Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэльгійскі сьпявак зь Беларусі, верагодна, стаў ахвярай сваіх фанатак


Андрэй Лугоўскі (зьлева), архіўнае фота

Як паведамляюць бэльгійская выданьні, паліцыя Заходняй Фляндрыі, падобна, трапіла на сьлед тых, хто зрабіў замах на жыцьцё папулярнага сьпевака беларускага паходжаньня Андрэя Лугоўскага.

За жыцьцё 34-гадовага поп-выканаўцы, атручанага месяц таму інгрэдыентам пацучынага яду — таліем, працягваюць змагацца вядучыя таксыколягі краіны. Стан здароўя артыста па-ранейшаму ацэньваецца як крытычны.

Паводле журналістаў, злачынца пакуль не арыштаваны, аднак у якасьць падазраваных у справе праходзяць тры асобы жаночага полу зь ліку найбліжэйшых фанатак артыста. Са спасылкай на адмыслоўцаў-крымінолягаў паведамляецца, што гэтыя падазраваныя «адпавядаюць профілю патэнцыйных злачынцаў», «усе яны ўважліва адсочвалі канцэрты і перамяшчэньні сьпевака і такім чынам змаглі трапіць у ягоную сьвіту». Згодна з высновамі спэцыялістаў, «жанчыны часьцей за мужчын спрабуюць некага забіць з дапамогай атруты».

Што зьяўляецца матывам для атручваньня, пакуль невядома. Таксама невядома, якім чынам рэчыва апынулася ў арганізьме сьпевака. Месяц таму, калі Андрэй Лугоўскі трапіў у непрытомным стане ў клініку, лекары спачатку западозрылі інфэкцыю, аднак аналіз крыві выявіў моцную інтаксыкацыю.

Сябры і блізкае атачэньне сьпевака пагаджаюцца з вэрсіяй атручваньня Андрэя фанаткамі, бо «чароўны Лугоўскі зьяўляецца марай многіх нявест». Ня выключана, што нехта, хто быў адрынуты, і ўчыніў замах на забойства ў прыступе агрэсіі ды рэўнасьці.

У Бэльгію народжаны ў Менску сьпявак разам з бацькамі пераехаў у 1999 годзе. Ягоная музычная кар’ера пачалася ў 2007-м, калі ён выйшаў у фінал флямандзкай вэрсіі шоў Pop Idol. Андрэй Лугоўскі пачаў сваю кар’еру з клясычнага італьянскага рэпэртуару. Потым пераключыўся на мікс поп-музыкі і опэры. У 2009 годзе ён выпусьціў першы са сваіх чатырох альбомаў «My World».

Талент беларуса не застаўся незаўважаным, канцэрты зь ягоным удзелам заўсёды праходзілі з аншлягам. Як пішуць мясцовыя выданьні, для многіх аматараў музыкі навіна стала громам сярод яснага неба. Прыхільнікі яго творчасьці шлюць у клініку лісты падтрымкі з пажаданьнямі хутчэйшага выздараўленьня, запальваюць у цэрквах сьвечкі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG