Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з «айцоў краўдфандынгу» Слава Рубін прыедзе на радзіму — у Менск


Слава Рубін, архіўнае фота
Слава Рубін, архіўнае фота

Сузаснавальнік і былы гендырэктар, а цяпер дырэктар па бізнэсе першага буйнога краўдфандынгавага сайту Indiegogo Слава Рубін выступіць у Менску на канфэрэнцыі «Новая рэальнасьць. Выклікі для Беларусі» 30 верасьня і 1 кастрычніка. У першы дзень ён зачытае спэцыяльны зварот «Зьменлівы сьвет», у другі дзень зробіць яшчэ адзін асобны выступ.

Гэта будзе першая паездка Рубіна ў Беларусь пасьля таго, як у дзяцінстве ён з бацькамі эміграваў у ЗША: спачатку ў Бруклін, потым у Пэнсыльванію, дзе вучыўся ў габрэйскай школе, а потым у Ўортанскай школе бізнэсу пры Пэнсыльванскім унівэрсытэце. Пазьней у бізнэс-школе Хааса пры Каліфарнійскім унівэрсытэце ў Бэрклі ён пазнаёміўся з Данае Рынгельман і Эрыкам Шэлам — будучымі заснавальнікамі Indiegogo.

Да запуску Indiegogo ў 2008 годзе Рубін быў кансультантам па стратэгіі, адказваў за новыя ініцыятывы ў MasterCard, Goldman Sachs і FedEx. Калі ягоны бацька памёр ад раку, Рубін запусьціў дабрачынную кампанію «Музыка супраць міелёмы», што дазволіла сабраць больш за 150 тысяч даляраў на барацьбу з гэтай формай раку.

Сайт Indiegogo стаў адным зь першых, які шырока ўжываў паняцьце «краўдфандынг» — калі праект зьбірае грошы на сваю рэалізацыю сярод усіх ахвочых і прапануе ахвяравальнікам усялякія падарункі альбо гатовы прадукт. Пляцоўка, на якой зьбіраюцца грошы, атрымлівае пэўную долю сабранай сумы (Indiegogo — 5%). У 2010–12 гадах Indiegogo ўдзельнічаў у распрацоўцы закону аб спрашчэньні бізнэс-рэгуляцыяў для краўдфандынгу дробнага бізнэсу (JOBS Act).

На сёньня Indiegogo — другі па папулярнасьці краўдфандынгавы сэрвіс пасьля запушчанага годам пазьней Kickstarter. Самая вялікая сума, сабраная праектам на Indiegogo, — 13,2 млн даляраў: праект Flow Hive меў на мэце вытворчасьць вульлёў, якія ня трэба ўскрываць, каб дастаць мёд.

У Беларусі ёсьць уласныя краўдфандынг-плятформы Talaka і Ulej, а таксама сайт дабрачынных аўкцыёнаў MaeSens. За 2015 год беларусы на гэтых сайтах ахвяравалі 3 млрд недэнамінаваных рублёў на дабрачынныя і камэрцыйныя праекты, фільмы, кнігі і музычныя альбомы.

Беларусы таксама зьбіраюць грошы на розныя праекты на замежных сэрвісах: напрыклад, гурт «Стары Ольса» сабраў па ўсім сьвеце 30 тысяч даляраў на альбом сярэднявечных рок-гітоў і тур па ЗША, а менская студыя Aterdux набрала амаль 100 тысяч даляраў на дзьве відэагульні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG