяць. Тады будзе добрая. А калі адзін раз, дык і нічога.

— А аснова якая?

— Рошча. Жыта праросьцяць.

— Прарошчанае жыта?

— Тады яна добрая атрымлівалася.

Пра яшчэ адну асаблівасьць Бакштаў, не заўважную зь першага позірку, мне паведаміла старая.

— У нас яшчэ многа чалавек у маім веку. 80 мінуўшы.

— А ці не таму бакштанцам Бог даў такі доўгі век... Можа, сакрэт у гэтай «бакштанцы»?

— Ня ведаю. Але многа ў нас даўгавечных. Больш за дваццаць чалавек.

— Гарэлка дапамагала выжываць?

— Яно дабром не сканчалася. Гэта грэшна — прадаваць яе.

— А вы не прадавалі?

— У мяне болей прападала бяз грошай. Усе адпачываюць, а п’яніцам і адпачынку няма. І ночы няма. Яны ж мучаюцца.

«П’яніцам адпачынку няма». Дзеля такіх сэнтэнцыяў варта ехаць у Бакшты. Але падзялілася старая Вольга яшчэ адным цікавым эпізодам. Тое, што за адно неасьцярожнае слова можна было заплаціць жыцьцём за Саветамі, добра вядома. Але часам і Польшча была ня менш бязьлітасная.

— Некалі мой тата за палякамі служыў на Ўкраіне. І неяк другу сказаў, што ўжо палякам канец, што скора ўжо наступяць рускія. А гэты прадаў тату. За гэтае слова з таты абмундзіраваньне зьнялі. Каб расстраляць і грудамі прыкінуць.Тады тата сеў на пянёк, яблык зьесьці. І гэты яблык адрыгнуўся яму. А прыкмета — калі адрыгнецца, дык яшчэ не загінеш. І тады сталі яго зваць на расстрэл. А там крапіва была вялікая, і тата ў гэту крапіву. І папоўз.І тату ўдалася выратавацца. І вось, як бы яму не адрыгнулася, тата казаў, дык ён не ўцякаў бы.

Ірына, прыгожая менская спадарыня, нарадзілася і вырасла ў Бакштах. Куды і прыяжджае кожныя выходныя ў бацькоўскі дом. І яе дзед, і яе бацька былі кавалямі. І гарэлку рабілі, па словах Ірыны, выдатную. Ірына ласкава запрасіла вашага пакорнага слугу на дэгустацыю.


— Калі шчыра, мы жылі за гэту самагонку. У мяне тата каваль быў. Зарплата была недзе ў 70-м 45 рублёў. Як жыць? У мяне стыпэндыя была 40. І жылі з самагонкі.

— А кліентура? Навакольныя вёскі?

— Кліентура зь Менску была. У мяне сусед пабудаваў кватэру на самагонку. Сур’ёзны бізнэс, але вельмі цяжкі. Паспрабуй.

Ірына даглядае бацькаву і дзедаву кузьню, дзе стаіць астылае кавадла. Яе дзеці ў радавое гняздо езьдзіць ня хочуць. Вядома, аўтара падараванай гарэлкі Ірына мне ня выдала. Але напой быў што трэба. Той самы, мяккі, з пахам зерня, які ня цягне закусваць.

— Я вам дару.

— Вы мне дорыце «бакштанку»?

— Так. Дару.

— Смачная. Я адчуваю. Калі ўдыхаеш гэтую гарэлку і цябе не перасмыкае, гэта значыць — вельмі добры алькаголь.

— Якасны. Мы ўчора ўспаміналі з братам, як нам гадоў па дваццаць было, па бутэльцы на чалавека — і нічога. Слаба памятаю, што потым адбывалася, але нічога.

— І раніцай няма ніякіх наступстваў?

— Не. Якасьць — як у віскі.

Стары Мікалай Ражкевіч, якому хутка 90, жыве разам з 45-гадовым сынам Анатолем. Пра славу сваёй вёскі Анатоль дазнаўся ажно ў далёкім Крыме.

— Я сам у Крыме быў. Пытаюць: вы адкуль? Кажу — зь Беларусі. «А адкуль дакладней?» Як назваў Бакшты — о, Бакшты мы ведаем. «А адкуль ведаеце?» — «А ў нас група турыстаў адпачывала. Ну, і самагонкі мы пакаштавалі. А ў вас ці ёсьць?» Пакаштавалі — «Гэта праўда з Бакштаў».

— Чаму?

— Таму што быў двайны перагон гарэлкі. Бралі чыстую гарэлку, залівалі ў кацёл і пераганялі яшчэ раз. Пяршак ішоў 80–82 градусы. І пасьля разводзілі. Хто разводзіў на 50, хто на 45. Але ніжэй не было. Яна п’ецца проста цудоўна. Яна нічым не аддае. Яна паху ня мае. Можаш нават не разьлічыць, калі яна з жыта сьвежага зроблена, бо яна мякка п’ецца. Цяпло ідзе, весялосьць. І можаш не разьлічыць, адну-другую — і зьлегчы.

— Ці было гэта бізнэсам?

— Пры Польшчы не было. Да 39-га году, калі выганяць, дык толькі сабе. Палякі давалі штрафы, нават да турэмнага заключэньня.

У размову ўступае стары Мікалай.

— Месяц, два, тры. Гледзячы колькі знойдуць. За адну бутэльку, мусіць, месяц сядзеў бацька. Маці купіла, бо параілі націраць ад хваробы. І нехта падказаў, прыйшлі польскія паліцыянты, дык бацьку пасадзілі на месяц. За тое, што захоўваў.

— З 60-га году пачалі гнаць многа. У вялікіх аб’ёмах. Але яна добрая была. Зь зерня. А ў 70-х пачаўся цукар. Як даведаліся пра цукар, дык пачалі большыя аб’ёмы атрымліваць.Зь меху 50 кіляграм атрымліваецца 100 літраў як мінімум гарэлкі. І людзі сталі ўзбагачацца і прадаваць гэтую самагонку ў розныя куты.

— І дайшла слава аж да Крыму. І ня толькі да Крыму. І Далёкі Ўсход знае.


На асобе пана Анатоля варта затрымацца. Ён ня п’е ужо роўна дваццаць гадоў. І ня сьпіць 20 гадоў з-за дзікага болю. І 20 гадоў не ўстае з ложка. Мой суразмоўца Анатоль Ражкевіч — мне аднагодак. Слухаючы ягоны голас, вы ніколі не здагадаецеся, што гутарка вядзецца зь вельмі хворым чалавекам. Анатоль, сівы грузны мужчына з прыязным позіркам, ляжыць на высокім ложку, спрытна пераключаючы зубамі тэлевізійны пульт. На далонях у Анатоля няма пальцаў. У далёкім 94-м годзе, яшчэ студэнтам фізкультурнага факультэту, будучы гандбаліст няўдала даў нырца ў родную раку і зламаў сабе шыю.

— Радыё, тэлевізар, усё разам. У мяне ж стаж, я дваццаць гадоў ляжу. Адразу хацелася на той сьвет адправіцца. Але з ложка не ўцячэш. І паступова я то тэлевізар, то гэта. Але чымсьці трэба цікавіцца. Але спачатку я ня ведаў, што рабіць. Усё было. І пролежні, і гніль чалавечая. Гніеш, і ўсё. І ня ведаеш, ці сёньня памрэш, ці заўтра. І ўрачы дапамагалі, і маці дапамагала, і бацька, і сваякі блізкія. Калі б не свае, дык даўно быў бы канец. Так і жыву. Спачатку хацелася галавой уніз. Але шкада родных. Яны мучыліся гадамі, глядзелі за мной. А я вазьму так проста галавой уніз палячу? Добра, калі памру. А калі яшчэ мучыцца? Тут і так моцны боль стаіць. Боль дзень і ноч.

Згодна са старой прыкметай, на сабе лепш не паказваць. Але тут ня тое што паказаць, нават адчуць хоць малую долю таго жыцьця, якім жыве Анатоль, ня ўдасца. Але задумаесься міжволі. Азірнуўшыся на свае мінулыя дваццаць гадоў і на тыя праблемы, якія здаваліся вельмі цяжкімі.

— Скажыце, гэты боль пастаянны?

— Пастаянны.

— І цяпер?

— І цяпер.

— Вы лежыце і спакойна са мной размаўляеце.

— І моцны боль.

— У сьпіне?

— Як зуб баліць. Толькі ў сто разоў мацней. Шыя пераломана. Галава нармальная, а ніжэй за шыю, да пят, да канечнасьцяў рук — боль невыносны. Дажыўся, што хвароба чалавека ператварыла невядома ў каго. Але розум застаўся нармальны.

— Я размаўляю з абсалютна цьвярозым і разумным чалавекам.

— Так. Гарэлкі я ня п’ю. Я вып’ю, а пасьля пячэ ўсё.

Анатоль не прымае наркатычныя прэпараты. Бо, кажа, пасьля іх становіцца яшчэ горш. Ня так даўно памерла маці. Цяпер яго даглядаюць стары бацька і брат. Калі ў чалавека ёсьць сапраўдная радня, якасьць мэдыцыны — пытаньне не галоўнае.

— Што б вы параілі людзям, якія трапілі ў такую бяду?

— У нас у Бакштах ёсьць бацюшка. Я з гэтым айцом Віталіем сустракаюся, спавядаюся часам. І ён заўжды на любое пытаньне можа даць адказ. Нават у такім стане, як я. Здаецца, выйсьця няма. Часам боль такі, што здаецца — пара хутчэй на той сьвет. Я ня сплю дзень і ноч. Ручнік на вочы накідваю, і ўсё. Ад болю. А як сьпіць нармальны чалавек, у мяне такога сну няма. Проста ляжу. У любы момант магу расплюшчыць вочы і гаварыць. Начамі гляджу тэлевізар.


Я нярэдка чую добрыя словы вяскоўцаў на адрас сваіх сьвятароў. Прынамсі, значна больш, чым у бок мясцовых чыноўнікаў. Але ў Бакштах асаблівы выпадак. Кожны, з кім я меў гутарку, ня проста хваліў свайго бацюшку, а казаў пра яго як пра чалавека, на якім Бакшты трымаюцца. Тым цікавей было зайсьці да айца Віталія, нестарога адкрытага чалавека, які без аніякага патасу адказаў на некалькі пытаньняў.


— Як можна дапамагчы чалавеку словамі? Я не разумею.

— Нашы словы — нішто. Мы многа парой гаворым. Але чалавека можна падтрымаць у такой сытуацыі толькі словам Божым. Калі гэтым словам чалавек жыве, тады разумееш значэньне словаў эвангельскіх, што ня хлебам адзіным жыве чалавек. Але словам, што паходзіць з вуснаў Божых. Сіла Божая зьдзяйсьняецца ў немачы чалавечай. Калі мы моцныя, мы спадзяемся на свае сілы, на здароўе. А калі чалавек у такой сытуацыі, калі нават вады ня можа сабе падаць, у такой немачы — вось тут і праяўляецца сіла Божая. Здавалася б, як у такой сытуацыі чалавеку хацець жыць? Але над гэтым чалавекам праявілася Божая сіла. Калі ёсьць сэнс жыцьця, тады невыноснасьць існаваньня перамагаецца. Таму пытаньне — хто мацнейшы? Той моцны, фізычна здаровы чалавек — ці ён вось у такім стане? І ў гэтага чалавека можна шмат чаму павучыцца. Калі людзі нечым незадаволеныя, трэба проста наведаць Анатоля. Паглядзець. Пабыць хвіліну каля яго. І тады жыцьцё і ўсё добра. Чалавек калі дыхае паветрам, ён не заўважае, што паветра ёсьць. А адымі гэтае паветра?


Як гэта часта бывае, трагічнае і камічнае, сур’ёзнае і сьмешнае часта суседнічаюць. Побач з домам айца Віталія суседка ўпрыгожыла свой панадворак велізарнымі лялькамі ў рост чалавека. Закаханая пара пудзілаў сядзіць на лаве. А непадалёк ад дома Анатоля Ражкевіча я заўважыў двухгаловага расейскага арла, акуратна прыбітага да прыбіральні. Выйшаў і гаспадар вялікадзяржаўнага сарціра.


— Арла сфатаграфуйце.

— Гэта ваш арол? Вы ж зрабілі ідэалягічную дывэрсію. А вы любіце Расею?

— Вядома, люблю. Каго ж яшчэ любіць, як не Расею? Езьдзіў на экскурсію ў Валгаград. Едзем па чыгунцы, а навокал — сьметнік. І бур’ян расьце. Бур’ян, бур’ян і бур’ян.

Вось і паспрабуй з гэтага дыялёгу высьветліць сапраўднае стаўленьне беларускага чалавека да той Расеі.

Тым прадуктам, дзеля якога я прыехаў у Бакшты, я разжыўся ў некалькіх дамах. Лішне казаць, што са мною падзяліліся бясплатна. І што прасілі не афішаваць, дзе разжыўся. Хоць, па вялікім рахунку, гэтых гарэлачнікаў трэба не караць, а рэцэпты іхныя патэнтаваць. Бо «Бакштанка» ані ня горшая за італійскую грапу, за балканскую сьлівовіцу ці грузінскую чачу. Бо гэтым рэцэптам не адно стагодзьдзе. Слова майму экспэрту ў баштанскім сьвеце, карчмару Алесю Бартосіку.

— Нельга зьнішчыць тое, што прыдумаў народ. Народ ведае, што яму лепей. Выраб жытняй гарэлкі — вельмі складаны мэтад. Ня кожны можа зрабіць. Бо гэта песьня. Трэба, каб прабіліся гэтыя парасткі ў жыце. Пасьля сушыць, малоць. Гэта ўсё вельмі складана. І якасьць дзяржаўнай гарэлкі прайграе хатняй. Таму што яна не дае такога нэгатыву на галаву. Калі мы па маладосьці бралі ў Бакштах гарэлку, галава была ясная і чалавек быў вясёлы. Тое, што прадаецца ў крамах, — па-першае, якасьць невядома якая. Напісаць можна што хочаш на бутэльцы. І «За победу», і «За Сталіна», і «За Гітлера». Але ж пасьля гэтай гарэлкі дзяржаўнай становіцца нешта ў галаве ня тое.

— Беларусь заняла першае месца ў сьвеце па колькасьці ўжываньня алькаголю. Але калі людзі рабілі сваю гарэлку, такога павальнага п’янства...

— Не было. Бо чалавек генэтычна цягнецца да таннага. А танная гарэлка, як і таннае жыцьцё, вельмі страшная. Таму людзі п’юць, што таннае, што закружыць галаву і адвядзе ад рэчаіснасьці.

У тым, што рэцэпт «Бакштанкі» не забудзецца, можна не сумнявацца. А тым больш ня зьнікне з памяці такая смачная назва. А вось ці настане такі час, калі сапраўдная беларуская жытняя гарэлка зойме сваё пачэснае месца на паліцы побач зь віскі, ромам і ракіяй?

Бакшты
Бакшты

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG