Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Ільлініч шукае праўды ў абласным судзе


25 красавіка ў судзе Менскай вобласьці адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі настаўніцы гісторыі зь вёскі Талька Пухавіцкага раёну Натальлі Ільлініч. Настаўніца вышэйшай катэгорыі просіць перагледзець рашэньне суду Пухавіцкага раёну, які падтрымаў рашэньне адміністрацыі талькаўскай сярэдняй школы пра яе звальненьне. Адначасна працягваецца акцыя грамадзкай салідарнасьці ў падтрымку Натальлі Ільлініч.

Напярэдадні суду ў Тальцы Натальлю Ільлініч наведалі высокапастаўленыя чыноўнікі з Мар'інай Горкі і Менску.

Вось у вас і бел-чырвона-белы сьцяг на сайце, і на плошчы ж вы былі. Вы ж былі на плошчы? Ну, і як вы дзяцей будзеце вучыць? Нам жа трэба адзінства народу, каб было, а вы вось яго парушаеце
"Прыяжджаў старшыня райвыканкаму Караленя і намесьнік старшыні аблвыканкаму Шчэцька. Сказаў, што прыехаў пагаварыць па даручэньні памочніка прэзыдэнта Іваньчанкі. Кажа – ну, трэба было даць вам дапрацаваць колькі месяцаў, але чаму б вы дзяцей вучылі? Вось у вас і бел-чырвона-белы сьцяг на сайце, і на плошчы ж вы былі. Вы ж былі на плошчы? Ну, і як вы дзяцей будзеце вучыць? Нам жа трэба адзінства народу, каб было, а вы вось яго парушаеце. Вось у такім тоне ён са мной размаўляў і больш нічога пэўнага яны мне не сказалі".

Настаўніцу гісторыі вышэйшай катэгорыі Натальлю Ільлініч дырэктарка Талькаўскай сярэдняй школы Натальля Меркуль звольніла 27 студзеня, пасьля таго, як у яе доме адбыўся ператрус у зьвязку з падзеямі 19 сьнежня ў Менску. Афіцыйная прычына звальненьня – парушэньні ў выкананьні службовых абавязкаў. Пухавіцкі раённы суд падтрымаў гэтае рашэньне, не зважаючы на шматлікія пратэсты калегаў-настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў.

Натальля Ільлініч, якая мае дачку-студэнтку, спрабавала ўладкавацца на іншае месца працы, але безвынікова. Яна дагэтуль застаецца без заробку. Але грамадзкія актывісты абвясьцілі акцыю салідарнасьці і ў выніку беспрацоўная настаўніца атрымала падтрымку не ад чыноўнікаў, а простых людзей, кажа яна.

Таксама грашовыя пераводы. Толькі пераводаў я атрымала 90 штук
"Лісты мне ідуць, да прыкладу, толькі ўчора тры лісты. Лісты з розных рэгіёнаў Беларусі – гляджу па адрасах, што і зь вёсак, і з раённых цэнтраў. Ёсьць настаўнікі пішуць, а таксама шмат невядомых людзей. Таксама грашовыя пераводы. Толькі пераводаў я атрымала 90 штук".

Улады Пухавіцкага раёну таксама забаранілі пікет на знак салідарнасьці з Натальляй Ільлініч, які намерваліся правесьці грамадзкія актывісты з шэрагу рэгіёнаў Беларусі. Аднак гэта людзей ня спыняе і без падтрымкі настаўніца не застаецца. Кажа адна з актывістак з Салігорску Ларыса Насановіч:

"Грамадзкія актывісты вельмі спачуваюць Натальлі Ільлініч і справядліва называюць гэта адной з важных праблем на сёньня. Бо Натальля Ільлініч – адна з многіх. Бо цягам мінулых пятнаццаці год выпадкі звальненьня людзей з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй станавіліся больш частымі. Гэтыя людзі былі прафэсіяналамі сваёй справы, а ў выніку былі выкінутыя на вуліцу. Былі нават трагічныя выпадкі. Калі людзі разьвітваліся з жыцьцём. Мы намерваемся скласьці сьпіс гэтых людзей і ўздымаць праблему".

Грамадзкія актывісты з розных гарадоў Беларусі прыйдуць падтрымаць Натальлю Ільлініч таксама ў менскім абласным судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG