Лінкі ўнівэрсальнага доступу

45-гадовы палітык, які раней быў адным з намесьнікаў Аляксандра Мілінкевіча ў руху «За свабоду», пакінуў шэрагі арганізацыі.

Рада руху «За свабоду» прыняла да ведама заяву аб выхадзе з арганізацыі былога намесьніка старшыні руху палітоляга Алеся Лагвінца.

Сам Лагвінец у размове са Свабодай адмовіўся камэнтаваць прычыны гэтага рашэньня:

«Публічна я гэтага не камэнтую. Гэта мая прынцыповая пазыцыя. Але асабіста я гатовы тлумачыць сваё рашэньне кожнаму сябру руху. Калі ў іх ёсьць пытаньні, я гатовы размаўляць індывідуальна.

У заяве пра выхад з руху я напісаў, што ня маю ні жаданьня, ні намеру камэнтаваць гэта публічна. Я па-ранейшаму застаюся беларусам, патрыётам і дысыдэнтам. Ня менш, чым раней, а можа, нават і больш».

Кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч сказаў, што галасаваньня па заяве Лагвінца не было:

«Калі хтосьці пакідае шэрагі нашай арганізацыі і піша пра гэта, мы проста прымаем такі ліст да ведама. У нас арганізацыя дэмакратычная, таму кожны сябра мае права вольнага выхаду зь яе. У лісьце Лагвінца не было тлумачэньня ягонага рашэньня. Таму як бы і не выпадала нешта абмяркоўваць».

Аляксандар Мілінкевіч, які быў першым старшынём руху, у 2016 годзе заявіў, што надышоў час перадаць кіраваньне арганізацыяй больш маладым палітыкам. Падчас выбараў старшыні на справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі 16 кастрычніка 2016 году былі тры кандыдатуры — першы намесьнік Юрась Губарэвіч, намесьнік Алесь Лагвінец і Алесь Таўстыка. Перамог Губарэвіч. Адразу пасьля гэтага ён прапанаваў канкурэнту пасаду свайго першага намесьніка, аднак Лагвінец адмовіўся.

Зь лютага 2007 па кастрычнік 2012 году Лагвінец быў дарадцам Аляксандра Мілінкевіча, а з 2012 па 16 кастрычніка 2016 году — намесьнікам старшыні руху.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG