У Менскім раённым судзе пачалі судзіць прадпрымальніка з Узды Віктара Крываля, якога абвінавачваюць у непадпарадкаваньні міліцыі. Інкрымінаваны яму ўчынак ён нібыта зьдзейсьніў перад мітынгам прадпрымальнікаў 10 студзеня. Нечакана для судзьдзі Сяргея Афонскага працэс спыніўся з прычыны “моўнага пытаньня” — Віктар Крываль адразу запатрабаваў, каб працэс вёўся на роднай яму беларускай мове.
Судзьдзя С. Афонскі: “Число, месяц, год рождения”.
В. Крываль: “У мяне просьба. Я б хацеў адказваць на вашыя пытаньні на маёй роднай беларускай мове і хацеў бы, каб вы задавалі пытаньні па-беларуску”.
Судзьдзя С. Афонскі: “А вы русскую мову понимаете?”
В.Крываль. “Я, магчыма, разумею таксама ангельскую мову, альбо нямецкую, але прашу весьці працэс па-беларуску. Я нічога лішняга не прашу. Карыстаючыся законам і Канстытуцыяй, я патрабую свайго: каб працэс вялі па-беларуску”.
Яшчэ нейкі час Сяргей Афонскі вёў працэс па-расейску, але Віктар Крываль не адказваў на яго пытаньні, і судзьдзя мусіў перанесьці суд на 27 лютага. На той жа дзень выкліканыя сьведкі-міліцыянты, якія сёньня ў суд не зьявіліся, а таксама сям’я прадпрымальніка з Салігорску Аляксандра Цацуры.
Нагадаю, 10 студзеня, за дзьве гадзіны да пачатку мітынгу прадпрымальнікаў, на шашы Менск — Слуцк міліцыя спыніла мікрааўтобус, якім ехалі ў Менск Віктар Крываль, Аляксандар Цацура, яго жонка Тамара і паўналетні сын Ільля. На ўсіх склалі пратаколы нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі, а аўтамабіль затрымалі нібыта за недакладныя нумары. Прадпрымальнікі вырашылі ісьці да Менска пешшу, але і гэта не ўдалося, згадвае Віктар Крываль.
“Яны проста нас дагналі. Мы пасьпелі адысьці ня больш за 50 мэтраў, акружылі нас, недзе іх было 5 ці 6 супрацоўнікаў, кіраваў апэрацыяй падпалкоўнік міліцыі. І запатрабавалі, каб мы вярталіся да аўтобуса і праехалі зь імі ў Менскі райаддзел міліцыі”.
Віктар Крываль зьбіраецца даводзіць у судзе, што доказы ягонай віны несапраўдныя. Ці будзе працэс весьціся па-беларуску, судзьдзя Сяргей Афонскі не патлумачыў.