Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мой Картаген»: кніга для тых, для каго слова «культура» — не пусты гук


Сяргей Абламейка
Сяргей Абламейка

У аўторак, 7 ліпеня, у кнігарні «логвінаЎ» (Менск, праспэкт Незалежнасьцi, 37а) а 19-й гадзіне адбудзецца прэзэнтацыя кнігі эсэістыкі Сяргея Абламейкі «Мой Картаген».

Кніга выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды. ХХІ стагодзьдзе». У прэзэнтацыі ўдзельнічаюць Уладзімер Арлоў, Аляксандар Лукашук, Вінцук Вячорка, Ірына Дубянецкая. Тэмы дыскусіі: беларуская ідэя, «русский мир», сьмерць архітэктара ў Беларусі.

Напярэдадні прэзэнтацыі аўтар кнігі Сяргей Абламейка адказаў на пытаньні карэспандэнткі Радыё Свабода.

— Сяргей, па-першае, віншую з новай кнігай. Дарэчы, каторая яна ў вас па ліку?

— Гэта ўжо трэцяя мая кніга. У 2004 годзе выйшлі «EGOізмы», у 2014-м — «Настальгія», і вось толькі што — «Мой Картаген». Былі яшчэ невялікія брашуркі, але іх не лічу.

— Назва інтрыгуе і палохае — «Мой Картаген». Адразу ж прыгадваецца лацінскі крылаты выраз «Картаген павінен быць разбураны». Што вы ўкладалі ў такую назву?

— Гэтая назва — мэтафара настойлівага клопату яе аўтара, разумееце? Яе паўтараў рымскі палкаводзец і дзяржаўны дзеяч Катон-старэйшы. Ён згадваў, што «Картаген павінен быць разбураны», кожны раз падчас свайго выступу, нават калі гаварыў зусім на іншыя тэмы. Проста заканчваў усе свае прамовы гэтай фразай. Гэтая фраза за апошнія паўтары тысячы гадоў стала мэтафарай настойлівага клопату. Дык вось тэмы, якія я ўзьняў, — гэта мой настойлівы клопат, а значыць, мой Картаген.

— Усе эсэ, якія ўключаныя ў кнігу, у розны час былі апублікаваныя на сайце Радыё Свабода. Зь іх ужо потым атрымалася кніга, ці вы адразу разьлічвалі і меркавалі, якая яна будзе? Прыдумалі разьдзелы, пад іх пісалі эсэ? Як у пісьменьніка сам гэты працэс адбываецца?

— Кніга тады не задумвалася. Кожны тэкст нараджаўся як мая рэфлексія на пэўную праблему, нейкую грамадзкую ці культурную патрэбу. А калі ўзьнікла ідэя арганізаваць іх у кнігу, то нарадзіліся гэтыя разьдзелы. Іх у кнізе чатыры.

— Не маглі б вы коратка ахарактарызаваць кожны з разьдзелаў?

— Першы разьдзел у кнізе называецца «Беларуская ідэя». Тэксты публікаваліся ў маім пэрсанальным блогу на Радыё Свабода, але многія зь іх памерам даволі вялікія, таму лепш называць іх эсэ. Гэтыя эсэ закранаюць самыя актуальныя праблемы сучаснай беларускай культурнай і, я б сказаў, грамадзкай культурнай сытуацыі. Бо калі ўзьнікалі спрэчкі, ці прызнаваць расейскую мову адной з моваў нацыянальнай культуры, альбо як нам далей будаваць беларускую нацыю, якой павінна быць беларуская нацыя — этнічнай ці грамадзянскай, — на ўсё гэта я адгукаўся сваімі тэкстамі. Гэта ня толькі мая пазыцыя, а пазыцыя даволі шырокага кола людзей. Але я стараўся неяк пераканаўча, з довадамі і аргумэнтамі паказаць, што ёсьць вельмі абгрунтаваная адна пазыцыя, і хацеў, каб тыя, хто не трымаецца такіх поглядаў, прачыталі гэта і, магчыма, згадзіліся са мной. Альбо хаця б убачылі, якія аргумэнты кладуцца ў гэтыя спрэчкі.

У разьдзеле «Беларуская ідэя» 13 эсэ, і шмат якія зь іх тычацца беларускай гісторыі, і даўняй, і сучаснай. І многія, хто прачытае гэтую кнігу, даведаюцца шмат невядомага і нечаканага.

Другі разьдзел называецца «Русский мир». У ім сабраныя тэксты пра Расею, узаемадачыненьні беларускай і расейскай культураў, беларускай і расейскай моваў. Для мяне вельмі важныя эсэ «Каму Расея хлусіць?», «Чаму Расея хлусіць?» і «Як даўно Расея хлусіць?» Таксама вельмі канцэптуальны і праграмны тэкст для мяне — «Што нам варта ўзяць з расейскай культуры?» Гэты тэкст я пісаў адмыслова для сучасных, пераважна маладых, беларускіх інтэлектуалаў. І выснова таго тэксту парадаксальная: што з сучаснай беларускай культуры нам варта ўзяць Італію, Рэнэсанс і антычнасьць.

— Гэты разьдзел узьнік у апошнія пару гадоў ці ён быў задуманы даўно і высьпяваў? Бо «русский вопрос» — тэма ня новая. Апошнія падзеі навеялі, альбо гэта балела, хвалявала і раней?

— Расея, «Русский вопрос» — гэта, так сказаць, пастаянны, вечны клопат любога беларускага інтэлектуала. І, канечне, думаў пра гэта я даўно і пісаў раней. Але апошнія пару гадоў, вядома, абвастрылі гэтую сытуацыю, і таму тэксты 2013 і 2014 году трапілі ў гэты разьдзел.

Я лічу, што архітэктура як мастацтва ў сучаснай Беларусі памерла

Яшчэ адзін разьдзел прысьвечаны архітэктуры, Менску і стану гістарычных помнікаў сталіцы. Гэта мой вялікі клопат — архітэктура. Я лічу, што архітэктура як мастацтва ў сучаснай Беларусі памерла. Архітэктарам-мастакам на зьмену прыйшлі праектанты-інжынэры. Таму я назваў адно эсэ пра архітэктуру Беларусі «Сьмерць архітэктара». І гэты разьдзел таксама называецца «Сьмерць архітэктара».

Ну, і, нарэшце, апошні разьдзел кнігі называецца «Людзі і справы». Гэтыя тэксты пісаліся або з нагоды юбілеяў выдатных асобаў нашай культуры, альбо з нагоды іх адыходу. Там восем пэрсаналіяў. Я напісаў ня столькі пра гэтых людзей, колькі пра справы, якія яны рабілі і робяць у сваім жыцьці. На маю думку, гэта вельмі важна.

— Заўважу, што вельмі трапныя, прыгожыя, удалыя назвы эсэ. Яны прыцягваюць, інтрыгуюць, чапляюць — кожнае хочацца прачытаць. Да прыкладу — «Як Уладзімер Арлоў не апраўдаў маіх спадзяваньняў», «Прафэсар на ровары „Орлёнок“», «Як Юры Хадыка выклікаў рэпрэсіі на гістфаку БДУ», «Дэфлярацыя Менску», «Як я стаў „сталіністам“», «Менск накрыла зялёнай бляхай»... І ўсё ж такі: які з разьдзелаў для вас самы дарагі?

— Цяжка сказаць... Канечне, вялікі мой клопат — беларуская ідэя, беларуская культура. І тэкстамі ў разьдзеле «Русский мир» я мог бы ганарыцца. Але, канечне, самы дарагі і самы сэнтымэнтальны для мяне разьдзел — «Сьмерць архітэктара». У адным з тэкстаў — «Дэфлярацыя Менску» — пішацца пра тое, што сучасныя інтэлектуалы мала ўвагі аддаюць архітэктуры і ахове гістарычнай спадчыны і Менску, і іншых гарадоў. І гэта вельмі шкада, бо апошняя хваля беларускага нацыянальнага Адраджэньня пачыналася з аховы гістарычных помнікаў. Можна было б спадзявацца, што яна зойме вялікае месца ў клопаце тых беларускіх інтэлектуалаў і дзеячаў культуры, якія жывуць сёньня. Але так ня сталася. Таму я паспрабаваў канцэптуальна акрэсьліць і асэнсаваць тое, што цяпер адбываецца з архітэктурай і архітэктурнай спадчынай. Таму мне гэта вельмі дорага.

— А на якую аўдыторыю разьлічаная кніга?

— Я б адказаў так: гэта кніга для тых, хто не развучыўся чытаць і думаць. Для тых, для каго слова «культура» не пусты гук.

Ну, і вельмі хацелася, каб яе прачыталі тыя, хто не падзяляе маіх меркаваньняў і маіх каштоўнасьцяў. Магчыма, яны ўсё ж пачуюць мае аргумэнты і згодзяцца са мной.

— Цяпер амаль усё ёсьць у інтэрнэце. І ваша новая кніга ў фармаце PDF калі яшчэ не зьявілася, то абавязкова будзе разьмешчана на сайце прынамсі Радыё Свабода. Навошта выдаваць друкаваныя кнігі? Ну, для аўтара памацаць, патрымаць у руках сваю кнігу вельмі прыемна. Але новае пакаленьне ня кнігу трымае ў руках, а гаджэты, пляншэты, смартфоны...

Гэта толькі ў Беларусі сучасныя ўлады не аддаюць дастатковай увагі папяровай кнізе. А ў сьвеце кніга жыве

— Вы самі адказалі на сваё пытаньне, бо ня толькі друкаванае папяровае выданьне выйшла, але зьявіцца на сайце PDF-вэрсія, і ня толькі. Будзе распаўсюджвацца электронная кніга, для вольнага спампоўваньня яна будзе разьмешчана на некалькіх плятформах. Так што кожны, хто хоча гэта прачытаць, можа знайсьці яе на прымальным для сябе носьбіце. Але я ўсё ж такі спадзяюся, што кніжная культура не памрэ, і ў гэтым мяне пераконваюць мае падарожжы па сьвеце. Гэта толькі ў Беларусі сучасныя ўлады не аддаюць дастатковай увагі папяровай кнізе. А ў сьвеце кніга жыве. Ёсьць фантастычныя кнігарні па 5–6 паверхаў і ў Эўропе, і ў Амэрыцы. У Беларусі адначасова жыве шмат пакаленьняў. І ёсьць шмат тых, хто прывык чытаць менавіта папяровыя кнігі. Думаю, што і з самых маладых людзей пэўная частка чытае папяровыя кнігі. Так што варта выдавацца і так, і так.

— Што вы пажадаеце сваім чытачам?

— Гэта кніга, паўтаруся, для тых, хто не развучыўся чытаць. І таму чытачу, які возьме яе ў рукі ці захоча спампаваць і прачытаць у электронным варыянце, я жадаю адкрыцьцяў. Спадзяюся, што для шмат каго там будзе нямала новай інфармацыі, малавядомых ці зусім невядомых гістарычных фактаў. Таксама, магчыма, нечаканага погляду на некаторыя грамадзкія і культурныя зьявы і працэсы ў сёньняшняй Беларусі. Майго асабістага погляду. Таму я жадаю чытачам разуменьня мяне як аўтара і майго клопату пра беларускую культуру.

Кніга «Мой Картаген» у ПДФ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG