Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстатацыя статус-кво і ні слова пра Беларусь: Алесь Лагвінец пра перагляд палітыкі суседзтва Эўразьвязу


Belarus - Politologist Alex Lahvinets. Round Table about anniversary of the Declaration of State Sovereignty of the Belarusian Soviet Socialist Republic, Minsk, BPF party office, 25Jul2014
Belarus - Politologist Alex Lahvinets. Round Table about anniversary of the Declaration of State Sovereignty of the Belarusian Soviet Socialist Republic, Minsk, BPF party office, 25Jul2014

Эўропа мяняе палітыку суседзтва. Палітоляг Алесь Лагвінец тлумачыць, у які бок.

Эўрапейская камісія пераглядае палітыку суседзтва, што тычыцца ў тым ліку Беларусі. Палітоляг і намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец адзначыў, што ў тэзісах перагляду палітыкі суседзтва называюцца розныя краіны-суседзі Эўразьвязу, але на двух дзясятках старонак ні разу не сустракаецца слова «Беларусь».

«Па-першае, у тэксьце падкрэсьліваецца, што Эўрапейскі Зьвяз будзе працягваць палітыку прасоўваньня дэмакратыі і належнага кіраваньня, правоў чалавека ў суседніх краінах. Эўрапейскі Зьвяз падкрэсьлівае таксама, што будзе імкнуцца суадносіць свае пляны з чаканьнямі і магчымасьцямі партнэраў. Падкрэсьліваецца, што тыя партнэры, якія больш хочуць супрацоўнічаць і маюць эўрапейскія памкненьні, могуць атрымліваць больш глыбокае ўзаемадзеяньне. У прыватнасьці, размова ідзе пра Ўкраіну, Грузію і Малдову.

«Эўрапейскі Зьвяз гатовы размаўляць па канкрэтных пытаньнях з тымі краінамі, якія ня вельмі хочуць размаўляць з Эўразьвязам»

Пад стабілізацыяй Эўразьвяз разумее эканамічныя ўзаемадачыненьні з краінамі-суседзямі, якія спрыяюць эканамічнаму росту і зьмяншаюць асымэтрыю ўзроўняў разьвіцьця, то бок спрыяюць стварэньню працоўных месцаў, інвэстыцыям. Адмысловая ўвага будзе аддавацца пытаньням энэргетычнага супрацоўніцтва. Іначай кажучы, Эўрапейскі Зьвяз гатовы размаўляць па канкрэтных пытаньнях з тымі краінамі, якія ня вельмі хочуць размаўляць з Эўразьвязам, не імкнуцца да вельмі шчыльнага супрацоўніцтва — а тут відавочна маецца на ўвазе Беларусь. З такімі краінамі ён хоча мець прагматычныя адносіны. Усё адно ён ня хоча цалкам адварочвацца ад гэтых краінаў. Але адзначаецца і тое, што падыход «больш за больш» — чым больш краіна імкнецца зрабіць і чым больш хоча ад Эўрапейскага Зьвязу, тым больш Эўрапейскі Зьвяз ёй прапаноўвае — не заўсёды працуе.

Мы ведаем, што ўлады Беларусі ня вельмі хочуць гуляць паводле эўрапейскіх правілаў і нормаў. Яны хочуць выкарыстоўваць фінансаваньне, быць манапалістам тых сродкаў, якія Эўрапейскі Зьвяз выдзяляе на супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Можна канстатаваць, што большасьць цяперашніх эўрапейскіх праектаў адносна Беларусі так ці іначай завязаныя на дзяржаўныя альбо прыдзяржаўныя органы. Гэта паказвае, што пэўнае супрацоўніцтва ўжо ідзе, а гэты дакумэнт — канстатацыя статус-кво.

«Эўразьвяз, магчыма, больш будзе завязаны на супрацоўніцтва з уладамі»

Гэты дакумэнт ня мае вялікіх амбіцыяў. Ён кажа не пра дэмакратычныя зьмены, а пра дэмакратычныя каштоўнасьці. Мне здаецца, што сёньняшняя сытуацыя ў рэгіёне, у сьвеце адводзіць на задні плян пытаньне прасоўваньня дэмакратыі. У дачыненьні да Беларусі гэта значыць, што канкрэтнае супрацоўніцтва можа быць прыярытэтным. Эўразьвяз, магчыма, больш будзе завязаны на супрацоўніцтва з уладамі. Але зразумела, што ён і ня будзе цурацца ранейшай палітыкі падтрымкі грамадзянскай супольнасьці, з улікам думкі якой ён рыхтаваўся. Сродкі, якія выдзяляюцца пад супрацу, як правіла, выдзяляюцца праз згоду ўладаў тае ці іншае краіны. Але ў выпадку Беларусі мы ведаем, што гэта не заўжды так, што ёсьць адмысловыя праекты для Беларусі, пра якія Эўрапейская камісія не пытае ўлады. Думаю, гэтая палітыка будзе працягвацца.

Вядома, раней былі заявы палітычнага кшталту, што выбары могуць паўплываць на далейшыя стасункі. Відавочна, палітычны кантэкст уплывае. Ёсьць заявы пра пачатак адносінаў „з чыстага аркуша“. Але чысты аркуш існуе на пэўным фоне, і гэты фон будзе ўплываць на тое, у які бок пойдуць стасункі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG