Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмовіцца ад разьмеркаваньня беларускім выпускнікам стала таньней


Магчыма, гэты крокам дзяржава хоча заахвоціць грамадзян добраахвотна вяртаць сродкі без адпрацоўкі разьмеркаваньня. Апошнія гады назіраецца хранічны недахоп заявак на маладых спэцыялістаў.

7 сьнежня 2016 году была прынятая пастанова Савета Міністраў №998 (PDF), якая зацьвердзіла новую рэдакцыю палажэньня аб парадку пакрыцьця ў бюджэт сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на падрыхтоўку навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі, спэцыяліста, рабочага, службоўца.

Што зьмянілася?

З сумы, якую грамадзяне павінны кампэнсаваць у бюджэт за навучаньне, выключылі выдаткі на сацыяльную падтрымку (стыпэндыі, дармовае харчаваньне для асобных катэгорыяў навучэнцаў, выдаткі на ўтрыманьне інтэрнатаў).

Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным унівэрсітэце мінімальная стыпэндыя для студэнтаў, якія навучаюцца на спэцыяльнасьцях гуманітарнага профілю, складае 72 рублі 83 капейкі. Усяго за 5 гадоў навучаньня студэнт атрымае прыблізна 4369 рублёў 8 капеек (2238 даляраў па курсе на 13 сьнежня 2016 году). Цяпер гэтую суму ня трэба будзе вяртаць у выпадку адмовы ад разьмеркаваньня.

Разьлік сумы выдаткаў на падрыхтоўку спэцыяліста адбываецца, зыходзячы з суадносін аб'ёму вучэбных гадзін прафэсійнага кампанэнту да агульнага аб'ёму вучэбных гадзін на рэалізацыю адпаведнай адукацыйнай праграмы. Такім чынам, выніковая сума, якую выпускнік павінен будзе заплаціць у выніку адмовы ад разьмеркаваньня, будзе залежаць ад канкрэтнай навучальнай установы.

Дзякуючы зьменам заканадаўства маладым спэцыялістам стане таньней адмовіцца ад адпрацоўкі прымусовага разьмеркаваньня.

Магчыма, гэты крокам дзяржава хоча заахвоціць грамадзян добраахвотна вяртаць сродкі без адпрацоўкі разьмеркаваньня. Апошнія гады назіраецца хранічны недахоп заявак на маладых спэцыялістаў. Таму дзяржава зацікаўленая вярнуць сродкі, што былі затрачаныя на падрыхтоўку незапатрабаваных спэцыялістаў.

XS
SM
MD
LG