Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд прызнаў, што задаваць чыноўнікам пытаньні — гэта не хуліганства


Алена Луцковіч, архіўнае фота

Гомельскі абласны суд 10 сакавіка адмяніў штраф, накладзены на актывістку Абʼяднанай грамадзянскай партыі, экс-кандыдатку ў дэпутаты парлямэнту з райцэнтру Акцябрскі Алену Луцковіч.

У сярэдзіне лютага старшыня Акцябрскага раённага суду Людміла Гармаш прызнала Луцковіч вінаватай у дробным хуліганстве — за тое, што на плошчы перад райвыканкамам актывістка зь мікрафонам у руках задавала мясцовым чыноўнікам пытаньні пра выбары. Відэаблогер Андрэй Павук здымаў адказы на камэру.

Пільнасьць праявіў, стоячы каля вакна, Сяргей Зарычны, намесьнік начальніка аддзелу райвыканкаму. Ён патэлефанаваў у міліцыю і заявіў пра хуліганства на плошчы. А чыноўніцы Тацяна Семянец, Тацяна Габінетава ды Ірына Дулуб напісалі ў пацьвярджэньне заявы пра «навязьлівыя прыставаньні» Алены Луцковіч.

У пастанове суду, якую вынесла судзьдзя Гармаш, апытаньне Алены Луцковіч апісана як сапраўднае хуліганства: «Наўмысна, беспрычынна, навязьліва, неаднаразова спыняла і прыставала да грамадзянаў Тацяны Семянец, Ірыны Дулуб, Тацяны Габінетавай, патрабавала адказаць на пытаньні, на просьбы грамадзянаў пакінуць іх у спакоі не рэагавала, чым парушыла грамадзкі парадак і спакой грамадзянаў».

«Абласны суд, — кажа Алена Луцковіч,— вельмі хутка разабраўся, што паказаньні чыноўнікаў надуманыя, шматкроць перабольшаныя. І ніякага хуліганства ў маіх дзеяньнях не было — усё добра бачна на відэа. Я ступаю некалькі крокаў побач зь Семянец, задаючы пытаньне, ці справядлівыя выбары, а яна вінаваціць мяне ў тым, што я навязьліва задавала пытаньні, перагароджвала ёй дарогу ў будынак райвыканкаму. Гэтая надуманая справа пра хуліганства — жаданьне мясцовых чыноўнікаў паставіць нас, звычайных грамадзянаў, „на месца“, каб не высоўваліся. Яны нібыта небажыхары, а мы — кузуркі. Зь іншага боку, відаць, апанаваў страх: а што, калі мы з Павуком нешта выведаем пра выбары такое, ад чаго ім не паздаровіцца?».

Справа пра хуліганства актывісткі АГП накіраваная ў Акцябрскі на новы разгляд іншым складам суду.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG