Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Барысаве аштрафаваў Аляксандра Абрамовіча на 40 базавых


Аляксандар Абрамовіч, архіўнае фота
Аляксандар Абрамовіч, архіўнае фота

Старшыню Барысаўскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і сябра аргкамітэту па стварэньні незалежнага прафсаюзу прадпрымальнікаў «Салідарнасьць» Аляксандра Абрамовіча суд прызнаў цалкам вінаватым у правядзеньні несанкцыянаванай акцыі ў Баранавічах.

Яму прысудзілі штраф — 40 базавых велічыняў (840 дэнамінаваных рублёў).

Судовае паседжаньне 4 жніўня пачалося з выдаленьня з залі рэдактара і выдаўца незалежнай газэты «Барысаўскія навіны» Анатоля Букаса, які нібыта парушаў працэсуальны парадак слуханьняў па адміністрацыйнай справе ў дачыненьні да арганізатара баранавіцкага мітынгу Аляксандра Абрамовіча.

Анатоль Букас сваёй віны не прызнаў і напісаў скаргу на дзеяньні судзьдзі Сяргея Герасімовіча.

Агульная сума накладзеных на Абрамовіча спагнаньняў і штрафаў за ўдзел у лютаўскіх і сакавіцкіх мітынгах пратэсту прадпрымальнікаў у Менску, а таксама за арганізацыю падобных мерапрыемстваў у Барысаве, Жодзіне, Маладэчне, Баранавічах і Воршы склала 217 базавых велічынь, альбо 45 мільёнаў 570 тысяч недэнамінаваных рублёў.

Пастановы судоў за акцыі ў Барысаве, Воршы і Баранавічах праваабаронцы яшчэ абскарджваюць у Менскім абласным судзе. Частка пастановаў уступіла ў сілу, бо Менскі гарадзкі і Менскі абласны суды адхілілі ўсе скаргі прафсаюзнага актывіста па акцыях у Менску, Жодзіне і Маладэчне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG