Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія ўлады забаранілі сустрэчу з Мілінкевічам


У адмове, якую атрымалі заяўнікі сустрэчы, намесьнік старшыні гарвыканкаму Павал Лосіч напісаў, што забараняе ня толькі праводзіць сустрэчу, але нават рыхтавацца да яе.


Паводле віцебскага актывіста Хрыстафора Жаляпава, аднаго з заяўнікаў сустрэчы, адмова прадстаўніка ўладаў ня мае законных падставаў.

Жаляпаў: "Адмова Паўла Лосіча ня мае ніякай законнай падставы, таму што закон, на які ён спасылаецца – закон аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў – ня мае дачыненьня да рэглямэнтацыі правядзеньня сходаў грамадзян. Мы ж ня масавае мерапрыемства просім нам дазволіць, не пікет альбо мітынг! Мы падавалі заяўку на правядзеньне сходу грамадзян, і ёсьць асобны законт наконт сходаў грамадзян! Да таго ж, маю заяўку падтрымалі сваімі подпісамі каля пяцісот жыхароў Віцебску, і я лічу, што гэта проста непавага з боку ўладаў да тых людзей, што проста хочуць сустрэцца з Аляксандрам Мілінкевічам".

Хрыстафор Жаляпаў зазначыў таксама, што сустрэча з Аляксандрам Мілікевічам плянавалася не на адкрытым паветры, а ў кінатэатры "Мір". Таму прэтэнзіі супрацоўніка гарвыканкаму да таго, што заяўнікі не дамовіліся з камунальнымі службамі або міліцыяй таксама беспадстаўныя: за парадак у арэндаваным памяшканьні звычайна адказвае ягоны гаспадар, а не часовы арандатар.

Адмову, падпісаную намесьнікам віцебскага гарвыканкаму, спадар Жаляпаў разам зь іншымі двума заяўнікамі, Аленай Фаміной і Аляксеем Гаўруцікавым, зьбіраецца абскардзіць праз суд. Ён спадзяецца, што гэта ўдасца зрабіць да прызначанага дня сустрэчы, 22-га лютага. Хаця, паводле ягоных словаў, сустрэча мае адбыцца пры любых умовах – з дазволу ўладаў або безь яго – бо гэтага хочуць самі жыхары Віцебску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG