Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Сідарэнка: "Зьбіцьцё Някляева нібыта яшчэ расьсьледуюць"


Зьбіцьцё былога кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева 19 сьнежня "выдзелена ў асобую вытворчасьць і расьсьледуецца". Зьміцер Дашкевіч патрабуе распачаць справу супраць сьведак за паклёп. На працэсе над Фёдарам Мірзаянавым зьбіраюцца прысутнічаць назіральнікі з Расеі.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў зьвярнуўся ў менскі гарадзкі суд з просьбай спыніць супраць яго крымінальны перасьлед. Някляеў у заяве напісаў, што, паводле сьледзтва, ён удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах "з мэтай ...увядзеньня з боку дзяржаў Эўрапейскага саюзу, ЗША і Расейскай Фэдэрацыі эканамічных і палітычных санкцый". Гэта спадар Някляеў назваў "прыдумкай" сьледзтва.

Паводле Някляева ён удзельнічаў у выбарах, каб стаць прэзыдэнтам, "што не зьяўляецца злачынствам". Аднак выбары, як мяркуе палітык, былі сфальшаваныя і пра гэта ён зьбіраўся заявіць на Кастрычніцкай плошчы 19 сьнежня.

Уладзімер Някляеў
Някляеў аддаў пашану тысячам людзей, якія адгукнуліся на заклік кандыдатаў на прэзыдэнта прыйсьці на мітынг пратэсту. "Усе мы разумеем: тыя, хто 19 сьнежня прыйшлі на плошчу, каб выявіць сваю нязгоду з несправядлівасьцю і несвабодай, ніякія не злачынцы, а лепшыя сыны і дочкі Беларусі, якія выявілі сваю грамадзянскую мужнасьць. Нашчадкі яшчэ скажуць ім дзякуй за гэта", - мяркуе Уладзімер Някляеў.

Былы кандыдат на прэзыдэнта нагадаў у заяве ў Менгарсуд, што ўвечары 19 сьнежня на вуліцы Калектарнай на яго напалі невядомыя ў форме і зьбілі, але гэтая справа дагэтуль не расьсьледаваная. А ўвогуле, ці вядзецца сьледзтва? Адвакат Някляева Тамара Сідарэнка распавяла "Свабодзе":

"Нядаўна мы атрымалі адказ на наша хадайніцтва, што справа пра зьбіцьцё Някляева вылучаная ў асобную вытворчасьць і яшчэ расьсьледуецца. Дзіўна, канешне, што гэтак доўга. Але вось такі нам далі адказ".

Справу пра зьбіцьцё Някляева, паводле зьвестак Тамары Сідарэнкі, расьсьледуе міліцыя Маскоўскага раёну Менска.

Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў
Палітвязень Зьміцер Дашкевіч
зьвярнуўся ў Генэральную пракуратуру з патрабаваньнем прыцягнуць сьведкаў з боку абвінавачаньня да адказнасьці за хлусьлівыя паказаньні.

Дашкевіч зьвяртае ўвагу пракуратуры, што паказаньні сьведкаў Малышава і Савіцкага былі хлусьлівыя й не адпавядалі рэчаіснасьці. Дарэчы, ў судзе сьведкі давалі паказаньні з-за сьценкі, іх твараў удзельнікі працэсу не бачылі.

На прэцэсе над Зьмітром Дашкевічам і Эдуарам Лобавым, які адбыўся ў Маскоўскім судзе Менска месяц таму, сьведкамі выступілі два пацярпелых, якіх нібыта зьбілі Дашкевіч і Лобаў. Інцыдэнт здарыўся 18 сьнежня, за дзень да выбараў, на вуліцы Янкі Брыля.

«Усе добра ведаюць, што я і Лобаў даўно займаемся палітычнай дзейнасьцю, і нападаць на кагосьці за дзень да выбараў, нам было б вельмі нявыгадна», — заяўляе Зьміцер Дашкевіч.

Раней маладафронтаўцы неаднаразова казалі, што крымінальная справа супраць іх справакаваная ўладамі.

Паводле намесьніцы старшыні "Маладога фронту" Насты Палажанкі, Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца ў турме на вуліцы Валадарскага у вельмі дрэнных умовах: у камэры, разьлічанай на 20 чалавек, знаходзіцца болей за 40 вязьняў. Але Зьміцер не скардзіўся.

"Ён не апускае рукі і спрабуе праз скаргі паўплываць на той прысуд, якія яму далі. Сустракаецца з адвакатам, рыхтуецца да касацыі".

Паводле суду Зьміцер Дашкевіч атрымаў 2 гады калёніі, Эдуард Лобаў – 4. Прысуд яшчэ не ўступіў у сілу, паколькі Дашкевіч і Лобаў абскардзілі яго ў Менгарсуд і чакаюць касацыйнага разгляду справы.

Удзельніка Плошчы Фёдара Мірзаянава будуць судзіць 27 красавіка ў Партызанскім судзе разам з былым кандыдатам на прэзыдэнта Андрэем Саньнікавым ды яшчэ трыма абвінавачанымі: Ільлёй Васілевічам, Алегам Гнедчыкам і Ўладзімерам Яроменкам.

25 красавіка з амбасады Расеі ў Беларусі стала вядома, што на працэсе зьбіраюцца прысутнічаць назіральнікі з Расеі. Пра гэта прасіў расейскім дыпляматаў бацька абвінавачанага, грамадзянін Расеі Рэм Мірзаянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG