Адвакат Крысьціна Марчук заклікала суд апраўдаць Тараса Аватарава з-за недаказанасьці ягонай віны паводле артыкула аб незаконных дзеяньнях са зброяй.
Асаблівую ўвагу ў спрэчцы з пракурорам абаронца аддала экспэртызе гранаты, якую знайшлі ў добраахвотніка, а таксама паказаньням экспэрта Ігнатовіча зь Дзяржкамітэту экспэртыз, якія той даў у судзе. Паводле падлікаў абаронцы, у гранаце Аватарава амаль не было выбуховага рэчыва, а той гексаген, які мог застацца, больш як за 20 год, якія прайшлі пасьля вырабу, страціў выбуховую здольнасьць.
Таксама адвакат Крысьціна Марчук засумнявалася, ці сапраўды гранату дасьледавалі і пасьля гэтага зьнішчылі. Доказаў гэтаму, на яе погляд, не было прыведзена ніякіх, акрамя пратаколу — а ў тым пратаколе асобы, якія прысутнічалі пры нібыта выбуху, не былі названыя з прычыны службовай таямніцы. Спасылку на службовую таямніцу адвакат назвала незаконнай, а саму экспэртызу непрафэсійнай.
Што да паказаньняў міліцыянтаў, якія затрымлівалі Тараса Аватарава на менскім чыгуначным вакзале 26 лістапада 2015 году, абаронца заклікала суд ставіцца да іх крытычна. Адвакат Марчук назвала ілжывымі і супярэчлівымі паказаньні міліцыянта Шуста, згадаўшы, што ў судзе той двойчы іх мяняў.
Таксама абаронца Тараса Аватарава лічыць недаказанай ягоную віну ў незаконным правозе зброі празь беларускую мяжу. Паводле Крысьціны Марчук, гэтаму няма ніводнага доказу, ніводзін сьведка гэтага не пацьвердзіў, а выказваньні самога Тараса Аватарава на гэты конт, зробленыя падчас апэратыўных мерапрыемстваў без удзелу абароны, трэба лічыць атрыманымі незаконна і ня вартымі даверу.