Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямʼю Лагвінца наведала «сацыяльная праверка»


Алесь Лагвінец з сынам у залі суду 27 сакавіка

Спасылаючыся на пастанову суду, сямʼю палітоляга Алеся Лагвінца наведалі настаўніцы 218-й менскай школы, каб спраўдзіць, ці не знаходзіцца сын Лагвінцоў Уладзімер у «сацыяльна небясьпечным становішчы».

Настаўніцы перапісалі мэблю ў кватэры, спраўдзілі, ці ёсьць на вокнах фіранкі.

Як сказала жонка Алеся Лагвінца Вераніка Мазуркевіч, спачатку настаўніцы зачыталі пастанову суду. А потым папрасілі «патлумачыць паводзіны мужа» і паўплываць на яго.

«Таму што „калі працягнуцца такія выпадкі“, то нашу сямʼю могуць паставіць на ўлік як небясьпечную для малога дзіцяці. У любым выпадку, іх прыход быў скіраваны на тое, каб запужаць, нейкім чынам паўплываць на бацькоў, для якіх, безумоўна, самае дарагое — гэта дзеці», — сказала Вераніка Мазуркевіч radyjo.net.

23 сакавіка Алеся Лагвінца выкралі і зьбілі амапаўцы ў цывільным. Чатыры дні ён правёў пад вартай у шпіталі, пасьля чаго суд пакараў яго 10 суткамі арышту нібыта за брыдкаслоўе. На судзе амапаўцы заяўлялі, што Алесь Лагвінец «сам біўся галавой аб крэсла ў службовай машыне».

На момант арышту сыну Лагвінцоў Уладзімеру было дзесяць месяцаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG