Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: адміністрацыя заводу звальняе сябраў Свабоднага прафсаюзу й прайграе суды


Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў

За апошні месяц паведамленьні пра тое, што кантракты працягнутыя ня будуць, атрымалі Аксана Кернажыцкая, Анатоль Патаповіч і Сяргей Пічугоў. Усе яны адпрацавалі на заводзе па шмат гадоў і без заўважных парушэньняў.

Інвалід 3-й групы Анатоль Патаповіч працаваў больш за 10 гадоў апэратарам кацельнай і атрымаў паперу пра хуткае звальненьне з афіцыйнай прычынай «аптымізацыя вытворчасьці». А неафіцыйна яму кажуць: «Сам вінаваты, бо сябра СПБ».

«Прэзыдэнт заяўляў, што нельга звальняць сацыяльна не абароненых, — кажа Патаповіч. — Дык ён кажа адно, а робяць іншае».

Пад сацыяльную абарону павінна падпадаць і маці-адзіночка Аксана Кернажыцкая, у якой двое дзяцей, малодшаму 12. Але і ёй роўна за месяц да сканчэньня тэрміну кантракту афіцыйна паведамілі, што супрацоўніцтва сканчаецца. Без тлумачэньня прычын.

«Яшчэ два гады таму начальнік цэху і галоўны ідэоляг прадпрыемства ў сувязі з маёй актыўнасьцю як сябры прафсаюзу, намесьніцы старшыні пярвічнай суполкі, намякалі мне: «Ты ж разумная жанчына... А як не — на тваё месца возьмем пяцёх».

Аксана Кернажыцкая найбольш перажывае за Сяргея Пічугова.

У іх двое дзяцей, яго жонка таксама тут працуе, зацяжарала трэці раз — і яго звольнілі за адзін дзень!

«За Сярожу Пічугова да болю крыўдна. У іх двое дзяцей, яго жонка таксама тут працуе, зацяжарала трэці раз — і яго звольнілі за адзін дзень! Два гады таму яго ўжо звальнялі, калі жонка пайшла ў дэкрэт, потым анулявалі — і вось зноў тое самае».

СПБ шматкроць заяўляў, што супраць ягоных сяброў вядуць фактычна вайну, не зважаючы ні на іхнія сапраўдныя працоўныя здольнасьці, ні на патрэбы вытворчасьці.

У мінулым траўні па заводзе разьвесілі плякаты, на якіх сябры Свабоднага прафсаюзу былі намаляваныя ў форме эсэсаўцаў, а старшыню суполкі Міхала Кавалькова ў подпісе абазвалі «вучнем гера Гебэльса». Кавалькоў падаў у суд за абразу. Напярэдадні Бабруйскі суд пастанавіў спагнаць з адміністрацыі заводу кампэнсацыі за маральную шкоду ў памеры 500 тысяч рублёў. За публікацыю фашыстоўскае сымболікі пакуль вырашылі не судзіць.

За мінулы год з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў было звольнена каля трыццаці сяброў Свабоднага прафсаюзу. У заяве XI зьезду СПБ гаворыцца, што прафсаюз разам зь міжнароднымі арганізацыямі будзе абараняць сваіх сяброў і дамагацца іх аднаўленьня на працы «ўсімі магчымымі спосабамі» аж да «радыкальных формаў пратэсту».

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG