Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Касьцян: “Чыё б мычала...”


Сёньня міжнародная няўрадавая арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” апублікавала штогадовы даклад пра становішча са свабодай прэсы ў сьвеце.


Сёлетні даклад называецца “Гаротны стан журналістаў у 98 краінах сьвету”. Дзьве з паловай старонкі дакладу прысьвечаныя становішчу са сродкамі масавай інфармацыі і інтэрнэтам у Беларусі.

У прэамбуле да свайго дакладу “Рэпартэры бязь межаў” адзначаюць, што “недахоп рашучасьці дэмакратычных краінаў у абароне свабоды прэсы насьцярожвае”.

Што да Беларусі, то “сытуацыя са свабодай прэсы ў апошняй дыктатуры Эўропы не палепшылася ў 2007 годзе. Ціск афіцыйных уладаў на мэдыі працягваецца, і інтэрнэт таксама трапіў пад пільную ўвагу”, — канстатуюць “Рэпартэры бязь межаў”.

Намесьнік галоўнага рэдактара газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна кажа:

“Учорашні выступ Аляксандра Лукашэнкі перад студэнтамі факультэта журналістыкі, як мне падаецца, сьведчыць, што паляпшэньняў чакаць немагчыма, бо ў кіраўніцтва краіны няма разуменьня таго месца, якое займаюць сродкі масавай інфармацыі ў сапраўды цывілізаваным грамадзтве. Лукашэнка шчыра прызнаўся, што ён кантралюе сродкі масавай інфармацыі, бо яны зьяўляюцца “дэструктыўнай сілай”. На самой справе ў цывілізаванай дзяржаве СМІ кантралююць дзяржаву, і яны выступаюць канструктыўнай сілай”.

На дзьвюх з паловай старонках ідзе пералік прыкладаў: па-ранейшаму “Белпошта” застаецца манапалістам, парлямэнцкая камісія адхіліла прапановы Беларускай асацыяцыі журналістаў унесьці зьмены ў Закон аб СМІ. Называюцца газэты, якія зазналі адміністратыўны ціск, прозьвішчы пацярпелых журналістаў і гэтак далей.

Намесьнік парлямэнцкай камісіі ў міжнародных справах Сяргей Касьцян наконт дакладу ўплывовай міжнароднай арганізацыі выказаўся так:

“Рэпартэры бязь межаў” няхай паглядзяць, дзе, якая пошта вядзе падпіску на газэты ў ЗША, Францыі, Аўстрыі? Там хлопчыкі бегаюць па вуліцы, прадаюць газэты. Таму, як кажуць, “чыё б мычала, а іх маўчала”.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна адзначыла, што даклад “Рэпартэраў бязь межаў” зьявіўся адначасова з выступам Аляксандра Лукашэнкі перад студэнтамі журфаку, дзе беларускі кіраўнік выказаў сваё бачаньне сытуацыі. Але разуменьне ролі прэсы ў абодвух бакоў рознае:

“Тое, што сродкі масавай інфармацыі павінны кантралявацца дзяржавай, — такога кшталту выказваньне выклікае непаразуменьне. Таксама ўчора гучала, што нашы мэдыі зьяўляюцца баромэтрам грамадзкай думкі, уплываюць на палітычныя рашэньні. Сёньня можна, наадварот, канстатаваць, што дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ня толькі не адлюстроўваюць грамадзкую думку, а проста зьяўляюцца статыстамі ўлады, яны сёньня выконваюць прапагандысцкія замовы, забясьпечваюць ідэалягічнае суправаджэньне гэтых палітычных рашэньняў”.

Што да кантролю над СМІ, намесьнік парлямэнцкай камісіі ў міжнародных справах Сяргей Касьцян прывёў сьвежы прыклад зь дзяржаўнай прэсай:

“А як інакш? Бо не кантралюй, дазволь, дык напішуць так, як учора напісаў галоўны рэдактар газэты “Рэспубліка” супраць парлямэнту. Галоўны рэдактар нават ня ведае, што ў дэпутатаў няма ніякіх ільготаў, іх адмянілі ў 1998 годзе! Дык хто за гэтую хлусьню, за гэтае глупства, за гэтую дэзынфармацыю павінен адказваць? Дык як жа не рэгуляваць, не кантраляваць?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG