Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандра Баразенку будуць судзіць за таварны знак «Белсат»


Аляксандар Баразенка

Журналіста Аляксандра Баразенку 18 ліпеня выклікалі ў аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Першамайскага раёну Менску і пазнаёмілі са складзеным на яго пратаколам. Яму паведамілі, што пратакол накіроўваецца ў суд, дата разгляду справы пакуль не прызначаная.

«Гэта справа пра канфіскацыю тэхнікі 31 сакавіка, калі я быў у турме на Акрэсьціна. На тэхніцы нейкім дзіўным чынам зьявіліся налепкі „Белсат“. Склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні, нібыта я сваёю дзейнасьцю парушыў правы спадара Белякова на таварны знак „Белсат“. Белякоў напісаў заяву, што нібыта ягоным таварным знакам „Белсат“ карыстаюцца без дазволу і парушаючы яго аўтарскае права. Зразумела, што ніякіх правоў спадара Белякова я не парушаў, а працаваў у якасьці журналіста. То бок гэтая справа пачалася ў турме і цяпер перайшла на новы этап», — распавёў карэспандэнту Свабоды Аляксандар Баразенка.

Апэратар «Белсату» Аляксандар Баразенка — адзіны з журналістаў, каго пасьля 25 сакавіка ня выпусьцілі, а пасадзілі на содні. Яго абвінавацілі ў «нецэнзурнай лаянцы» ў Дзень Волі.

31 сакавіка ў менскіх офісах тэлеканалу «Белсат» прайшлі ператрусы. Паводле ГУУС Менгарвыканкаму, яны адбыліся ў выніку заявы ад праваўладальніка гандлёвай маркі «Белсат».

Гандлёвы знак «Белсат» быў зарэгістраваны кампаніяй Telewizja Polska S.A. у 2002 годзе ў Польшчы. На наступны год падобны гандлёвы знак зарэгістравала ў Беларусі фірма «Хайтэкмаркет». У 2006 годзе права на гандлёвы знак «Белсат» у Беларусі было саступлена Андрэю Белякову.

На пачатку верасьня 2014 году Вярхоўны Суд вызначыў уладальнікам гандлёвага знаку «Белсат» на тэрыторыі Беларусі Андрэя Белякова— кіраўніка кампаніі продажаў абсталяваньня для прыманьня спадарожнікавага і кабэльнага тэлебачаньня.

XS
SM
MD
LG