Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы – пра Карту паляка


З канца сакавіка польскія ўлады зьбіраюцца ўвесьці “карту паляка”. Паводле яе, напрыклад, беларускія палякі змогуць атрымліваць бясплатныя візы і мець у Польшчы ільготы пры навучаньні, працы і лячэньні. Міністэрства замежных справаў Беларусі заявіла, што ажыцьцяўленьне гэтага праекту можа “сур’ёзна дэстабілізаваць міжнацыянальныя адносіны ў беларускім грамадзтве, парушыць яго стабільнасьць і спарадзіць недавер паміж беларускімі грамадзянамі розных нацыянальнасьцяў”.


Што думаюць у сувязі з гэтым жыхары Горадні? Наш карэспандэнт пагутарыў з парафіянамі аднаго з касьцёлаў, сярод якіх былі і палякі, і беларусы.

Спадар: “Я думаю, што дэстабілізацыі ніякай ня можа быць. А ўвогуле жаданьне атрымаць “карту паляка” ў большай ступені, я думаю, выклікана ўсё ж эканамічнымі прычынамі: палягчэньнем пераезду церазь мяжу, каб лягчэй было трапіць у Польшчу па сваіх справах, перш за ўсё па справах эканамічнага парадку, вось і ўсё”.

Карэспандэнт: “З уводам шэнгенскіх візаў у польскім консульстве стала цяжэй атрымаць візу?”

Спадар: “Безумоўна, стала цяжэй. Пытаньне ўласна заключаецца ў іншым. Мне асабіста толькі на карысьць увядзеньне “карты паляка”, бо ў мяне зьявілася работа ў зьвязку з гэтым – архіўныя дасьледаваньні, паколькі даволі складаная сыстэма доказаў: паляк чалавек ці не, у якім пакаленьні паляк і гэтак далей. Я ня думаю, што гэта нейкім чынам дэстабілізуе становішча тут у нас міжнацыянальнае, яно й так напружанае, далей ужо няма куды”.

Спадар: “Я чуў такое, што будуць зьбірацца дадзеныя пра бацькоў, што яны чыстакроўныя палякі, бо нам спатрэбіцца пасьведчаньне, дзе будзе запісана, што мы таксама зьяўляемся палякамі, што бралі шлюб у касьцёле, што дзеці там хрышчаныя…”

Карэспандэнт: “Вы самі зьбіраецеся гэтым карыстацца?”

Спадар: “Я толькі чакаю гэтага, у мяне 27-га канчаецца віза польская, і застаюся бяз працы”.

Спадар: “Гэтая нашая праца. Мяжа цяпер свабодная, вось цяпер выяжджаю, ня буду ні хвіліны стаяць там. Ну, калі зробяць гэта ўсё, лічу, было б нядрэнна”.

Карэспандэнт: “Карацей, вам патрэбна “карта паляка” таму, што лягчэй будзе візу атрымаць? І каб зарабляць памежным гандлем?”

Спадар: “Ну, а як жа інакш? У нас жа прадпрыемствы не працуюць практычна. Я разумею, каб яны мяжу закрылі, а на прадпрыемствах далі працу, то можна было б... А калі мяжа закрытая, прадпрыемствы стаяць, куды народу цяпер ісьці? Цяжкое пытаньне для нас”.

Карэспандэнт: “Вы таксама будзеце падаваць дакумэнты, каб даказаць сваё польскае паходжаньне і каб атрымаць “карту паляка”?

Спадарыня: “Я думаю, так”.

Карэспандэнт: “Скажыце, беларускія ўлады гавораць, што гэта можа выклікаць напружаньне паміж людзьмі розных нацыянальнасьцяў у Беларусі, бо палякам лепш, прасьцей візы атрымаць, што вы думаеце?”

Спадарыня: “Вы ведаеце, я думаю, што такая размова можа быць. У прынцыпе, я думаю, беларусы застануцца, як гэта сказаць, не задаволеныя такім рашэньнем. Таму што мы жывем у Беларусі як каталікі разам з праваслаўнымі, і мы, вядома ж, не хацелі б і іх пакрыўдзіць”.

Карэспандэнт: “Калі будуць няроўныя ўмовы з тымі ж візамі ў параўнаньні з палякамі для беларусаў, для іншых, ці можа гэта выклікаць нейкае напружаньне ў беларускім грамадзтве?

Малады спадар: “Думаю, наўрад. Калі камусьці будзе зайздросна, то падставаў для зайздрасьці ў беларускім грамадзтве хапае й бяз гэтага. Па-мойму, гэта штучнае разьдзіманьне праблемы, палітычныя гульні. Цалкам нармальная рэч: хочуць палякі ўвесьці “карту паляка”, няхай уводзяць, гэта іхняе права. Я ня супраць, напрыклад”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG