Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці А.Зьдзьвіжкова: “Ліставаньне з сынам спынілася”


Маці журналіста “Згоды” Аляксандра Зьдзьвіжкова паведаміла, што днямі пойдзе ў ізалятар на Валадарскага, каб высьветліць, чаму ён ня піша дамоў.


Разгляд касацыйнай скаргі былога намесьніка рэдактара газэты “Згода” Аляксандра Зьдзьвіжкова адбудзецца ў Вярхоўным судзе 22-га лютага. Пра гэта паведамілі ў канцылярыі Менскага гарадзкога суду.

Суд прызнаў Аляксандра Зьдзьвіжкова вінаватым у распальваньні рэлігійнай варожасьці за тое, што два гады таму той перадрукаваў з дацкай газэты карыкатуры на прарока Мухамада. Журналіст абскардзіў прысуд і цяпер утрымліваецца ў менскім сьледчым ізалятары ў чаканьні разгляду скаргі.

Мне ўдалося датэлефанавацца да маці Аляксандра Зьдзьвіжкова Ганны Анатолеўны, якая пэўны час была ў ад’ездзе. Жанчына распавяла, што бачыла сына яшчэ да суду ў ізалятары КДБ і ў той час ён дасылаў ёй шмат лістоў. “А як пасьля суду яго перавялі ў ізалятар на Валадарскага, ліставаньне спынілася”, – непакоіцца Ганна Зьдзьвіжкова. Днямі жанчына зьбіраецца прыехаць з Барысава ў Менск і пайсьці ў ізалятар. “Па-першае, трэба перадаць яму перадачу, а па-другое, высьветліць, што зь ім”, – кажа Ганна Анатолеўна.

“Чакаю ад яго паведамленьня, што яму патрэбна. Да суду перадавала яму цёплыя рэчы, кнігі і ўсё, што трэба, ня лічачы харчоў, а цяпер ня ведаю, што трэба. Даслала яму 50 тысяч на капэрты, думала, яму перададуць, але ад яго ўсё роўна ніякіх зьвестак”.

Маці Аляксандра Зьдзьвіжкова таксама абураецца жорсткасьцю прысуду, які вынесьлі яе сыну. Яна сказала, што абавязкова прыйдзе на разгляд скаргі ў Вярхоўны суд, але ня ведае, ці пусьцяць яе. Нагадаю, працэс над Аляксандрам Зьдзьвіжковым у Менскім гарадзкім судзе быў закрытым.

Учора, 13-га лютага дацкія газэты зноў зьмясьцілі на сваіх старонках скандальныя карыкатуры на прарока Мухамада. “Гэта тлумачыцца імкненьнем мэдыяў “выступіць супраць фанатызму, у абарону свабоды друку і свабоды думак”, – патлумачылі дацкія журналісты. А як журналісты ў Беларусі ўспрынялі прысуд Аляксандру Зьдзьвіжкову?

Вядомы газэтны карыкатурыст Алег Папоў бачыў карыкатуры на Мухамада ў інтэрнэце. “Як прафэсіяналу мне гэтыя карыкатуры ня вельмі спадабаліся. Тым больш я б ня стаў маляваць на гэтую тэму”, – шчыра зазначыў карыкатурыст. Але і пакараньне журналісту турмой Алег Папоў не ўхваліў:

“Пры чым тут турма? Разумею, калі караюць за парнаграфію, нейкія заклікі... Але таксама не турмой, а звальняюць ці даюць выданьню папярэджаньне. А тое, што за карыкатуры пакаралі турмой – гэта занадта”.

Беларускія праваабаронцы і шмат хто ў сьвеце патрабуюць вызваленьня Аляксандра Зьдзьвіжкова, якога лічаць вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG