Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраваныя ў справе тэракту ў мэтро


Затрыманыя асобы, якіх падазраюць у тэракце ў мэтро 11 красавіка. Як Вы мяркуеце, ці паўстануць перад судом гэтыя людзі як асноўныя абвінавачаныя?

Адказваюць экспэрты:


Валер Костка
Валер Костка
, падпалкоўнік запасу КДБ: Калі суд будзе ісьці нармальна, то гэтыя хлопцы -- далёка ня першыя фігуры ў гэтай справе. А калі іх зробяць ахвярнымі казламі, то іх і зробяць адказнымі і за арганізатараў і за выканаўцаў.

Калі сьледзтва пройдзе і ўсё гэта ўскрыецца і раскрыецца, то безумоўна зьявяцца і арганізатары, і замоўшчыкі, і тады стане зразумелым, хто сапраўды зьяўляецца выканаўцам гэтага жахлівага злачынства.

Сьвятлана Калінкіна
Сьвятлана Калінкіна
, шэф-рэдактар газэты "Народная воля": Я мяркую, што паколькі было зроблена шмат канкрэтных заяваў у гэтай справе, то працэс над гэтымі людзьмі безумоўна адбудзецца і яны будуць галоўнымі абвінавачанымі. Але Лукашэнка днямі сказаў, што працэс гэты ўвойдзе ў гісторыю і таму справа павінна быць зробленая вельмі чыста. Я мяркую, што толькі гісторыя па-сапраўднаму разьбярэцца, у чым былі прычыны менскага тэракту.

У мяне ўражаньне, што вядзецца дзьве лініі сьледзтва. Калі нам распавядалі пра адну лінію, то казалі, што падазраваных вялі па відэакамэрах і нарэшце іх затрымалі. А калі распавядалі другую лінію, то казалі, што расьследавалі выбух 2008 году і ён нечакана зьвязаўся зь сёлетнім выбухам.

У мене адчуваньне, што тут дзьве розныя справы.

Сяргей Сацук
Сяргей Сацук
, рэдактар інтэрнэт-выданьня "Ежедневник": Хутчэй за ўсё яны будуць галоўнымі падазраванымі, нават калі сьледзтва высьветліць, што ў іх былі нейкія замоўшчыкі звонку, якія маглі заплаціць грошы. Гэта могуць быць людзі з Расеі ці з Захаду. Але наўрад ці яны будуць прыцягнутыя да адказнасьці і нават агучаныя. Калі такія людзі будуць выяўленыя -- хто стаіць над выканаўцамі, то зь імі будуць гандлявацца. Калі яны будуць з Расеі, то Расеі будзе сказана, што, маўляў, вось якія людзі ў вас ёсьць, але ж мы вас ня ганьбім, так што давайце нам крэдыты.

Гэта звычайная практыка ва ўсе часы. Адназначна можна сказаць, што ніякай "пятай калёны", якая б замаўляла гэтае злачынства, у Беларусі няма. Але могуць быць зьнешнія замоўшчыкі. Але іх ня будуць выводзіць на суд, зь імі будуць дамаўляцца і не яны будуць галоўнымі падазраванымі ў справе.

Прагноз экспэртаў:

Так -- 2

Не -- 1

Адказвае Камароўка


Юначка: "Я думаю, што знайшлі тых людзей, якіх патрэбна. І я таксама падтрымліваю думку, што трэба пакараць іх – гэта адназначна. Прынамсі, тое, што я бачыла ў інтэрнэце, як вялі гэтага чалавека з сумкай ад станцыі Фрунзенская і да гэтага месца, то гэта ён".

Спадар: "Напэўна, на гэтых усё "павесяць". Але калі будуць яны, то гэта будзе ня вельмі праўда, бо ёсьць замоўцы. А хто замоўцы -- чаму б вам не спытаць у самага галоўнага?"

Спадарыня: "Пэўна, хтосьці будзе іншы, бо гэта выканаўцы. Гэтыя дзеці, пэўна, не маглі гэта зрабіць паводле ўзросту – хтосьці павінны быў старэйшы кіраваць. Проста ў мяне сыну 25 гадоў і ўвогуле -- гэта дзіця. І я мяркую па свайму дзіцяці – да гэтага сам бы не дадумаўся – яго патрэбна было накіроўваць".

Спадар: "Пэўна, нехта над імі стаяў: я ня думаю, што людзі вось так проста, без прычыны захацелі нешта ўзарваць. Як і гаварылася ўжо – трэба шукаць замоўцу".

Юначка: "Я лічу, што гэтыя людзі, якія затрыманыя зараз, яны і будуць абвінавачаныя".

Юнак: "Мне падаецца, што гэта не яны. Па тэлебачаньні не паказваюць іх твары і мне падаецца, што гэтых людзей не існуе нават. Напэўна, нікога не знайшлі, але, каб супакоіць народ кажуць па тэлебачаньні, што мы злавілі там кагосьці. Насамрэч мне падаецца, што гэта ня так і на судзе могуць быць іншыя людзі, канечне".

Спадарыня: "Я лічу, што арганізатары ёсьць акрамя тых, хто гэта зрабіў".

Спадар: "Гэта ня тыя людзі, якіх абвінавачваюць, не. Гэта зусім іншыя людзі павінны быць. Трэба правесьці добрае дасьледаваньне – гэта па-першае, а пасьля ўжо рабіць нейкія высновы. Бо недасканалыя гэтыя відэакамэры – ну што гэта – паказалі па тэлебачаньні, а пасьля ў газэце – дык гэта зусім іншы чалавек. Знайшлі іх у Віцебску – ну і што? У іх і спэцыяльнасьць не падыходзіць да такой справы, і людзі гэта сьціплыя. Ня могуць знайсьці, вось на першага, хто падвернецца ім, і павесяць усё гэта".

Спадарыня: "Я думаю, што, канечне, гэта выканаўцы. Людзі, якія гэта арганізавалі, яны недзе ў ценю ці мы пра гэта проста ня ведаем".

Юнак: "Мне проста падаецца, што затрыманыя – гэта зусім ня тыя людзі, якія зьдзейсьнілі тэракт. Што тут зьбіраецца рабіць дзяржава – таксама не зразумела. Усё тут хаваецца ад нас, ад нашага народу. Таму я лічу, што адказ на вашае пытаньне – гэта не асноўныя".

Затрыманыя асобы, якіх падазраюць у тэракце ў мэтро 11красавіка. Як Вы мяркуеце, ці паўстануць перад судом гэтыя людзі як асноўныя абвінавачаныя?

Так – 4

Не – 6
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG