Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Названыя паўфіналісты адбору на «Басовішча 2018». Аўдыё


Ілюстрацыйнае фота. Фэстываль «Басовішча 2015»

Экспэртная рада назвала паўфіналістаў «Адборышча-2018» — конкурсу маладых гуртоў у рамках фэстывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча 2018», паведамляе Tuzin.fm.

Імі сталі электронны гурт SnopSnoŭ, інды-фолькавая каманда Helious, пост-панкавы праект Nürnberg, гітарны дуэт «MorkvoЦвет», поп-гурт D.Jaza, інды-фолькавая каманда «Колір», электронны праект K3tyvana ды cьвежаспечаны дуэт ад Эрыка Арлова-Шымкуса і Уладзя Лянкевіча Eryk i Ja.

Усе выканаўцы ўжывую прэзэнтуюць конкурсную праграму на канцэртным праслухоўваньні, якое пройдзе 11-га траўня ў Менску. Па выніках будуць названыя чацьвёра фіналістаў, якія атрымаюць магчымасьць пазмагацца за галоўны прыз на сцэне «Басовішча 2018» 20-га ліпеня. Клюб і імя вядомага беларускага музыкі, пры падтрымцы якога пройдзе «Адборышча-2018», арганізатары абяцаюць назваць неўзабаве.

«Адкрываць новыя імёны — важная задача фэсту „Басовішча“, таму цешыць, што сёлета мы мелі багаты выбар сярод рознастылёвых гуртоў. Як заўжды, абіраць было няпроста, а сьпіс паўфіналістаў аказаўся досыць стракатым. Ужо зразумела, што канкурэнцыя на „Адборышчы“ будзе сур’ёзная, а інтрыга наконт пераможцы застанецца да самага фіналу». — камэнтуе каардынатарка конкурсу Лідзія Пякарская.

Сёлета ў журы ўвайшлі прадстаўнікі арганізатараў фэсту зь «Беларускага аб’яднаньня студэнтаў», партнэры фэстывалю, журналісты і музычныя экспэрты Мікалай Янкойць, Іло Карпюк, Сяргей Будкін, Хрысьціна Дарапей, Вольга Малюшыцкая, Віталь Зыблюк і Анджэй Байгуз.

Штогадовы фэст беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі «Басовішча» рэгулярна праводзіцца Беларускім аб’яднаньнем студэнтаў на некамэрцыйнай аснове недалёка ад Гарадку на Падляшшы, пачынаючы з 1990 году. Сёлета фэст пройдзе 20-21 ліпеня 2018 году. ​

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG