Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хопіць вам, апазыцыянэры, сядзець у замежжы!”


Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 14 лютага, чацьвер.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


Сёньня ў многіх краінах сьвету, у тым ліку і ў Беларусі, адзначаюць Дзень сьвятога Валянціна. Гэты сьвяты лічыцца абаронцам закаханых і хворых, а таксама апекуном міру і пчаляроў. З гэтай нагоды тэлефанаваньні слухачоў:

Ільля Копыл, Менск: “Віншую журналістаў і ўсіх супрацоўнікаў Радыё Свабода, і асабіста Валянціна Жданко, Валянціну Аксак з Днём сьвятога Валянціна. Зычу ўсім моцнага здароўя, шчасьця, посьпехаў у вашай нялёгкай, але вельмі патрэбнай працы. І многа-многа каханьня! Гэта самае прыгожае, самае прыемнае і самае захапляльнае пачуцьцё. Дзякуй за ўвагу”.

Зіноўеў: “Хачу тэлефоннай валянцінкай падзякаваць рэдакцыі за рэпартажы “Свабоды”, якія вялі слухачы празь “Белтэлерадыётуман”. Дзякуй”.

Кіраўнік Беларусі прызначыў старшынём Канстытуцыйнага суду былога генэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча, а Генэральным пракурорам стаў Рыгор Васілевіч, які дагэтуль узначальваў Канстытуцыйны суд. Камэнтары слухачоў:

Валеры Курневіч, Барысаў: “Пётар Міклашэвіч зьмяніў пасаду: стаў старшынём Канстытуцыйнага суду. Якім ён быў генпракурорам, такім ён будзе і старшынём. Упэўнены, Канстытуцыя маёй Беларусі і далей будзе ў загоне”.

Спадарыня: “Спадар Міклашэвіч і на новай пасадзе бярэцца будаваць “дзяржаву для народа”. Тым часам у народа не пытаюцца і дзяруць зь яго грошы на горналыжныя курорты, лядовыя палацы ды тэнісныя корты. А тым часам дабротамі карыстаюцца чыноўнікі і начальнікі”.


Далей выказваньні на адрас высокапастаўленых чыноўнікаў і лідэраў апазыцыі:

Спадар, былы афіцэр міліцыі: “Паважаны генэрал Чаргінец. Для вас быў бы большы гонар, калі б вы ачолілі камісію па расьсьледаваньні справы Юрыя Захаранкі, а не судзіліся зь незалежнымі журналістамі”.

Анастас Семяновіч: “Галоўны начальнік Беларусі нагадаў, што эўрапейскія чыноўнікі самі сябе загналі ў кут надуманымі тэмамі палітвязьняў і правоў чалавека. Мне сорамна за вас, галоўны начальнік Беларусі. Трэба выконваць усе 12 умоваў Эўропы, выпусьціць з турмаў палітзьняволеных. У Эўразьвязе вельмі добра захоўваюць правы і свабоды грамадзянаў”.

Спадар: “Я зьвяртаюся да Навумчыка і Пазьняка. Хопіць вам сядзець там у замежжы.Трэба прыяжджаць у Беларусь і мяняць гэтую бальшавіцкую карумпаваную ўладу. Ужо час. Няма чаго вам там адседжвацца. Вялікі дзякуй за ўвагу”.


Выказваньне камэнтуе намесьнік старшыні партыі БНФ Юрась Беленькі:

“Дзякаваць Богу, што лёс Зянона Пазьняка склаўся інакш, чым лёс Чарнавіла, Дудаева, Гамсахурдыя ды іншых лідэраў нацыянальнага руху, якія паднялі свае народы на змаганьне за незалежнасьць і свабоду. Прыйдзе час, калі Зянон Пазьняк вернецца на радзіму і тут працягне гэтую справу”.

Далей выказваньні на тэму адмены льгот і становішча ў Беларусі беларускай мовы:

Спадарыня: “Цяпер я вам радзей тэлефаную, бо мне зьнялі льготы на тэлефон і прыходзіцца больш плаціць. І я ўжо стрымліваюся. Дзякую вам за ўвагу”.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Добры дзень, Радыё Свабода! На вялікі жаль, у нас зусім нязначная колькасьць людзей карыстаецца беларускай мовай. Хацелася б, каб наша родная мова гучала ў школах, на вуліцы, у дзяржаўных установах.


Бяз мовы жыць нельга на сьвеце.
Пра гэта вядома і дзецям.
Няхай жа гучыць адмыслова
Купалы і Коласа мова,
Мая беларуская мова”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG