Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Ракіцкі: "Люты – месяц добрага кіно"


Мастацтвазнаўца Вячаслаў Ракіцкі пра кінафэствалі лютага.


Люты – увогуле месяц для кінаманаў. Гэта час, калі падводзяцца вынікі мінулага кінагоду, уручаюцца прэстыжныя ўзнагароды. І гэта месяц, калі пачынаецца новы гадавы цыкл кінафэстаў. Месяц распачаўся ўручэньнем прэміяў брытанскай акадэміі кінематаграфічных і тэлевізійных мастацтваў (БАФТА) і завершыцца ўганараваньнем прэміямі Амэрыканскай кінааакадэміі “Оскар”. А паміж гэтымі двума падзеямі, менавіта ў гэтыя дні, у Бэрліне адбываецца адзін з самых прэстыжных кінафэстаў – 58-е Бэрлінале.

Чым адметнае сёлетняе “Бэрлінале”?

Мік Джагер на Бэрлінскім кінафэстывалі
Зь першых уражаньняў выглядае, што сёлета арганізатары паспрабавалі разбурыць стэрэатып пра Бэрлінскі фэстываль як найбольш кансэрватыўны і палітызаваны. Адкрыцьцё фэстывалю ўзарвалася музыкай “Ролінг Стоўнз”, і па чырвонаму дыванку прайшліся самі “ролінгі” разам з адным з найбольш папулярных амэрыканскіх кінарэжысэраў, оскараўскім ляўрэатам Марцінам Скарсэзэ. Менавіта ягоным дакумэнтальным фільмам “Shine A Light” (“Хай будзе сьвятло”) пра легендарных музыкаў і іхні канцэрт у Нью-Ёрку і адкрыўся фэстываль. Публіка і ў часе паказу вішчэла ня меней, чым на саміх жывых канцэртах “Ролінг Стоўнз”. А Джагера і Рычардса сустракала так, як не сустракала нават Робэрта дэ Ніра. Болей за тое, на фэстывалі паказала свой рэжысэрскі дэбют і Мадона. Далей пакуль усё адбываецца традыцыйна. Паказваецца сур’ёзнае кіно.

Каго называюць фаварытамі ў змаганьні за галоўны прыз -- “Залатога мядзьведзя”?

За яго змагаюцца 21 фільм. Сярод фаварытаў конкурснай гонкі называецца фаварыт і амэрыканскай оскараўскай гонкі – фільм Пола Томаса Андэрсана “There Will Be Blood” (“Там будзе дрэнна”). Знакаміты англічанін Майк Лі прывёз сваю новую камэдыю “Бестурботныя”. Крытыкі таскама зьвяртаюць увагу на бразільскі фільм “Элітны атрад” Хасэ Падыльі. Карціну ужо называюць магутнай і брутальнай, у лепшых традыцыях карціны “Горад Бога”.

Акрамя таго крытыкі шмат пішуць пра фільм японскага рэжысэра Ёдзі Ямады “Кабэй -- наша маці” (Гэтым разам не пра самураяў. А пра Японію другой усясьветнай вайны). І нарэшце – фільм патрыярха польскага і эўрапейскага кіно Анджэя Вайды “Катынь” – драма пра лёсы сваякоў забітых энкэвэдыстамі ў катынскім лесе польскіх афіцэраў.

Такім чынам, праграма вельмі насычаная і палітычнымі стужкамі, і паэтычнымі, і музычнымі, і дакумэнтальнымі, і камэрцыйнымі. Сярод іх і тыя, шўто прэтэндуюць на амэрыканскі “Оскар”.

Сёньня стала вядома, што гільдыя кінасцэнарыстаў у ЗША спыніла нарэшце свой 100-дзённы страйк. Такім чынам, небясьпека адмены супэр-шоў уручэньня прэміяў амэрыканскай кінаакадэміі зьнікла, як гэта было нядаўна з “Залатым глёбусам”.

Хто там сярод найбольш значных фаварытаў “Оскара”?

Сярод фаварытаў “Оскара” і адзін з фаварытаў Бэрлінале --“There Will Be Blood” Пола Томаса Андэрса. Таксама фільм “Выкупленьне” Джо Райта паводле рамана Іэна Мак’юэна. Карціна ўжо мае шмат прэстыжных прызоў, нядаўна атрымала “Залаты глёбус” і прэмію Брытанскай акадэміі кінематаграфічных і тэлевізійных мастацтваў (БАФТА). А таксама “Старым тут ня месца” братоў Коэнаў.

Хачу падкрэсьліць важнасьць атрыманьня фільмам “Катынь” Анджэя Вайды “Оскара” ў намінацыі “лепшы фільм на замежнай мове”. Атрыманьне “Оскара” гэтай карцінай яшчэ раз прыцягнула б усясьветную ўвагу і да нашай гісторыі, да таго, якія чалавечыя трагедыі спарадзіў камуністычны рэжым.

***
Дарэчы, людзі кіно вельмі часта зьвяртаюць увагу на палітыку. Так Стывен Спілбэрг адмовіўся ад удзелу ў падрыхтоўцы цырымоніяў адкрыцьця і закрыцьця Алімпійскіх гульняў у Пэкіне. Амэрыканскі кінарэжысэр заявіў, што прыняў гэтае рашэньне на знак пратэсту супраць супрацоўніцтва ўладаў Кітаю з Суданам, дзе ў правінцыі Дарфур адбываецца гвалт над насельніцтвам. Судан прадае нафту Кітаю, Пэкін пастаўляе зброю Хартуму.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG