Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадчына Скірмунтаў: што не разбурылі саветы, разбурае непагадзь і бяспамяцтва


Раман Скірмунт
Раман Скірмунт

У крытычным стане знаходзіцца славутая моладаўская капліца Скірмунтаў, якая лічыцца помнікам архітэктуры і трапіла ў энцыкляпэдыі. Помнік быў разрабаваны ў савецкі час, але моцныя сьцены засталіся. Аднавіць капліцу пасьля распаду СССР не ўдалося, і цяпер непагадзь пачала актыўна разбураць сьцены. Разбураюцца і занядбаныя могілкі роду Скірмунтаў, які шмат зрабіў для разьвіцьця Палесься і ўсёй Беларусі да 1939 году. Рэпартаж Свабоды.

Разрабаваная капліца ў Моладаве, што ў Іванаўскім раёне на Берасьцейшчыне, разбураныя радавыя могілкі побач, парк у суседняй вёсцы Парэчча ў Пінскім раёне, дзе сярод рэдкіх дрэваў знаходзіцца былая суконная фабрыка. Бадай, гэта ўся матэрыяльная спадчына, якая засталася ад маёнткаў роду Скірмунтаў, які некалькі стагоддзяў гаспадарыў у гэтых мясьцінах.

Пажылыя жыхары Моладава і Парэчча да гэтага часу прыгадваюць апошніх прадстаўнікоў славутага роду. Некаторыя яшчэ памятаюць іхныя прыгожыя сядзібы, палацы, ад якіх засталіся толькі падмуркі.

Капліца ў Моладаве
Капліца ў Моладаве

Некалькі гадоў таму вакол парку ў Моладаве, у якім знаходзяцца могілкі Скірмунтаў, была пастаўленая агароджа. Але добраўпарадкаваньнем склепаў і магілаў, на якія паваліліся старыя помнікі, ніхто не займаецца.

«Камуністы заплоцяць за гэта, і іхныя парэшткі павыцягваюць з трунаў»

Васіль Пятровіч, жыхар вёскі Моладава, кажа, што ў сваім дзяцінстве нават і ня ведаў, што пустка каля капліцы была на самой справе могілкамі:

Васіль Пятровіч, жыхар Моладава
Васіль Пятровіч, жыхар Моладава

«Калі я быў яшчэ школьнікам, то тут быў навокал проста бур’ян. Побач з капліцай кіраўніцтва калгасу зрабіла майстэрню рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі. Таму тут да гэтага часу шмат розных жалезных запчастак. І толькі аднойчы, калі мы праходзілі каля гэтага месца, раптам заўважылі на кустах разьвешаныя ручнікі. Калі мы падышлі сюды, то пабачылі, што нехта раскапаў адну з магілаў. Павыцягвалі гэтыя вышываныя ручнікі і разьвесілі іх. І ўжо пасьля гэтага мы, дзеці, лазілі па гэтых магілах. Навошта і зь якой мэтай іх нехта раскопваў — я ня ведаю: магчыма, шукалі нейкія каштоўнасьці.

Разбураныя могілкі Скірмунтаў у Моладаве
Разбураныя могілкі Скірмунтаў у Моладаве

Усьведамленьне таго, што гэта могілкі і тут пахаваныя людзі, прыйшло тады, калі на нас моцна накрычаў нейкі дзед. Аднойчы, калі мы швэндаліся тут, да нас падышоў пажылы чалавек з роварам у руках. Верагодна, ён жыў у суседняй вёсцы і знарок сюды прыехаў. Але памятаю, як ён пачаў сварыцца на нас, а пасьля сказаў, што камуністы заплоцяць за гэта. Што і іхныя парэшткі павыцягваюць з трунаў і выкінуць вось так ляжаць на зямлі».

Могілкі ў Моладава з новай агароджай
Могілкі ў Моладава з новай агароджай

Смалянчук: «Гэта праблема гістарычнай памяці беларусаў»

Могілкі, дзе пахаваныя Скірмунты, і цяпер разбураныя. Каталіцкая капліца зачыненая і разбураецца ад дажджу і ветру. Адзінае — на дзьвярах касьцёла зьявілася таблічка, якая сьведчыць, што будынак зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Наагул так склалася, што нашчадкаў у Скірмунтаў не засталося. Ніхто з парэцкіх і моладаўскіх Скірмунтаў дзяцей ня меў. А палітычныя забойствы 1939-1940-х гадоў прыпынілі гэты род. Мясцовыя жыхары кажуць, што некалі магілы даглядала адна з жыхарак Моладава, якой ужо даўно няма. Дзяржава не жадае браць на сябе дадатковы клопат.

Разбураныя могілкі Скірмунтаў у Моладаве
Разбураныя могілкі Скірмунтаў у Моладаве

На гэтых могілках некалькі гадоў таму наводзілі парадак гісторыкі- дасьледчыкі, сярод якіх і гісторык Аляксандр Смалянчук:

«Недзе ў 2004-2005 гадах мы былі тут, засыпалі ямы, высякалі кусты, паставілі на месца некаторыя помнікі. Рабілі ўсё гэта сваімі сіламі, дапамог толькі старшыня сельсавету, які даў тэхніку. Але калі праз год прыехалі, то пабачылі, што ізноў усё зруйнавана, выкапаныя ямы. Я тады зразумеў, што мы зрабілі памылку, бо не прыцягнулі да ўпарадкаваньня могілак мясцовых жыхароў.

Аляксандр Смалянчук
Аляксандр Смалянчук

Яны, верагодна, паглядзелі, што нейкія чужынцы з гораду прыехалі, рабілі нешта. Але ж гэта іхная зямля. Наагул, гэта праблема гістарычнай памяці беларусаў. У нас цяпер апошняя вайна, перамога ў ёй нешта яшчэ значаць, прынамсі для ўлады, якая выкарыстоўвае гэтую тэму. А вось усё іншае, у тым ліку ўшанаваньне памяці тых людзей, якія жылі тут, адчувалі сябе беларусамі, рабілі для свайго краю (а Скірмунты былі такія) — гэта ня важна і не патрэбна».

Разьбіты помнік на магіле Алясандра Скірмунта, бацькі Рамана
Разьбіты помнік на магіле Алясандра Скірмунта, бацькі Рамана
Аляксандар Скірмунт
Аляксандар Скірмунт

На адным з разьбітых помнікаў на могілках надпіс: Аляксандар Скірмунт. Менавіта тут пахаваны бацька Рамана Скірмунта. Раман быў прэм’ерам ураду БНР і сакратаром міжнародных адносінаў. Усё гэта вылучае род Скірмунтаў, які ня толькі ствараў вытворчасьць у маёнтку, але вядомы сваёй сьвядомасьцю. Праўда, месца гэтым асобам у гісторыі нашай краіны да гэтага часу няма, кажа Аляксандр Смалянчук: «Чаму могілкі разрабаваныя і ў жахлівым стане? Усё гэта наступствы яшчэ савецкага часу. Калі я размаўляў зь мясцовымі жыхарамі, то зразумеў, што могілкі былі зьнішчаныя верагодна ўвесну 1940 году, калі ў вёску прыйшлі саветы. Людзі расказвалі, што могілкі зьнішчылі і разрабавалі нейкія арыштанты, якія будавалі нейкія вайсковыя аб’екты. Але насамрэч удзел у руйнаваньні прымалі ў тым ліку і мясцовыя жыхары, бо Скірмунты былі багатыя, таму ў магілах шукалі золата. Акрамя таго, могілкі былі зьнішчаныя і знаходзіліся ў зруйнаваным стане ўвесь савецкі час яшчэ і таму, што ў савецкай інтэрпрэтацыі ў гісторыі Беларусі Скірмунт не зьяўляўся знакавай асобай».

Будынак былой суконнай фабрыкі Скірмунтаў у Парэччы
Будынак былой суконнай фабрыкі Скірмунтаў у Парэччы

Розныя Скірмунты

У ХІХ і пачатку ХХ стагодьдзя Скірмунты былі буйнымі бізнэсоўцамі, піянэрамі капіталізму. У Парэччы існавала вядомая ў Эўропе суконная фабрыка, у Моладаве быў створаны першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі цукровы завод, на якім ужывалася найноўшая тэхналёгія, распрацаваная Аляксандрам Скірмунтам. Дзейнічалі цагельня, сыраварня, вінакурня, лясная прамысловасьць. Праўда, пры гэтым моладаўскія і парэцкія Скірмунты былі рознымі ў дачыненьнях зь мясцовым несельніцтвам, кажа Алесь Смалянчук:

«Скірмунты для мясцовых жыхароў у Парэччы, Моладаве былі ня проста прозьвішчам. Так, напрыклад, падчас сваіх экспэдыцыяў практычна не пачуў кепскіх словаў пра Рамана Скірмунта. Але досыць кепска адзываліся пра гаспадара моладаўскага маёнтку. Там быў моцны сацыяльны канфлікт. Бо, у адрозьненьне ад Рамана Скірмунта, які жыў амаль так сама, як і сяляне, размаўляў на той жа мове, што і яны, моладаўскія Скірмунты былі іншыя.

Раман Скірмунт
Раман Скірмунт

Ёсьць гісторыя, што калі на Каляды прыйшлі дзеці і пачалі перад Генрыкам сьпяваць на мясцовай паляшуцкай мове, дык ён на іх сабаку спусьціў. За сталом размаўлялі яны па-ангельску. Пры гэтым праваслаўных дзяцей вадзілі ў каталіцкую капліцу. А вось зусім іначай ставіліся да Аляксандра Скірмунта, бацькі Рамана. Ёсьць сьведчаньні, што яго вельмі паважалі, нават ягоную труну на руках несьлі з Парэчча ажно 8 кілямэтраў. Ён быў справядлівым судзьдзём, разьбіраўся і вырашаў усе канфлікты ў вёсцы. Шмат ён зрабіў і для паляпшэньня сытуацыі сялянаў. Ды і шмат чаго іншага. Гэты чалавек заслугоўвае павагі ня меней, чым Раман Скірмунт».​

Шыльда каля парку ў Парэччы Раману Скірмунту
Шыльда каля парку ў Парэччы Раману Скірмунту

Схаваная магіла старшыні ўраду БНР

Раман Скірмунт быў сапраўдным патрыётам Літвы. У 1906 годзе ён прапаноўваў стварыць Краёвую партыю, якая б мела літоўскае, беларускае і польскае аддзяленьні. Быў чальцом Дзяржаўнай Думы, потым Дзяржаўнай Рады. Падчас Першай сусьветнай вайны ён далучыўся да беларускага руху. Сьвядома называў сябе беларусам. У 1918-м стаў прэм’ер-міністрам Беларускай Народнай Рэспублікі, у 1930-я быў польскім сэнатарам.

Магіла Рамана Скірмунта ў парку ў Парэччы
Магіла Рамана Скірмунта ў парку ў Парэччы

Рамана Скірмунта ў 1939-м забілі камуністы, якія прыйшлі з Усходу. Парэшткі ягоныя перапахаваныя. У парку ў Парэччы знаходзіцца яго магіла, распавядае Аляксандр Смалянчук:

Магіла Рамана Скірмунта
Магіла Рамана Скірмунта

«Дзе пахаваны Раман Скірмунт, дакладна невядома. Але знайсьці яго магілу можна, мясцовыя людзі распавядаюць, дзе ён пахаваны, і памятаюць пра гэта. Я чуў гісторыю, што ў парку, дзе яго пахавалі, ёсьць адзнакі — гэта адмысловая кладка. Я думаў пра гэта. Але ўзьнікае пытаньне: добра, будзе знойдзена магіла, але што далей? Мне здаецца, што пакуль лепей не чапаць, а пачакаць, пакуль зьменяцца часы і можна будзе паставіць помнік, які ня зьнішчаць вандалы».

Крыж на магіле забітага камуністамі Генрыка Скірмунта
Крыж на магіле забітага камуністамі Генрыка Скірмунта

У лесе, дзе былі расстраляныя камуністамі родныя Рамана Скірмунта, стаяць невялікія мэталічныя крыжы, якія знайсьці самастойна, без дапамогі мясцовых людзей ці дасьледчыкаў, немагчыма. Крыжы былі пастаўленыя з ініцыятывы польскіх фундацыяў і беларускіх краязнаўцаў на пачатку 1990-х гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG