Цягам апошніх дзён супрацоўнікі ідэалягічнага аддзелу тэлефануюць жыхарам Віцебска і высьвятляюць, ці насамрэч яны падпісваліся пад гэтай заявай.
Тэлефонны званок з аддзелу ідэалёгіі прагучаў у кватэры пэнсіянэркі Нэлі Тупяковай. Дома была толькі ейная 93-гадовая маці, якая, дарэчы, таксама падпісалася ў ліку ахвотных сустрэцца з Аляксандрам Мілінкевічам. Даведаўшыся, што супрацоўнікі гарвыканкаму распытвалі старэнькую маці пра сапраўднасьць ейнага подпісу і ўрэшце давялі да сьлёз, Нэлі Тупякова сама скіравалася ў ідэалягічны аддзел. Супрацоўніц яна якраз засьпела за тэлефоннымі званкамі.
Тупякова: "Я пытаюся: "Слухайце, што гэта за псыхалягічны ціск? Я хачу сустрэцца з чалавекам. Я ня ведаю, што ён будзе гаварыць, і вы ня ведаеце. Можа, ён скажа, што падтрымлівае палітыку Аляксандра Лукашэнкі, а можа, нейкі свой шлях прапануе. Мае сваякі, мае знаёмыя, колішнія калегі па працы – усе падпісаліся за сустрэчу з гэтым чалавекам." "Усё адно мы будзем правяраць!" – адказваюць мне. Сустракаю я суседа. "Слухай,– кажа, – мне тэлефанавалі, пыталіся, ці падпісваўся я за сустрэчу зь Мілінкевічам. А я адказаў пытаньнем на пытаньне: "А што, нельга?" Тады яны замяліся ды паклалі слухаўку".
Нэлі Тупякова распавяла, што некаторыя заяўнікі сустрэчы, устурбаваныя тэлефоннымі званкамі, таксама спрабавалі датэлефанавацца ў аддзел ідэалёгіі, каб запытацца пра праверкі подпісаў.
Супрацоўніца аддзелу Аксана Гудзелева, якая адказала па службовым тэлефоне карэспандэнту Радыё Свабода, тлумачыць нешта пра тэлефонныя праверкі подпісаў адмовілася:
“Я ведаю, што былі нейкія заявы ад грамадзян, і ўсё. Лепей будзе, калі вы пагаворыце пра гэта з нашай галоўнай. Але яна будзе заўтра".
На сёньняшні дзень у гарвыканкам накіравана каля 500 подпісаў грамадзянаў, якія хацелі б сустрэцца з Аляксандрам Мілінкевічам.
Адзін з заяўнікаў сустрэчы Хрыстафор Жаляпаў адзначыў, што практыка спраўджваньня подпісаў у падобнай сытуацыі прымяняецца ў Віцебску ўпершыню:
"Мы ўсе ўжо звыкліся з тым , што падчас выбараў аддзел ідэалёгіі правярае подпісы і нават ня толькі правярае, алё й аказвае ціск на грамадзянаў, каб яны ад сваіх подпісаў адмаўляліся. Гэта каб не зарэгістраваць або нашых кандыдатаў, або прапанаваных намі людзей у выбарчыя камісіі. Але я ніколі ня думаў, што яны будуць рабіць тое самае з такой нармальнай прапановай – з нагоды сустрэчы з адным з самых вядомых людзей Беларусі. Я не хачу быць пэсымістам і казаць, што гэтак ідэалягічны аддзел рыхтуецца да таго, каб нам адмовіць, але зьяўляюцца такія думкі ".
Жыхары Віцебску просяць дазволу гарадзкіх уладаў на правядзеньне сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам 22-га лютага ў кінатэатры "Мір". Афіцыйнага адказу з гарвыканкаму пакуль няма.
Нядаўна Цэнтар культуры й адпачынку Магілёўскага аддзяленьня беларускай чыгункі адмовіў актывістам незарэгістраванага грамадзкага руху “За Свабоду” ў памяшканьні для сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам.
Намесьнік старшыні Бабруйскага выканкаму Міхаіл Кавалевіч таксама адмовіў у памяшканьні для сустрэчы 9 лютага. Міхаіл Кавалевіч аргумэнтаваў адмову тым, што ў гэты дзень у “Палацы мастацтваў” будуць праводзіцца гарадзкія мерапрыемствы.