Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адам Мальдзіс пра кананізацыю Скарыны: «Трэба, каб гэтым займаліся ня сьвецкія асобы, а духоўныя»


Адам Мальдзіс, архіўнае фота
Адам Мальдзіс, архіўнае фота

27–29 траўня ў Менску пройдзе VI Міжнародны кангрэс беларусістаў, на які зьбяруцца больш за 130 дасьледчыкаў з Польшчы, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Вугоршчыны, Літвы, Украіны, Польшчы, Расеі, Беларусі. Сёлетні кангрэс пройдзе пад знакам Скарыны — у 2017 годзе будзе адзначацца 500-годзьдзе выхаду Бібліі, якую беларускі першадрукар пераклаў на мову, набліжаную да мовы старабеларускага пісьменства, пракамэнтаваў і надрукаваў у Празе.

Мяркуецца, што падчас кангрэсу адбудзецца круглы стол, прысьвечаны магчымай кананізацыі Францішка Скарыны.

Ідэя пра кананізацыю беларускага першадрукара належыць прафэсару, ганароваму старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Адаму Мальдзісу і экс-міністру замежных спраў, вядомаму бібліяфілу Пятру Краўчанку.

Месяц таму сьвецкія навукоўцы правялі перамовы з пробашчам касьцёла сьвятых Сымона і Алены ксяндзом Уладзіславам Завальнюком і атрымалі ад яго прынцыповую згоду на тое, каб уздымаць пытаньне аб кананізацыі.

Падставай, каб вызначыць канфэсійную прыналежнасьць Скарыны, стаў для навукоўцаў знойдзены нядаўна дакумэнт пра тое, што Скарына і ўся ягоная сям’я хрысьціліся ў 1499 годзе ў полацкім каталіцкім касьцёле сьвятога Францішка.

Круглы стол падчас Кангрэсу на гэту тэму адбудзецца, але хутка гэтае пытаньне ня вырашыцца, мяркуе прафэсар Адам Мальдзіс. Ён цяпер у шпіталі, але на Кангрэс зьбіраецца. І ня траціць пачуцьця гумару, узгадаўшы кампартыю:

«Трэба, каб зьбіраліся ня сьвецкія асобы, а духоўныя. Вось уявіце сабе: сабраліся трое ці колькі там было — дзесяць беспартыйных, і вырашылі рэкамэндаваць у ЦК КПБ, ня будучы партыйнымі, свайго кандыдата. Гэта вось такая сытуацыя з-за Краўчанкі, калі гаварыць па шчырасьці. Але ён кіраваўся лепшымі мэтамі. А цяпер гэта ўжо адкладваецца. Трэба, каб усе хрысьціянскія цэрквы — і праваслаўная, і каталіцкая, і ўніяцкая — паралельна падавалі прапанову, дамовіліся пра круглы стол і падавалі. Гэтым айцец Уладзіслаў Завальнюк будзе займацца. А на кангрэсе будуць толькі сьвецкія справы абмяркоўвацца — як увекавечыць памяць, як сустрэць юбілей».

Джым Дынглі і Адам Мальдзіс
Джым Дынглі і Адам Мальдзіс

Брытанскі прафэсар-славіст Джым Дынглі ўжо прыехаў у Беларусь. Дарэчы, ён удзельнічаў у працы чатырох папярэдніх кангрэсаў беларусістаў, толькі адзін прапусьціў:

«Самае галоўнае — сустрэцца з калегамі, старымі і новымі, пагаварыць пра нашу калектыўную працу, пра дасьледаваньні, пра новыя напрамкі, пабачыцца зь людзьмі. Бачыў у праграме выступаў шмат новых прозьвішчаў з Альдэнбурскага ўнівэрсытэту ў Нямеччыне, так што гэта вельмі добры знак, што нашмат больш людзей стала займацца, цікавіцца Беларусьсю. Але пра ангельцаў я гэтага, на жаль, не магу сказаць».

У Лёндане спадар Дынглі ўваходзіць у склад Апякунскай рады Скарынаўскай бібліятэкі. Пасьля сьмерці яе заснавальніка, айца Аляксандра Надсана, установа страціла кіраўніка:

«Я буду гаварыць пра тое, што мы цяпер робім, каб бібліятэка сталася жывой установай, а ня проста кнігі на паліцах, каб быў больш шырокі доступ да нашых калекцый — шляхам аблічбаваньня, вэб-сайтаў».

Такія форумы беларусістаў ладзяцца раз на чатыры гады, вырашаюцца на іх навуковыя, арганізацыйныя і статутныя праблемы. Міжнародная асацыяцыя беларусістаў была ўтвораная ў траўні 1991 году. Яна аб’ядноўвае 600 сяброў, у тым ліку больш за 200 — з 23-х замежных краінаў. Ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў — доктар філялягічных навук, прафэсар Адам Мальдзіс. Грамадзкая арганізацыя падтрымлівае кантакты і сувязі зь беларусістамі, абменьваецца зь імі інфармацыяй, кнігамі, мае базу дадзеных па беларусістыцы і пра беларусістаў сьвету. Асацыяцыя бярэ ўдзел у арганізацыі і правядзеньні «круглых сталоў» па асобных праблемах беларусістыкі, выдае інфармацыйна-аналітычны і культуралягічны бюлетэнь «Кантакты і дыялёгі», зборнік «Беларусіка — Albaruthenica».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG