Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Аўтуховіч працуе кіроўцам <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Днямі былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч уладкаваўся ў Ваўкавыску кіроўцам у прыватным транспартным прадпрыемстве “Ніка-таксі”.


Яно працягвае традыцыі ягонай фірмы таксовак, якую ён меў да зьняволеньня. Знайсьці працу ён павінен быў згодна з умовамі зьмякчэньня пакараньня.

У Мікалая Аўтуховіча зьмены ў працоўным пакоі: на сьцяне зьявілася мастацкая кампазыцыя зь бел-чырвона-белым сьцягам і гербам “Пагоня”. Ён паведамляе, што цяпер зьяўляецца кіроўцам, праўда, пасажыраў ня возіць. Грошы яшчэ не атрымліваў, але будзе трыста тысяч рублёў.

“Пад сьцягам” “Ніка-таксі” цяпер езьдзіць 31 машына — болей, чым было некалі ў яго самога. На ўсіх машынах ягоны ранейшы тэлефонны нумар — “22222”. Праўда, на таксі сталі эканоміць, кажа Аўтуховіч.

Аўтуховіч: “Сёньня той час, калі людзі заўжды езьдзілі добра, зіма. Яны павінны езьдзіць, але яны ня езьдзяць, у людзей сёньня няма грошай. У нас езьдзілі лепей чаму? Таму што горад знаходзіцца блізка мяжы, людзі, якія езьдзілі ў Польшчу, маглі зарабляць. Цяпер “закрылі” Польшчу, у людзей увогуле няма грошай”.

Пакуль ён сядзеў у турме, жыхары Ваўкавыска не адмовіліся ад таксі “22222”.
Калі ў горадзе стала вядома, што Аўтуховіч вызваліўся, людзі сталі болей тэлефанаваць.


Аўтуховіч: “Людзі падтрымліваюць, нават дыспэтчары заўважылі: калі мяне выпусьцілі, і ў горадзе стала вядома, што Аўтуховіч вызваліўся, людзі проста сталі болей тэлефанаваць”.

Раней у Мікалая Аўтуховіча было 25 таксовак.

Аўтуховіч: “Застаўся адзін мэталазлом: за два гады, калі я быў у турме, калі іх арыштоўвалі, апісвалі, ставілі пад плот. Што можа з машынай здарыцца, калі яна два гады прастаяла: усё акісьлілася, гумкі сапсаваліся, там пацякло. Гэта ўжо могілкі”.

Толькі пяць з ранейшых аўтамабіляў па-ранейшаму езьдзяць. У даход дзяржавы, паводле рашэньня суду, забяруць дзевяць машын.

Аўтуховіч: “Яны прыходзілі забіраць, кажуць: вы нам аднавіце гэта, аднавіце гэта. А я кажу ім: зараз, кіну ўсе справы і яшчэ буду грошы ўкладаць. Нічога рабіць ня буду. Яны былі на хаду, ёсьць адказныя людзі, якія бралі іх на захаваньне, яны будуць адказваць за гэта”.

Мікалай Аўтуховіч зазначае, што з падаткамі ў яго было ўсё ў парадку. А пасадзілі яго за “віртуальную” фірму таксі, якую ён, на думку суду, павінен быў стварыць, але не стварыў. На гэтую няісную фірму налічылі вялікую суму падаткаў, за якія ваўкавыскі прадпрымальнік трапіў у турму. Яго цяперашняя мэта — абскардзіць прысуд.


Мікалай Аўтуховіч (справа) са сваім калегам Юрыем Лявонавым. Іх пасадзілі разам, спадар Лявонаў прабыў за кратамі паўтары гады, астатні тэрмін яму скасавалі
Сёньня Аўтуховіч павінен двойчы на месяц адзначацца ў міліцыі, знаходзіцца дома з 19 гадзінаў да 6-й раніцы, у выпадку ад’езду яму неабходна мець камандзіровачнае пасьведчаньне.

Мікалаю Аўтуховічу замянілі зьняволеньне на абмежаваньне свабоды па месцы жыхарства. Яго пасадзілі на тры з паловай гады па абвінавачаньні за няўплату падаткаў у асабліва буйным памеры і за ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі, без атрыманьня ліцэнзіі. За кратамі прадпрымальнік прабыў крыху больш за два гады.

Апроч аўтамабіляў Аўтуховіча, у даход дзяржавы забяруць таксама частку яго нерухомасьці: кватэру, склады, павільён на прывакзальнай плошчы. Іх прададуць з аўкцыёну, які заплянаваны на 28 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG