Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканцы зьбіраюцца зьбіць свой спадарожнік


Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш загадаў Пэнтагону зьбіць амэрыканскі спадарожнік-шпіён, які выйшаў з-пад кантролю і можа зваліцца на зямлю.


Улады заяўляюць, што апэрацыя на падставе высокіх тэхналёгіяў можа ўратаваць жыцьці людзей. Але існуе і палітычнае вымярэньне сытуацыі.

Паведамленьне Пэнтагону нагадвае сюжэт галівудзкага трылера. Амэрыканскія марскія караблі з дапамогай магутных радараў сочаць за пашкоджаным спадарожнікам-шпіёнам, які са сьмертаносным ракетным палівам паволі, але няўмольна рухаецца ў накірунку Зямлі. У наступныя два тыдні з аднаго з караблёў будзе выпушчана ракета-перахопнік, якая расстраляе спадарожнік. Ён разьляціцца на дробныя фрагмэнты, бальшыня якіх згарыць у верхніх слаях атмасфэры.

Падзеньне спадарожніка магло б мець трагічныя вынікі

Іншы варыянт разьвіцьця падзеі можа мець трагічныя вынікі. Спадарожнік памерам з аўтобус і вагою каля 9 тон падае на Зямлю і, ня выключана, на нейкі населены пункт. Акрамя сьмерцяў і калецтваў людзей, разбурэньняў будынкаў, узьнікае небясьпека экалягічнай катастрофы.

Вось як патлумачыў сытуацыю журналістам намесьнік памочніка прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джэймс Джэфры:

“Верагоднасьць таго, што спадарожнік упадзе ў населенай мясцовасьці, малая, а канцэнтрацыя і працягласьць знаходжаньня таксычнага гідразіну ў атмасфэры будуць абмежаваныя. Нягледзячы на гэта, калі спадарожнік упадзе ў населенай мясцовасьці, для людзей ня выключаная небясьпека сьмерці ці калецтва. І яна большая, чым звычайна ўзьнікае пры падзеньні касьмічных аб’ектаў. Таму прэзыдэнт палічыў, што гаворка ідзе пра дастаткова высокую рызыку, каб пачаць хвалявацца за жыцьці людзей”.

Прадстаўнік Пэнтагону генэрал Джэймс Картрайт паведаміў сёньня, што ўдар па спадарожніку будзе нанесены цягам наступных двух тыдняў, непасрэдна перад уваходам спадарожніка ў атмасфэру, бо ў атмасфэры яго паводзіны будуць непрадказальнымі.

Выпрабаваньне супрацьракетнага шчыта?

Ніхто нічога ня мае супраць таго, што найноўшыя дасягненьні навуковай думкі амэрыканцы выкарыстаюць дзеля гуманных мэтаў. Аднак, назіральнікі зьвярнулі ўвагу і на палітычны аспэкт гэтай апэрацыі. Выкарыстаньне складанага радара ў сачэньні за спадарожнікам і пасылка ў космас ракеты-перахопніка, каб зьбіць там аб’ект, вельмі нагадвае працэдуру нэўтралізацыі ядзернай ракеты. А таму назіральнікі кажуць, што гэтая апэрацыя зьявіцца яшчэ і рэальным выпрабаваньнем радара і ракетнай абароннай тэхналёгіі, якія ЗША зьбіраюцца разьмясьціць у Чэхіі і Польшчы. Калі апэрацыя ўдасца, дык, пішуць аналітыкі, будзе шмат шчасьлівых твараў у Белым доме і Пэнтагоне.

Сёньняшняе паведамленьне адбылося празь некалькі дзён пасьля таго, як Расея і Кітай прапанавалі на канфэрэнцыі ў праблеме раззбраеньня праект рэзалюцыі аб забароне касьмічнай зброі.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG