Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля першага прыёму выбарнікаў настрой у Алены Анісім бадзёры


Алена Анісім, архіўнае фота
Алена Анісім, архіўнае фота

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня, намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім правяла ў Стоўпцах першы прыём грамадзян. Вось што яна сказала Свабодзе:

«На прыём прыйшлі восем чалавек. Быў адзін пісьмовы запыт, і яшчэ я размаўляла з прадстаўніком раённага таварыства інвалідаў па зроку. Зь ім я буду сустракацца яшчэ неаднойчы, бо, мне падаецца, ёсьць магчымасьць некаторыя рэчы практычна вырашыць. Дарэчы, гэта далёка не раённая праблема. Яна значна шырэйшая. Вось толькі адзін аспэкт — уладкаваньне на працу інвалідаў па зроку. Тут магло б дапамагчы сацыяльнае прадпрымальніцтва. Але юрыдычныя мэханізмы такога супрацоўніцтва заканадаўча не распрацаваныя. Няма палажэньня, якое б давала нейкія палёгкі прадпрымальнікам, якія дапамагаюць інвалідам па зроку. Бачыце, праблема праглядаецца — ад шараговых фактаў да прыняцьця новых законаў.

Акрамя таго, ёсьць чыста побытавыя праблемы. У адным выпадку яны зьвязаныя з платай за карыстаньне вадой. У другім канкрэтным выпадку адзінокі пажылы чалавек, якому ўжо за 80, адпісаў кватэру блізкаму. А той не сьпяшаецца даглядаць старога. Канфлікт нарастае. Ёсьць задаўненыя пытаньні, якія чамусьці ня вырашылі ў 2013 і 2014 гадах. Былі канкрэтныя пытаньні аб правамернасьці дзеяньняў супрацоўнікаў дзяржаўтаінспэкцыі. Карацей, жыцьцё як жыцьцё ў чалавечых яго праявах.

Але настрой у мяне бадзёры. Найперш таму, што побач са мной працаваў дасьведчаны юрыст Мікалай Мікалаевіч Новік. Ён будзе маім афіцыйным памочнікам, і якраз заўтра зоймемся гэтым афармленьнем. Канечне, давядзецца разаслаць шмат папераў і дэпутацкіх запытаў. Аднак гэта не палохае.

У Стаўпецкім раёне ёсьць неблагая традыцыя. Спачатку раённая газэта паведамляе пра час і месца дэпутацкага прыёму. Пасьля гэтага вядзецца папярэдні запіс. А на прыём запрашаюцца прадстаўнікі некаторых службаў, да працы якіх ёсьць пытаньні».

Выбарчая акруга Алены Анісім ахоплівае Стаўпецкі і Нясьвіскі раёны. Прыём выбарцаў у Нясьвіжы пройдзе 2 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG