Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абраньне Канапацкай разбурыла адзінства ў АГП


Сьцяг АГП, архіўнае фота
Сьцяг АГП, архіўнае фота

Кіраўнік Менскай абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Віктар Малочка вырашыў пакінуць пасаду. Сваё рашэньне ён абгрунтаваў так:

«У сувязі з тым, што партыя дала згоду на „прызначэньне“ аднаго зь яе сябраў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу... лічу для сябе далейшае кіраўніцтва Менскай абласной арганізацыяй АГП немэтазгодным. Адпаведную заяву накірую 25 верасьня на сустрэчу сьпікераў партыі».

У размове са Свабодай спадар Малочка ўдакладніў:

«Зразумела, размова ідзе пра Ганну Канапацкую. Я нічога ня маю супраць яе. Але я разважаю так — калі спадарыня Ганна хоча стаць дэпутатам, няхай напіша заяву аб выхадзе з партыі.

Мой сын Аляксандар, які працуе электрасьлесарам на „Беларуськаліі“, таксама балятаваўся ў дэпутаты — па Салігорскай гарадзкой выбарчай акрузе № 68. У нас зь ім няма сумневу ў перамозе. Але ж у нас тут былі такія падтасоўкі! Я напісаў сёньня заявы паўсюль — у КДБ, міліцыю, пракуратуру, суд — пра тое, як на некаторых участках былі „арыштаваныя“ бюлетэні.

Раніцай учора я пайшоў з сынам на абвяшчэньне вынікаў галасаваньня. І сустракаем там Андрэя Рыбака — намесьніка гендырэктара „Беларуськалія“. Я яму і кажу: Андрэй, ты прызначаны дэпутат. А ён мне адказвае: калі так, то і ваша Канапацкая таксама прызначаная. Пасьля гэтага я і вырашыў напісаць заяву аб сыходзе».

На ўдакладняльнае пытаньне Свабоды, ці спадар Малочка пакідае толькі пасаду кіраўніка абласной філіі, ці наагул выходзіць з партыі, Віктар адказаў так:

«Пакуль толькі сыходжу з пасады. Але не выключаю, што і выйду з партыі наагул. Магчыма, зробім гэта разам з сынам, бо ён таксама ўваходзіць у АГП».

Старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пра сытуацыю разважае так:

«Чаму цэлы дзень не было камунікацыяў Ганны Канапацкай з прэсай? Мы наўмысна ўзялі паўзу. Мы праводзілі кансультацыі ўнутры партыі. Найперш сярод чальцоў Палітрады. Таксама ў нас створаная такая інтэрнэт-пляцоўка „Сьпікер“. На ёй прысутнічаюць кандыдаты ў дэпутаты і некаторыя сябры іх камандаў. Учора была дыскусія.

Я нічога не хаваю. Ёсьць розныя падыходы, розныя погляды. Але істотная бальшыня чальцоў „Сьпікера“ выступае за тое, каб выкарыстаць мандат Ганны Канапацкай для новага парадку дня. Першы пункт — свабодныя і справядлівыя выбары са зьмяненьнем выбарчага заканадаўства. Другі пункт — сыстэмныя рэформы ў эканоміцы, уключаючы нашу партыйную праграму „Мільён новых працоўных месцаў“. Трэці пункт — эўрапейскі выбар. Гэта пазыцыя большасьці.

Віктар Малочка паступае правільна. У нас такі ўнутрыпартыйны закон — калі ты маеш нейкую пасаду, то мусіш выконваць рашэньні бальшыні. А шараговы сябра партыі можа зь нечым не пагаджацца, мець свой погляд на праблему і адстойваць свой пункт гледжаньня.

У нас ёсьць, напрыклад, Вольга Маёрава — чалавек вельмі эмацыйны. Яна ачольвае адну з раённых арганізацыяў сталіцы і таксама ўдзельнічала ў выбарах. Магчыма, і яна нешта вырашыць для сябе. Так што могуць быць і дэмаршы, і выхады з партыі. Але гэта ўсё нармальна — у АГП існуе ўнутрыпартыйная дэмакратыя.

А што тычыцца перамогі, якую ўкралі ў Аляксандра Малочкі, то, на жаль, пацярпеў ня ён адзін. Гэтаксама ўлады абышліся з Сашам Кабанавым, Ірынай Давідовіч, Анатолем Зьмітровічам...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG