Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску «чарнобыльскую» акцыю забаранілі


Плошча Свабоды ў Віцебску.
Плошча Свабоды ў Віцебску.
Актывісты атрымалі адмову наконт правядзеньня акцыі да ўгодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Але яны ўсё адно мяркуюць сабрацца — на плошчы Свабоды.

Віцебскія актывісты мелі намер правесьці мітынг салідарнасьці з пацярпелымі ад аварыі на АЭС у Японіі і згадаць ахвяраў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, распавёў адзін з арганізатараў, каардынатар руху «За свабоду» ў Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў:

Хрыстафор Жаляпаў
«У адміністрацыі Чыгуначнага раёну нам адмовілі з прычыны таго, што мы не заключылі дамову з ЖКГ, каб забясьпечыць парадак на месцы мітынгу — у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Але з ранейшага досьведу нам вядома, што дамовы наконт аховы правапарадку, мэдычнага абслугоўваньня і паслуг ЖКГ адпаведныя структуры заключаюць толькі пасьля атрыманьня дазволу на правядзеньне мерапрыемства. Так што нас ізноў пусьцілі па „зачараваным коле“, хоць разам з заяўкай мы дасылалі ў раённую адміністрацыю ліст, дзе тлумачылі: мы гатовыя заключаць усе неабходныя дамовы, але найперш з нас патрабуюць дазвол!».

Віцебскія актывісты ўжо зьвярталіся ў Віцебскі гарвыканкам, каб памяняць парадак атрыманьня дазволаў на акцыі: каб у раённых адміністрацыях не патрабавалі дамоваў, якія папярэдне заключыць немагчыма. Але з гарвыканкаму адказалі, што гэтае рашэньне перагляду не падлягае.

Тым ня менш прадстаўнікі грамадзкасьці гораду вырашылі, што 26 красавіка жалобная акцыя ўсе адно павінна адбыцца: усіх жыхароў Віцебску запрасілі сабрацца а 17:30 на плошчы Свабоды, каб разам прыняць зварот да ўрадаў Расеі і Беларусі пра недапушчальнасьць будаўніцтва новай, Астравецкай АЭС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG