Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі бракуе сапраўдных патрыётаў краіны», — Алесь Лагвінец


Алесь Лагвінец

Чарговы герой перадачы «Інтэрвію тыдня» — грамадзкі дзяяч Алесь Лагвінец. Ён распавядае пра сваю працу страхавым агентам, тлумачыць, ці засталася ў Беларусі палітыка, не жадае адказваць на пытаньні пра рух «За свабоду» і разважае на тэму, як і калі ў Беларусь могуць прыйсьці перамены. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

— Ня так даўно вы паведамі ў сваім «Фэйсбуку», што афармляеце страхоўкі здароўя, на выезд за мяжу, працуеце страхавым агентам. Ці ня чулі з гэтай нагоды іранічныя камэнтары, што «вось нарэшце хоць адзін апазыцыянэр заняўся канкрэтнай справай»?

— Я працую як страхавы агент ужо 2 гады, гэта проста была чарговая нагода прарэклямаваць свае паслугі, у мяне шмат сяброў у «Фэйсбуку». Я нядаўна прайшоў дадатковае навучаньне, каб выпісваць страхоўкі абавязковага страхаваньня на аўтамабілі.

Я зарабляю таксама перакладамі, выкладаньнем. Нічога страшнага, калі да гэтага дадаецца і афармленьне страховак.

— Ці азначае гэта, што палітыка ўжо не займае галоўнага месца ў вашым жыцьці? Увогуле, пасьля таго, як вы выйшлі з руху «За свабоду», здаецца, ніхто ў вас не пытаўся, які ў вас цяпер статус у палітыцы...

— Пытаньне, ці ёсьць у Беларусі палітыка. Я больш схільны называць тое, чым я займаюся, дысыдэнцкай дзейнасьцю. Поўнафарматнай палітыкі, якая прадугледжвае барацьбу за ўладу і яе атрыманьне, у Беларусі няма даўно. У беларусаў аднялі права выбіраць; выбару як мэханізму абраньня прадстаўнікоў народу няма фактычна ад 1995 году.

Я займаюся тым, чым і займаўся, і адно ня шкодзіць другому. Відавочна, што гэта наша абавязак грамадзянаў — дзейнічаць дзеля таго, каб у Беларусі адбыліся зьмены, каб Беларусь стала краінай, дзе паважаюцца правы людзей.

— Вы кажаце, што выбараў няма. Але зь іншага боку, вы ўвесь час прымаеце ў іх самы актыўны ўдзел, вылучаецеся ў якасьці кандыдата. Ці няма ў гэтым супярэчнасьці?

— Выбарчая кампанія — гэта якраз тая грамадзка-палітычная дзейнасьць, якую варта праводзіць. Напярэдадні мінулых выбараў уся мая каманда ведала, што я буду здымацца. Я думаю, што даволі эфэктыўна выкарыстаў гэтую кампанію, каб пагутарыць зь людзьмі, паказаць, якія праблемы ёсьць у грамадзтве, і даказаць. Што ўлады вельмі далёкія ад людзей.

Удзел у выбарчай кампаніі дазваляе легальна праводзіць пэўныя нечаканыя мерапрыемствы. Фармальна я нічога не парушыў, калі арганізаваў канцэрт Лявона Вольскага ў сваёй акрузе.

— Увосень вы бралі ўдзел у вельмі вострай барацьбе за пасаду старшыні руху «За свабоду». У выніку перамог іншы кандыдат, Юрась Губарэвіч. З вышыні пройдзенага часу ці бачыце вы нейкія свае памылкі падчас той кампаніі?

— Я гэта абмяркоўваю разам са сваімі аднадумцамі. Але публічна я гэта не камэнтую. Гэта мінулае. Гэта тычыцца руху «За свабоду» — арганізацыі, сябрам якой я ўжо не зьяўляюся. Тыя сябры арганізацыі, якім цікавая мая пазыцыя, са мной кантактавалі, я ім яе тлумачыў.

— Падчас дэбатаў у той час вы казалі, што пры любым выніку выбараў вы застаняцеся ў руху. Але пасьля абраньня Губарэвіча пакінулі арганізацыю...

— Я папрашу прывесьці дакладную цытату. Я так не казаў.

— Вы дасьведчаны палітык, у пэўны момант у 2015 годзе нават разглядаліся як патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнцтва. Але цяпер кажаце, што палітыкі няма. Але гэта ж не азначае, што вы зусім ад яе адышлі. Ці ёсьць у вас нейкія канкрэтныя палітычныя пляны на наступныя кампаніі?

— Я застаюся грамадзянінам і буду ўдзельнічаць у розных грамадзянскіх кампаніях. Я застаюся сябрам сакратарыяту ТБМ і працую на тое, каб пашыраць сфэру ўжытку беларускай мовы. Мы ў хуткім часе пачнём кампанію, каб прапаноўваць фірмам, якія працуюць на беларускім рынку, бясплатна перакладаць надпісы на этыкетках на беларускую мову.

Я даволі актыўна ўдзельнічаў у зборы подпісаў за ўсталяваньне помніка слуцкім паўстанцам. Мы займаемся адукацыйнай дзейнасьцю. У рамках новай ініцыятывы «Дзея», якая ў гэтую суботу праводзіць свой устаноўчы сход, мы плянуем надалей разьвіваць такія кірункі.

— На што можа спадзявацца беларускае грамадзтва ў пэрспэктыве? Ці паўплывалі на вашу ацэнку сытуацыі «дармаедзкія маршы»? Ці можна сказаць, што ўлада можа зьмяніцца якраз у выніку сацыяльных пратэстаў?

— Улада ў Беларусі можа зьмяніцца праз шырокія сацыяльныя і палітычныя пратэсты, якія ў пэўны момант павінны абʼяднацца. За апошні год падтрымка ўлады ў грамадзтве зьменшылася, дзеяньні ўладаў яшчэ больш аддалілі іх ад грамадзтва. Але ёсьць рэч, якая зьяўляецца перашкодай для хуткіх зьменаў. Пакуль у грамадзтве няма крытычнай масы людзей, якія гатовыя сваімі дзеяньнямі набліжаць зьмены. Падчас гэтых пратэстаў пэўнае кола новых людзей далучылася, але гэтага было недастаткова.

Пакуль у грамадзтве няма крытычнай масы людзей, якія гатовыя сваімі дзеяньнямі набліжаць зьмены

Зьмены адбудуцца, калі будзе выкананая пэўная трыяда. Першае, калі будзе больш людзей, якія будуць бараніць свае правы і свабоды. Другое — больш людзей, якія зьяўляюцца ўласьнікамі, незалежнымі ад дзяржавы. І трэцяе — у нас пакуль бракуе сапраўдных беларусаў, якія ганарацца гісторыяй, шануюць мову. Бракуе патрыётаў нашай краіны.

— За апошні час адбылася пэўная зьмена стаўленьня эўрапейскіх палітыкаў да беларускай праблематыкі. Наколькі крытычная гэтая зьмена, ці пачала Эўропа ўспрымаць беларускі рэжым такім, якім ён ёсьць, і геапалітычныя пытаньні сталі важнейшым за дэмакратычныя?

— Захад вельмі неаднародны, там ёсьць розныя колы. Адны лічаць, што зьменаў у Беларусі можа дасягнуць праз супрацоўніцтва з уладамі, другія — што грамадзкі сэктар мусіць падтрымлівацца прыярытэтна.

Трэба ўсьвядоміць, што Беларусь не зьяўляецца прыярытэтам нумар адзін у Эўропе. Ёсьць і такі чыньнік — дэмакратыя і годнае жыцьцё становяцца вынікам унутранай эвалюцыі, бальшыня людзей у краіне павінны гэтага захацець. І калі ў некаторых палітыкаў на Захадзе складваецца ўражаньне, што беларусы даволі пасіўныя і ня вельмі хочуць рэфармаваць краіну, то тады Беларусь зьнікае з радараў і зьяўляецца жаданьне ўзаемадзейнічаць з уладамі.

Дарэчы, на ўзаемадзеяньне з уладамі трэба таксама дваіста глядзець. З аднаго боку, відавочна, што гэта легітымізацыя рэжыму. Але з другога — такія кантакты на эканамічным узроўні, праз павялічэньне колькасьці незалежных эканамічных гульцоў, інвэстыцыяў, праз чалавечыя кантакты, адукацыйнае супрацоўніцтва — усё гэта ўплывае на ўзьнікненьне гэтай «крытычнай масы».

Палітолягі кажуць, што вельмі цяжка правесьці дэмакратычныя зьмены ў краінах, гермэтычна закрытых ад сьвету. І ў гэтую гермэтычнасьць Беларусі свой уклад унесла Расея, якая была «пратэктарам» Беларусі ад вонкавых уплываў. А калі краіна больш адкрытая да замежных кантактаў, то палітолягі кажуць пра эфэкт падвойнага бумэранга.

Што пакідае надзею? Мы ўжо 26 гадоў незалежныя, і ў прынцыпе, мы краіна, адкрытая цывілізаванаму сьвету. Крытычная маса людзей, якія хочуць зьменаў, усё ж паўстане. Маючы сваю дзяржаву, беларусы будуць у стане навесьці ў ёй парадак.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG