Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія банкі з 22 красавіка спынілі зьдзелкі на пазабіржавым рынку.


Нацыянальны банк
Нацыянальны банк
Пра гэта заявіў Інтэрфаксу шэраг прадстаўнікоў прысутных у Беларусі банкаў з расейскім капіталам.

Яны паведамілі, што 21 красавіка банкі атрымалі вуснае распараджэньне Нацыянальнага банку пра тое, што абменны курс беларускага рубля на пазабіржавым рынку ня можа перавышаць 4500 рублёў за даляр.

У Нацбанку не пацьвердзілі, але і не зьняпраўдзілі гэтую інфармацыю.

«Нацыянальны банк не камэнтуе гэтыя зьвесткі», — сказаў начальнік упраўленьня інфармацыі — прэс-сакратар Нацбанку Анатоль Драздоў.

Банкіры зьвяртаюць увагу, што дадзенае абмежаваньне ад рэгулятара паступіла пасьля разасланых у банкі лістоў Нацбанку пра адмену абмежаваньняў па курсаўтварэньні на пазабіржавым рынку. 21 красавіка зьдзелкі з далярам на пазабіржавым рынку праводзіліся па 5000–5100 рублёў за даляр.

«Банкі сваю валюту не прадаюць. Мы можам прадаваць сваім кліентам-імпартэрам валюту, якую купілі ў кліентаў-экспартэраў. Пасьля зьяўленьня гэтых вусных рэкамэндацый сытуацыя стала яшчэ больш незразумелай. Кліенты-экспартэры не гатовыя прадаваць даляры па цане, якая грунтуецца на вуснай рэкамэндацыі. У гэтай сытуацыі банкі наагул спынілі зьдзелкі з валютай да высьвятленьня абставінаў», — сказаў адзін з суразмоўцаў.

Банкаўскія службоўцы мяркуюць, што спроба абмежаваць кошт даляра на пазабіржавым рынку выкліканая плянамі правядзеньня на біржы альтэрнатыўнай гандлёвай сэсіі, дзе валюта павінна прадавацца зыходзячы з рынкавага прынцыпу попыту-прапановы.

«У спэцыфічных беларускіх умовах цяпер ня могуць суіснаваць нерэгулюемы пазабіржавы і альтэрнатыўны біржавы рынак», — сказаў суразмоўца.

Ён патлумачыў, што «ў сытуацыі маштабнага адкладзенага попыту на замежную валюту правядзеньне рынкавых таргоў на біржы можа прывесьці да непрадказальных вынікаў — курс можа ўзьляцець невядома да якога ўзроўню, калі ня будуць праведзеныя валютныя інтэрвэнцыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG