Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША прапанавалі Нарвэгіі разьмясьціць на яе зямлі кантынгент марской пяхоты


Амэрыканская марская пяхота, ілюстрацыйнае фота
Амэрыканская марская пяхота, ілюстрацыйнае фота

Корпус марской пяхоты ЗША прапануе разьмясьціць у Нарвэгіі сваіх вайскоўцаў на ратацыйнай аснове, паведамляе газэта The Marine Corps Times.

Ліст з адпаведнай прапановай быў накіраваны ўраду Нарвэгіі. Цяпер ён разглядаецца Міністэрствам абароны краіны, заявіў прадстаўнік амбасады Нарвэгіі ў ЗША. Камандзер корпусу марской пяхоты генэрал Ніёле Нэльсан заявіў, што прысутнасьць амэрыканскіх вайскоўцаў у Нарвэгіі пашырыць магчымасьці NATO «хутка канцэнтраваць і задзейнічаць сілы ў паўночнай Эўропе».

Прадстаўнікі Пэнтагону адмовіліся абмяркоўваць падрабязнасьці прапановы, зробленай нарвэскаму боку, заявіўшы, што пра гэта размова пойдзе ў выпадку згоды Нарвэгіі на прыём амэрыканскіх вайскоўцаў на сваёй тэрыторыі. Паводле неафіцыйных крыніц, размова ідзе пра кантынгент 300 чалавек, які будзе дысьлякавацца на базе ў цэнтры краіны за 1,5 тысячы кілямэтраў ад мяжы з Расеяй. Размова ідзе таксама пра перакідваньне ў Нарвэгію вайсковай тэхнікі. Мяркуецца, што склад амэрыканскага кантынгенту будзе мяняцца кожныя шэсьць месяцаў. Рашэньне, якое павінна быць ухвалена парлямэнтам Нарвэгіі, можа быць прынятае да канца году.

Разьмяшчэньне амэрыканскіх марскіх пяхотнікаў у Нарвэгіі разглядаецца як магчымасьць для паляпшэньня ўзаемадзеяньня паміж узброенымі сіламі ЗША і іх блізкага саюзьніка па NATO.

На працягу апошняга году корпус марской пяхоты ЗША пачаў ажыцьцяўленьне новай стратэгіі, у рамках якой падразьдзяленьні хуткага рэагаваньня амэрыканскай марской пяхоты будуць дысьлякавацца на вайсковых караблях саюзьнікаў па NATO, у тым ліку Францыі, Нідэрляндаў, Гішпаніі. Гэтая ініцыятыва — адзін з крокаў, зробленых ЗША з тым, каб пацьвердзіць сваю прыхільнасьць саюзьніцкім абавязаньням у сьвятле расейскага ўмяшаньня ў справы Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG