Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўганскі журналіст асуджаны на сьмерць за зьнявагу ісламу


Суд ніжэйшай інстанцыі аўганскай правінцыі Балх прысудзіў да сьмерці 23-гадовага журналіста Саеда Пэрвэза Калбахша за зьнявагу ісламу. Прысуд павінен прайсьці яшчэ тры судовыя інстанцыі. Правабарончыя арганізацыі і ААН заклікаюць перагледзець прысуд журналісту.


Журналіст газэты “Джахан э Нау” і студэнт унівэрсытэту Балха быў арыштаваны летась у кастрычніку за “распаўсюд матэрыялаў, якія зьневажаюць іслам”. Ягоныя аднакурснікі данесьлі, што Калбахш абмяркоўваў зь імі раздрукаваны зь Інтэрнэту артыкул, у якім гаварылася пра ролю жанчынаў у ісламскім грамадзтве і, ў прыватнасьці, адзначалася, што прарок Мухамэд ігнараваў правы жанчынаў. Суд палічыў гэтыя дзеяньні Калбахша зьнявагай ісламу. Журналіст прызнаў сваю віну, аднак яго асудзілі да сьмяротнага пакараньня.

Кансэрватыўныя ісламскія багасловы віталі рашэньне суду. Прадстаўнік ААН у Афганістане Бо Аспланд заклікаў аўганскія ўлады перагледзіць сьмяротны прысуд. Прадстаўнік ААН адзначыў, што ў падсуднага не было адваката, што выклікае сумнеў у справядлівасьці суду.

Абурэньне прысудам выказала міжнародная арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў”. У заяве арганізацыі адзначаецца, што працэс над Калбахшам праходзіў “пасьпешліва і без усялякага клопату аб захаваньні законнасьці і свабоды выказваньня, забясьпечанага Канстытуцыяй”.

“Рэпартэры бяз межаў” заклікалі прэзыдэнта Аўганістану Хаміда Карзая ўмяшацца ў гэтую справу, “пакуль ня позна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG