Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адно слова — і ў карцэр. Як у Магілёўскай турме прэсуюць Андрэя Бандарэнку


Андрэй Бандарэнка на судзе, 2014 год

Пяць сутак карцэру за адно слова атрымаў вязень Магілёўскай турмы, заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка. Інцыдэнт адбыўся ў пачатку чэрвеня, паведаміў Свабодзе бацька праваабаронцы Валер Бандарэнка.

«Сыну забаранілі размаўляць зь іншымі вязьнямі, у тым ліку падчас прагулкі ў турэмным дворыку, — распавядае ён. — Калі вялі на прагулку, дык нехта з тэрыторыі сьледчага ізалятару запытаў у яго, зь якой ён камэры. Андрэй назваў нумар. Аказалася, пытаньне задаваў падсьледны і Андрэй ня меў права на яго адказваць. Атрымаў за адно слова 5 сутак карцэру.

Хаця ён і гэтак сядзіць фактычна ў карцэры — у адзіночцы, ні з кім не кантактуе, дык яшчэ і слова не скажы ў калідоры. Я езьдзіў скардзіцца да кіраўніцтва турмы, але на мае скаргі не зьвяртаюць увагі, хаця трымаюць сына ў самых невыносных умовах».

Валер Бандарэнка
Валер Бандарэнка

У Магілёўскую турму праваабаронца Андрэй Бандарэнка патрапіў са Шклоўскай калёніі ў 2015 годзе як злосны парушальнік рэжыму. Тут умовы ўтрыманьня вязьня станавіліся ўсё больш жорсткімі.

Нядаўна ў адзіночнай камэры, дзе знаходзіцца Андрэй Бандарэнка, усталявалі відэаназіраньне і цяпер кожны рух вязьня кантралююць. У тым ліку яму забаронена ў дзень класьціся на турэмны ложак.

У 2014 годзе Андрэй Бандарэнка быў асуджаны на 3 гады за злоснае хуліганства. У судзе праваабаронца прызнаў віну часткова, заявіўшы, што большасьць ягонай справы сфабрыкаваная міліцыяй.

Партрэт Андрэя Бандарэнкі ў пакоі бацькі
Партрэт Андрэя Бандарэнкі ў пакоі бацькі

Бандарэнка не выключаў, што яму помсьцяць за выкрыцьцё зьдзекаў з боку міліцыі над вязьнямі беларускіх калёній і ўстаноў утрыманьня.
Меркаваньні праваабаронцаў адносна законнасьці асуджэньня Андрэя Бандарэнкі падзяліліся.

У месцах выкананьня пакараньня Андрэй Бандарэнка сустрэў самае жорсткае стаўленьне, жорсткія ўмовы і правакацыі.

XS
SM
MD
LG