Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Аўраменка: “Беларусь – краіна скаргаў”


На гэтым тыдні грамадзкі рэдактар -- Васіль Аўраменка. Ён нарадзіўся і вырас у Мазыры, аднак апошнія 26 гадоў – большую палову жыцьця – стала жыве ў Магілёве. Працуе ў нэўралягічным аддзяленьні гарадзкой бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі лекарам-ардынатарам. Цягам тыдня Васіль Аўраменка дзяліўся са слухачамі Свабоды сваімі поглядамі на асноўныя праблемы беларускай сыстэмы аховы здароўя. А ў якасьці тэматычнай перадачы ён прапанаваў карэспандэнтам Свабоды дасьледаваць наступную праблему: месца й функцыі скаргаў у грамадзтве. Перадачу падрыхтаваў Аляксандар Уліцёнак.


Скаргі – прыкмета дэмакратыі?

Адно з апошніх пасяджэньняў Віцебскага аблвыканкаму прайшло ў райцэнтры Талачын. Абласныя органы ўлады мусілі адрэагаваць на рэкордную колькасьць скаргаў, дасланых жыхарамі гэтага рэгіёну. Службовыя праверкі пацьвердзілі амаль усе факты, выкладзеныя ў лістах: у раёне бракуе ўчастковых міліцыянтаў і лекараў, са спазьненьнем выплачваюцца заробкі, насельніцтва сьпіваецца, спыжываючы таннае няякаснае віно мясцовага талачынскага заводу, у выніку чаго на ўлік да нарколяга трапілі 105 падлеткаў, прычым адразу 42 зь іх – у мінулым годзе...

Мясцовы актывіст Мікалай Петрушэнка зь мястэчка Коханава лічыць, што падобная сытуацыя склалася ня толькі на Талачыншчыне: проста ў раёне жыве шмат неабыякавых людзей, якія не баяцца паўстаць на абарону сваіх правоў.

Шляхам збору подпісаў мы прыпынілі дзейнасьць прадпрыемства па перапрацоўцы шкодных адкідаў...
"Наша Талачыншчына – гэта край рэвалюцыйных традыцый. Паэт Пімен Панчанка некалі напісаў: "Талачынцы – не злачынцы, добрых спраў яны зачынцы!" Напрыклад, шляхам збору подпісаў мы прыпынілі дзейнасьць прадпрыемства па перапрацоўцы шкодных адкідаў, якія завозілі сюды ажно зь Менску. Жыхары прыватнага сэктару скардзіліся на тое, што іх адрэзлі ад сыстэмы цэнтральнага ацяпленьня. Справа дайшла да суду, і яны выйгралі. Калектыў ткацкай фабрыкі зь лістападу не атрымліваў заробак, дык яны прыйшлі ў райвыканкам, запатрабавалі, каб ад іх прынялі калектыўную заяву – і глядзіце! – праз два дні заробак пачалі выплачваць!" – распавёў Мікалай Петрушэнка.


Каб людзі маглі найбольш эфэктыўна і як найхутчэй вырашаць свае пытаньні, віцебскі праваабаронца, прадстаўнік Беларусках Хэльсынскага камітэту Павал Левінаў распрацаваў адмысловы мэтадычны дапаможнік пад назвай "Мастацтва скардзіцца". Вось якія парады беларускі спэцыяліст сфармуляваў на аснове ўласнага досьведу, а таксама парадаў і назіраньняў грамадзянаў.

Парада скаржніку: "На першым этапе змаганьня за справядлівасьць вы верыце, што чыноўнік – верны слуга Закону, які ад перагрузак нешта недзе недагледзеў, памыліўся, пераблытаў (такое і насамрэч магчыма). А вы далікатна паказваеце яму на гэта і пры гэтым цьвёрда настойваеце на захаваньні законнасьці пры вырашэньні вашай праблемы. Напішыце скаргу так, каб чыноўнік усьвядоміў трагізм таго, што з вамі адбылося, зразумеў, што вы не адступіце...”

Колькі год таму спадар Петрушэнка ініцыяваў незвычайную інтэрнэт- акцыю: "Завалі прэзыдэнта скаргамі!" – каб людзі зьвярталіся са сваімі праблемамі на сайт president.gov.by. Ён кажа, што большасьць незадаволеных і цяпер найчасьцей пішуць адразу ў Адміністрацыю прэзыдэнта, бо не давяраюць мясцовым уладам.

Гэты недавер адчуваюць і самі чыноўнікі, якім даводзіцца разьбіраць скаргі. Гаворыць супрацоўнік агульнага аддзелу Аршанскага райвыканкаму Дзьмітрый Сіўцоў.

"Ужо толькі сёлета былі чатыры скаргі, напісаныя ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Чалавек вырашае: "Ах, дык вы ня хочаце тут мяне слухаць!", садзіцца й піша ліст. Колькі разоў мы казалі: "Пішы ты яго тут! Мы разгледзім..." Не! Чалавек жа ня толькі ставіць пытаньне, але й патрабуе на яго адказу, прычым менавіта такога, якога ён хоча!"

Віцебскі праваабаронца, прадстаўнік БХК Павал Левінаў:

"Напрыканцы мінулага году Прэзыдэнт выдаў указ, які рэгулюе работу са зваротамі грамадзян. Таму калі ты зьвяртаесься да кагосьці "цераз галаву", то тваю скаргу ўсё адно "спусьцяць уніз". Таму ў "Мастацтве скардзіцца" я кажу, што можна сесьці, эмацыйна сьпісаць 10 аркушаў паперы й накіраваць гэта. А можна астынуць і аргумэнтавана выкласьці ўсё так, каб у чыноўніка не было падставаў для банальнай адпіскі".

Павал Левінаў падкрэсьлівае, што скаргі па сацыяльна-бытавых, працоўных праблемах, праблемах правоў спажыўцоў і карыстальнікаў паслуг ЖКГ незадаволеныя людзі будуць пісаць да тае пары, пакуль іхныя правы ня будуць насамрэч гарантаваныя дзяржавай.


Магілёўшчына: Чаму грамадзяне зьвяртаюцца па дапамогу найперш у органы кіраваньня?

У 2007 годзе кіраўніцтва Магілёўскага гарвыканкаму разгледзела дзьве тысячы трыста два пісьмовыя й вусныя звароты грамадзян. Згаданая колькасьць зваротаў мае сваю асаблівасьць. Пра яе апавядае начальніца ўправы працы са зваротамі грамадзян Магілёўскага гарвыканкаму Антаніна Барсукова:

“Калі людзі зьвярнуліся, яны тут пра ўсё напішуць. Усё, што ў іх зьявілася, адразу па ўсіх пытаньнях пішуць. Таму ў адным лісьце можа быць некалькі пытаньняў рознага характару й зьместу”.


Парада скаржніку:
(З мэтадычнай працы віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава “Мастацтва скардзіцца”).
Ва ўсіх скаргах падымайце толькі адно пытаньне. Калі іх у вас два – пішыце дзьве скаргі. Калі пяць – дык і скаргаў трэба пісаць пяць. Прычым абавязкова паведамляйце, якая норма закону парушана ў адносінах вас асабіста. Бо ў суседзяў ці калегаў таксама ёсьць асадкі й папера – няхай таксама пішуць”.

Грамадзяне зьвяртаюцца найчасьцей па дапамогу, каб вырашыць бытавыя й камунальна-жыльлёвыя праблемы. Працягвае Антаніна Барсукова:

Хочуць, каб усюды была вада й дарога, менавіта асфальтаваная...
Хочуць, каб усюды была вада й дарога, менавіта асфальтаваная. Ужо ня ідзе гаворка, каб хоць якая была б дарога, але асфальт людзі хочуць усюды мець. Калі мець ваду, то вада каб была з двух бакоў. Ужо цяжка дарогі перайсьці!”

Спадарыня Барсукова прызнае: шмат жыцьцёвых праблемаў няцяжка вырашыць на месцы самім. Хоць бы таму, што часта гэта канфліктныя сытуацыі між суседзямі, сваякамі й роднымі.

“Супрацоўнікі ўправы іншым разам нават выступаюць у ролі трацейскага судзьдзі, калі нейкае пытаньне закранае міжасабовыя інтарэсы людзей. Просім прымірыцца, аднак не заўжды дапамагае. Тады працуе закон”, – зазначае Антаніна Барсукова.

Чаму так настойліва зьвяртаюцца да ўлады і не спрабуюць вырашыць пытаньне самі?

Экспэрт у пытаньнях разьвіцьця грамадзкіх арганізацыяў і супольнасьцяў Ігар Шары зазначае, што ўладзе прасьцей рэагаваць на скаргі асобных людзей, чымсьці працаваць з самаарганізаванымі грамадзянскімі супольнасьцямі:

Цяперашні беларускі кантэкст папросту не спрыяе грамадзянскай актыўнасьці
“Цяперашні беларускі кантэкст папросту не спрыяе грамадзянскай актыўнасьці. Дзяржава робіць пасыл грамадзянам, які заключаецца ў тым, што толькі мы, дзяржаўныя службоўцы, ведаем, якія праблемы ёсьць у грамадзтве і як іх вырашаць. Ініцыятыва, яна, не ўхваляецца. Асабліва ініцыятыва нейкіх групаў, згуртаваньняў людзей”.

Зьнішчэньнем ідэяў самаарганізацыі займаліся савецкія ідэолягі, гэтым жа кіруюцца ідэолягі сучаснае Беларусі. Між тым Ігар Шары зазначае, што здавён былі традыцыі грамадзянскай самаарганізацыі – усім вядомая да прыкладу талака. Пра самачыннасьць казаў і Янка Купала.

Парада скаржніку: "Чым больш хаўрусьнікаў, тым лепш. Вы для нечага абіралі дэпутатаў? Дык дайце ім магчымасьць апраўдаць ваш давер – пішыце ім усім ад раённага савету да парлямэнту, падключайце да сваіх клопатаў. А журналісты навошта існуюць? Яны шукаюць канфліктныя тэмы – дык дапамажыце ім, паведаміце пра сваю бітву з чыноўнікамі! А яшчэ лепш зьвярнуцца ў праваабарончую арганізацыю – там дапамогуць даведацца пра неабходныя адрасы, напішуць ліст-запыт па вашай тэме ад імя арганізацыі на салідным блянку”.

Як скардзілася пэнсіянэрка

Ад 1998 году пэнсіянэрка Валянціна Давыдаўна змагаецца зь неўпарадкаванасьцю падворку каля свайго дому. За гэты час яна пісала скаргі ў гарвыканкам, аблвыканкам, службу кантролю прэзыдэнта ды ў саму адміністрацыю. Хадзіла на прыём да старшыні гарвыканкаму ды аблвыканкаму. Зьбірала подпісы сваіх суседзяў. Аднак мала што зьмянілася. На ўсе пытаньні ў чыноўнікаў адзін адказ – няма сродкаў.

Валянціна Давыдаўна кажа: чыноўнікі ўтварылі замкнёнае кола, змагацца зь якім цяжка. Людзі жывуць у страху:

“Рэч у тым, што людзі баяцца. Яны хочуць выніку, але каб чужымі рукамі. Вось што крыўдна! Я ўжо хацела спаліць гэтыя паперы, а потым думаю: Божухна, за намі ж праўда! І я рву сваё здароўе, свае нэрвы, пілюлі глытаю, і пішаш, і ходзіш, і тэлефануеш”.

Валянціна Давыдаўна верыць – чыноўнікі падманваюць старшыню аблвыканкаму Барыса Батуру.

“Калі б ён ведаў, то абавязкова дапамог бы”, – упэўнена цьвердзіць пэнсіянэрка.

Спадзяецца яна й на новага суседа – ён нядаўна сам падрыхтаваў зварот, пад якім падпісаліся амаль усе жыльцы дому.


Скаргі ў жыльлёва-камунальныя службы


Больш за ўсё зваротаў, як сьведчыць статыстыка, людзі пішуць у жыльлёва-камунальныя службы. На другім месцы – установы аховы здароўя, на трэцім – прадпрыемствы сфэры абслугоўваньня. Ці можна лічыць гэтую пошту своеасаблівым сацыяльным маніторынгам, сродкам кантролю вэртыкалі за праблемнымі сфэрамі грамадзтва? Тэму дасьледуе журналіст Іна Студзінская.

Прэс-служба Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі дае такія лічбы: ва ўсе яго ўстановы – а гэта прыкладна 650 арганізацыяў – паступае парадку 75 тысячаў зваротаў у год, зь іх больш за 2 тысячы – у само Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі як у вышэйшую інстанцыю. Каля 5% -- паўторныя скаргі. Такая значная колькасьць зваротаў сьведчыць, на думку прэсавага сакратара Міністэрства Сяргея Адуенкі, што жыльлёва-камунальная галіна, як ніякая іншая, максымальна набліжаная да чалавека.

Міністэрства вынаходзіць самыя розныя формы ўдасканаленьня сваёй дзейнасьці: ладзіць прамыя лініі, тэлефон даверу, на калегіях паказвае крытычныя тэлесюжэты аб працы камунальнікаў, сурова карае сваіх супрацоўнікаў, якія не рэагуюць на скаргі. Так, ў мінулым годзе пакаралі больш за 1600 чалавек. Але людзі працягваюць скардзіцца...

Супрацоўніца Менскага гарадзкога вытворчага ўпраўленьня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі кажа, што ў сталіцы скаргаў на жыльлёва-камунальныя службы стала менш:

“Па пытаньнях жыльлёвай гаспадаркі, тое, што тычыцца рамонту і эксплюатацыі жыльлёвага фонду (ацяпленьне, аплата) – зьніжэньне на 6,9% упараўнаньні з пазамінулым годам. У 2007 годзе было 22686 заяваў – гэта пачынаючы ад ЖЭСу і да гарадзкога ўпраўленьня. Але заявы ёсьць розныя, тыя, што патрабуюць нейкага вырашэньня, а ёсьць проста людзі -- пісакі. Ім трэба пісаць, яны і пішуць ва ўсе інстанцыі. Ад адной асобы бывае і па 15, і па 20 заяваў. І на кожную заяву мы даем адказ”.

Парада скаржніку: "
Хай ветліва, аднак настойліва вы мусіце прымушаць чыноўнікаў рэгістраваць усе вашыя паперы: на копіі скаргі павінна стаяць адзнака “прынята” з датай і подпісам. Усе паперкі ў вас – мінімум у двух экзэмплярах! Больш можна, менш – ні ў якім разе! Калі саромеецеся перад сакратаркамі чыноўнікаў, адсылайце скаргі заказнымі пісьмамі з “паведамленьнем аб атрыманьні”

Студзінская: Тамара Гулезава, якая жыве ў сталічным мікрараёне Зялёны Луг, мае ўжо некалькі тамоў перапіскі з ЖЭСам. Жыцьцё прымусіла даведацца, што такое гігакалёрыі ды іншыя тэрміны, адзінкі вымярэньня... Зімой за ацяпленьне жыхары яе дома плацяць на 20 тысяч больш, чым суседнія дамы. 1,7 гігакалёрыі на кватэру –лічба для плюсавой тэмпэратуры гэтай зімой неверагодная. Столькі ж было ў лютым 2007 года, калі быў вельмі марозны месяц . Спадарыня Гулезава кажа:

Мая перапіска дайшла да міністра. Пастаянныя адпіскі наводзяць на думку, што гэта такая мафія, якую нічым не перашыбеш...
“Мае звароты ў ЖЭС –61, у ЖРЭА Першамайскага раёна цягам двух гадоў не далі ніякіх вынікаў абсалютна. Вада сыходзіць у пясок, гарачая і халодная, трубы ў сутарэньні не ўцепленыя. Тройчы Галоўнае ўпраўленьне па энэргазьберажэньні дае штраф – ніхто нічым не займаецца. Мая перапіска дайшла да міністра. Пастаянныя адпіскі наводзяць на думку, што гэта такая мафія, якую нічым не перашыбеш!”

Сапраўды, на кожную скаргу прыходзіць адказ. Пісьмовы. Але філёляг па адукацыі Тамара Гулезіна кажа:

“Адпісак у мяне мора, безьліч. Так, ідуць менавіта адпіскі. Калі іх чытаеш, сумняешсься: няўжо ў чалавека, які пісаў, ёсьць хоць нейкая адукацыя?”


“Паталягічны квэрулянт"

Тэрмін “паталягічны квэрулянт” малавядомы людзям, далёкім ад мэдычных сфэраў. А ці чулі вы выраз “прафэсійны суцяжнік”? Дык хто гэтыя людзі, для якіх скаргі – лад камунікацый з навакольным асяродзьдзем? Як да іх ставяцца? Высьвятляла Юлія Рымашэўская.

Дзяўчаты, якія працуюць на лініі, нават па галасах іх адрозьніваюць, -- дзеляцца са мной у прэс-службе Міністэрства ўнутраных спраў. -- Пэўную сэзоннасьць нават можна прасачыць”.

Псыхіятар з прафэсіі Васіль Варашкоў кажа, што словазлучэньне “паталягічны квэрулянтт” – гэта не зусім дыягназ.

“Гэтыя людзі – параноікі, яны могуць мець навязьлівыя ідэі, яны могуць пісаць скаргі бясконца, сварыцца з суседзямі, ім можа падавацца, што іх перасьледуюць ці ўціскаюць у правах. Але гэта хутчэй рыса паталёгіі характару, паталёгія асобы, і ў кожным разе трэба разьбірацца індывідуальна”.

У прэс-службе Міністэрстыва падаткаў і збораў таксама пацьвярджаюць: скаржнікі прафэсійныя ёсьць.

“Яны маюць правы гэткія ж, як і іншыя. Мы кожную заяву разглядаем і накіроўваем у належны пункт”.

Сацыёляг Андрэй Вардамацкі кажа, што ў сучасным беларускім кантэксьце скаржнікі бываюць розныя:

“Ёсьць сапраўды скаржнікі ад прыроды, а не ад абставін. Ёсьць людзі, якія скардзяцца і скардзяцца – яны гэтак з навакольным сьветам кантактуюць. А ёсьць людзі, якія скардзяцца, бо гэта ёсьць праявай іх грамадзянскай пазыцыі, і скарга – праява барацьбы за свае правы, абгрунтаваная скарга. Гэта дзьве вялікія розьніцы ў нашым грамадзтве”.

Парада скаржніку: "У тэчцы прынцыповага скаржніка мусіць ляжаць усё: нават тралейбусныя квіткі, чэкі за валідол і даведкі з паліклінікі пра пагаршэньне вашага здароўя з стрэсу паводле несправядлівага стаўленьня чыноўніка Х да вашага звароту. Запіс у вашай мэдкартцы ўчастковага лекара дзяржаўнай паліклінікі будзе доказам вашых маральных і матэрыяльных стратаў ня толькі для вышэйшых інстанцыяў, аднак і для суду. Памятайце: лянівыя не перамагаюць”

Розьніцу адчуваюць і супрацоўнікі ЖРЭА Партызанскага раёну Менску:

У мае часы былі “Кракадзіл”, “Вожык” – часопісы... Вось куды б гэтыя лісты. А цяпер, мусіць, трэба іх Жванецкаму”...

“Не, натуральна, мы атрымліваем каля паўтары тысяч скаргаў на год – тут стары раён Завадзкі, дамы патрабуюць капітальнага рамонту, ёсьць розныя праблемы і іх трэба вырашаць – мы разглядаем скаргі, рашэньні прымаем, праблемы вырашаем – гэта ўсё ў працы. І натуральна, людзі ў большасьці сваёй нармальныя – скардзяцца на рэальныя праблемы. Мы рэагуем, разглядаем, вырашаем. Але людзей ненармальных хапае. Але ж у нас нельга, ведаеце, на экспэртызу ліст паслаць – маўляў, праверце, ці нармальны. Вось учора 8 лістоў забрала – гэта пераказаць немагчыма: “Яна, Зьмяя паводле гараскопу, труціць людзей”... Ну, не перадаць словамі, гэта бачыць трэба... У мае часы (я жанчына ў сталым веку) былі “Кракадзіл”, “Вожык” – часопісы... Вось куды б гэтыя лісты. А цяпер, мусіць, трэба іх Жванецкаму”...

На думку Кацярыны Войчык, жыхаркі Менску, дзеля абароны сваіх правоў мае сэнс выглядаць кім заўгодна:

“Я лічу, варта абараняць свае правы. Калі мой шыкоўны капрамонт паплыў – паплылі шпалеры, столь, – я хадзіла ў ЖЭС як на працу-- дакладней, перад працай. Ці пасьля яе – каб засьпець дырэктара – урэшце я атрымала вынік. Я атрымала матэрыяльную кампэнсацыю: я не плачу кватэрную плату цягам году”.


Як скардзіўся Валеры Леванеўскі?


Цягам апошняга часу ўлады сыстэмна працуюць над нібыта ўдасканаленьнем мэханізму працы з заявамі, зваротамі, скаргамі грамадзянаў. Бясконца ўдакладняюцца тэрміны і працэдура іх разгляду, правы і абавязкі грамадзянаў і чыноўнікаў. Напрыканцы мінулага году з асабістай ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі падвышаная ўвага пачала надавацца кнігам водгукаў і прапаноў. Ці даюць яны рэальную магчымасьць грамадзянам Беларусі змагацца за свае правы? Дапамагае гэткі мэханізм вырашаць сацыяльныя праблемы, або, наадварот, тармозіць? Матэрыял з Горадні падрыхтаваў Сяргей Астраўцоў.

Былы палітвязень Валеры Леванеўскі сваім часам ўзначальваў цэнтар абароны правоў спажыўцоў, выйграў у судах некалькі дзясяткаў справаў. Ён лічыць кнігу водгукаў і прапаноў, якую паводле старой звычкі часта называюць проста “кнігай скаргаў”, неабходнай і досыць выніковай рэччу.

Леванеўскі: “Кніга водгукаў і прапаноў вельмі патрэбная рэч, яна – адзіная магчымасьць чалавеку зафіксаваць на месцы нейкае парушэньне ягоных правоў. Больш за тое, пра эфэктыўнасьць гэтай кнігі сьведчыць тое, што яе знайсьці цяжка, яна не ляжыць свабодна. Каб яна была такая непатрэбная, неэфэктыўная, яе б не хавалі”.

Сам спадар Леванеўскі некалі выйграў справу супраць фірмы Velcom, дзе яму адмовіліся выдаць такую кнігу. Але галоўнае, лічыць ён, цяпер зьявілася магчымасьць напісаць скаргу на дзеяньні службовай асобы.

Леванеўскі: “І самае важнае: кнігі скаргаў і прапаноў зьявіліся ў дзяржаўных органах, гэта, дарэчы, know-how беларускае. Цяпер кожны можа пакінуць свой запіс у дзяржаўных органах, у тым ліку, вось я, дапусьцім, патрабаваў, каб такая кніга і ў калёніях асуджаным выдавалася. Таму што яна ўвогуле была, але выдавалася чамусьці толькі сваякам, хто прыяжджаў у калёнію, а вось асуджаным яе не выдавалі”.

А паколькі кнігу ў турме не выдаюць, парушэньні не фіксуюцца, зазначае спадар Леванеўскі. Значыцца трэба дамагацца, каб вязьні мелі рэальную магчымасьць карыстацца гэтай кнігай, і гэтым ён працягвае займацца на свабодзе. Тым жа часам былы палітвязень лічыць залішнім тое, што мець яе павінен кожны прадпрымальнік, паколькі тое выклікае гэтак званы “спажывецкі тэрарызм”. Скаргі бываюць неабгрунтаванымі, і прадпрымальнікі ня ведаюць як зь імі змагацца.

Думаю, гэта проста зман людзей, каб нешта бачылі, што пра іх клапоціцца. Кніжка гэтая – проста паперка...
Менш аптымістычна глядзіць на магчымасьць скардзіцца на дзеяньні службовых асобаў, увогуле на значэньне кнігі водгукаў і прапановаў адвакат Уладзімір Кісялевіч.

Кісялевіч: “Кніга скаргаў — гэта звычайная прафанацыя. Па скарзе павінны даваць адказ ва усталяваныя тэрміны. Карысьць ёсьць, але вельмі нязначная і малаэфэктыўная. Я думаю, гэта проста зман людзей, каб нешта бачылі, што пра іх клапоціцца. Кніжка гэтая – проста паперка”.

Парада скаржніку: "Паспрабуйце атрымаць перамогу хоць бы над ніжэйшым дробным чыноўнікам. І тады вам стане зразумелым, што вы здатныя зрабіць намнога больш. Калі ласка, дзяліцеся сваім досьведам зь іншымі. Магчыма, менавіта вашая парада дапаможа некаму ў нашай краіне абараніць сваё права і адчуць сябе не прыніжаным скаржнікам перад кабінэтам бюракрата, а паўнапраўным грамадзянінам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG