Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек памежжа. Прэзэнтацыя кнігі пра Эльжбету Смулкову ў Горадні


Валер Каліноўскі ў гарадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця, дзе адбылася прэзэнтацыя кнігі пра Эльжбету Смулкову.
Валер Каліноўскі ў гарадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця, дзе адбылася прэзэнтацыя кнігі пра Эльжбету Смулкову.

Рэдактар сайту Свабоды Валер Каліноўскі прадставіў у Горадні сваю апошнюю кнігу «Пані Эльжбета. Гісторыя адной прыязьні». У ёй расказваецца жыцьцёвая гісторыя Эльжбеты Смулковай, вядомага беларусіста, амбасадаркі Польшчы ў Беларусі ў 1991-95 гадах.

Валер Каліноўскі прызнаўся, што вельмі хацеў прывезьці сваю кнігу ў Горадню, і мае намер таксама пазнаёміць зь ёю чытачоў у Беластоку. Дагэтуль яна была прадстаўленая ў Менску і ў Варшаве.

«Мне прыемна, што ад імя беларускага народу я змог падзякаваць гэтай кнігай пані Эльжбеце за яе даробак у беларуска-польскія дачыненьні пасьля таго, як Беларусь стала незалежнай. Апроч таго, яна шэсьцьдзесят гадоў аддала польскай беларусістыцы», падкрэсьліў ён.

Удзельнікі сустрэчы з Валерам Каліноўскім, справа Тадэвуш Гавін.
Удзельнікі сустрэчы з Валерам Каліноўскім, справа Тадэвуш Гавін.

Аўтар кнігі зазначыў, што некалі рыхтаваліся дакумэнты, каб зрабіць Эльжбету Смулкову замежным сябрам Нацыянальнай акадэміі навук. Аднак рашэньне зьмянілі, не ўшанавалі яе годным чынам. Хаця беларускага дасьледчыка польскіх гаворак на тэрыторыі Беларусі і СССР Вячаслава Вярэніча Польшча ўшанавала на найлепшым узроўні, кажа Каліноўскі. Ён выказаў спадзяваньне, што гэтым выданьнем справа была крыху выпраўленая, і Эльжбета Смулкова магла мець пэўную сатысфакцыю, трымаючы кнігу ў сваіх руках.

На сустрэчы прысутнічаў заснавальнік Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін. Ён сказаў:

«Самае важнае, што калі яна была амбасадарам у Менску, было вырашае палітычна пытаньне разьвіцьця польскамоўнай адукацыі ў Беларусі. Трэба зазначыць, што ёсьць яе асабісты ўклад у вырашэньне гэтай праблемы. Бо яна размаўляла аб гэтым зь беларускімі ўладамі», — зазначыў Гавін.

Гісторык і археоляг Генадзь Семянчук ведае асабіста Эльжбету Смулкову. На ягоную думку, яна да сёньняшняга дня мае моцны аўтарытэт лябіста беларускіх навукоўцаў.

Гісторык Генадзь Семянчук.
Гісторык Генадзь Семянчук.

Ён узгадаў, што некалі быў на раскопках у Дрысьвятах. Аднойчы прыехала Эльжбета Смулкова зь беларускімі калегамі.

«На гадзіну прыехалі, засталіся на пяць дзён. Яна сапраўды была вартая кнігі, і нават у пяцьсот старонак. Гэтай кнігі пра Эльжбету Смулкову яму хопіць на адзін вечар, а што заўтра рабіць?» — з усьмешкай закончыў гісторык. Прынамсі ён параіў зрабіць яшчэ аўдыёкнігу, балазе ў аўтара шмат запісаў. Сам Валер Каліноўскі прызнаўся, што іх каля шасьцідзесяці гадзінаў.

Прысутных цікавіла сям’я Эльжбеты Смулковай, яе дом.

Здымак Эльжбеты Смулковай, выкарыстаны ў кнізе.
Здымак Эльжбеты Смулковай, выкарыстаны ў кнізе.

Цяпер пані Эльжбета жыве з дачкой, унукам і зяцем у доме на ўскрайку Варшавы. У беларускіх справах яна яшчэ заангажаваная, але ўсё меней, узрост, распавядае Валер Каліноўскі:

«Гэта дом, дзе ёсьць жывёлы, многа катоў і сабак. Ім падкідваюць за плот і яны ўсіх бяруць, гадуюць. Вельмі прыязны дом. І перш за ўсё яе дачка аб гэтым клапоціцца». Чым запомніўся яшчэ дом Смулковых? Старасьвецкімі традыцыямі. Грунтоўным падыходам да жыцьця. Гэта старая польская інтэлігенцыя. Цікавы атрымаўся досьвед размоваў, кантактаў зь ёю, кажа аўтар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG