Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Новы час” мусіць заплаціць М.Чаргінцу 50 мільёнаў <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Аляксандар Тамковіч, Жанна Літвіна і Аляксей Кароль у Менскім гарадзкім судзе
Аляксандар Тамковіч, Жанна Літвіна і Аляксей Кароль у Менскім гарадзкім судзе

Рэдакцыя газэты “Новы час” абскардзіла ў Менскім гарадзкім судзе прысуд Першамайскага раённага суду. Калегія гарадзкога суду скаргі не задаволіла.


Нагадаем: 20 сьнежня суд часткова задаволіў пазоў чальца Савету Рэспублікі Мікалая Чаргінца да газэты “Новы час” і журналіста Аляксандра Тамковіча. Паводле раённага суду, некаторыя фразы артыкулу А.Тамковіча “Генэрал-сэнатар Чаргінец” абражаюць гонар і годнасьць чыноўніка. А.Тамковіч мусіць заплаціць мільён рублёў, а газэта – 50 мільёнаў рублёў кампэнсацыі.

У Менскі гарадзкі суд прыйшлі прадстаўнікі газэты і праваабаронцы зь Беларускай асацыяцыі журналістаў. Старшыня арганізацыі Жанна Літвіна яшчэ ў Першамайскім раённым судзе заявіла, што прысуд газэце “Новы час” і Аляксандру Тамковічу — на мяжы амаральнасьці.

Яна падкрэсьліла, што шматмільённыя пазовы да журналістаў і недзяржаўных газэт з боку чыноўнікаў адрозьніваюцца ад пазоваў да звычайных людзей.

“Складваецца такое ўражаньне, што ўсё вырашалася не ў судзе і ня тымі людзьмі, якія разглядалі справу, – гаворыць Жанна Літвіна. – Былі спадзяваньні, што вышэйшая інстанцыя выслухае адваката і людзей, якія задзейнічаныя ў гэтай справе, і хоць нейкім чынам паспрабуе ўмяшацца ў папярэдняе рашэньне суду. Гэта яшчэ адно сьведчаньне, што суды выкарыстоўваюцца для прыняцьця палітычных рашэньняў”.

Першапачаткова Мікалай Чаргінец прасіў спагнаць з Аляксандра Тамковіча, аўтара публікацыі “Генэрал-сэнатар Чаргінец”, 100 мільёнаў рублёў, а з газэты — 500 мільёнаў. Пазьней ён зьменшыў суму пазову да 5 мільёнаў з аўтара і 50 мільёнаў — з газэты.

Рэдактар газэты “Новы час” Аляксей Кароль лічыць, што судовае рашэньне стане яшчэ адным крокам у справе ліквідацыі чарговага недзяржаўнага выданьня — а такіх выданьняў застаецца ўсё менш:

“50 мільёнаў – гэта вялікая сума, нават большая за гадавы бюджэт. Калі меркаваць па суме, якая была выстаўленая і прысуджаная, відавочна, што гонар і годнасьць тут дапаможныя інструмэнты ў дасягненьні галоўнай мэты і ў рамках палітыкі на скарачэньне незалежнай прэсы, якой і так засталося вельмі няшмат. Звужэньне зоны свабоднага слова да нельга”.
Журналісты разьлічваюць на падтрымку сваіх чытачоў і спадзяюцца, што Мікалай Чаргінец споўніць сваё абяцаньне. Раней ён казаў, што накіруе грошы, якія атрымае ад журналіста Аляксандра Тамковіча і ад газэты, на дапамогу псыхічна хворым людзям.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG