Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімір Пуцін – за расейскі рубель для Беларусі


Сёньня Ўладзімір Пуцін правёў сваю апошнюю прэсавую канфэрэнцыю на пасадзе прэзыдэнта Расеі.


Ён выказаўся па шырокім спэктры пытаньняў: ад вынікаў свайго 8-гадовага кіраваньня і праблемаў расейскага Далёкага Ўсходу да ацэнак Дзьмітрыя Мядзьведзева і амэрыканскага супрацьракетнага шчыта ў Эўропе. Пуцін падкрэсьліў, што пасьля 2 сакавіка не адбудзецца зьменаў на беларускім кірунку расейскай замежнай палітыкі і чарговы раз выказаўся за пераход Беларусі на расейскі рубель.

Адказваючы на пытаньне пра сваё самае вялікае дасягненьне на пасадзе прэзыдэнта Расеі Пуцін адзначыў, што за апошнія восем гадоў Расея набыла нацыянальнае адзінства і збудавала моцную эканоміку, угрунтаваную на рынкавых прынцыпах:

“Я ўпэўнены, і мне ня сорамна перад грамадзянамі, якія галасавалі за мяне двойчы, абіраючы мяне прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі. Усе гэтыя 8 гадоў я гарбеў, як нявольнік на галерах, з раніцы да вечара, і рабіў гэта з поўнай аддачай сілы. Я задаволены вынікамі сваёй працы”.

Ён заявіў, што ніколі ня меў спакусы пайсьці на трэці прэзыдэнцкі тэрмін, назваў Дзьмітрыя Мядзьведзева бліскучым мэнэджарам з моцнымі арганізацыйнымі здольнасьцямі, падкрэсьліў, што давярае яму асабіста і сказаў, што “Мядзьведзеву ня сорамна і ня страшна аддаць вагары кіраваньня краінай”.

Значная частка пытаньняў і адказаў тычылася міжнароднай палітыкі. Пуцін выказаў меркаваньне, што пасьля 2 сакавіка не адбудзецца ніякіх зьменаў у замежнай палітыцы Расеі на беларускім кірунку. Паводле яго, асновай інтэграцыі Расеі і Беларусі павінна стаць эканоміка. Пуцін нагадаў, што адной з задачаў інтэграцыі быў пераход Беларусі на расейскі рубель. Прэзыдэнт Расеі заўважыў, што цяпер расейская фінансавая сыстэма стабільная як ніколі, і, на ягоную думку, ад пераходу на расейскі рубель для беларускай эканомікі і для грамадзянаў Беларусі нічога, акрамя выгадаў, няма. Разам з тым Пуцін падкрэсьліў, што гэта магчыма зрабіць толькі ў тым выпадку, калі беларускія партнэры гэтага хочуць. “Мы нічога накідаць не зьбіраемся”, – заявіў ён.

Ён таксама выказаўся за ўніфікацыю мытаў, каб не было асьцярог, што ў Маскве ці ў Менску будуць прымацца няўзгодненыя рашэньні ў гэтай галіне.

Расейскі прэзыдэнт чарговы раз выказаў сваё рэзка крытычнае стаўленьне да разьмяшчэньня ў Чэхіі і Польшчы элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны і паўтарыў пагрозу накіраваць расейскія ракеты на гэтыя аб'екты:

“Нашыя экспэрты лічаць, што гэтая сыстэма пагражае нашай нацыянальнай бясьпецы. І калі яна зьявіцца, мы будзем вымушаныя адэкватна рэагаваць. Вось тады мы, відаць, вымушаныя будзем пераскіраваць частку ракетных сыстэм на гэтыя аб'екты, якія нам пагражаюць. Ня мы ж іх ствараем. Мы просім гэтага не рабіць, нас ніхто ня слухае”.

Пуцін назваў пляны прызнаньня незалежнасьці Косава “супрацьпраўнымі і амаральнымі”. Паводле яго, Косава – зусім не асобны выпадак, ён прыгадаў, іншыя тэрыторыі, якія зьяўляюцца дэ-факта незалежнымі дзяржавамі – Паўночны Кіпр, Паўднёвую Асэтыю, Абхазію і Прыднястроўе.

Камэнтуючы адмову Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ накіраваць сваіх назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў Расею, Пуцін заявіў, што Расея брала на сябе міжнароднае абавязаньне запрашаць назіральнікаў АБСЭ і зрабіла гэта. Паводле яго, у гэтых абавязках не пазначана дакладна, колькі назіральнікаў краіна павінна запрашаць і на які тэрмін. “Хай яны сваіх жонак вучаць, як капусту варыць”, – параіў прэзыдэнт Расеі прадстаўнікам бюро АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG