Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Класкоўская пакуль ня мела сустрэчы з братам


Вольга Класкоўская
Вольга Класкоўская
Сястра арыштаванага па падзеях 19 сьнежня Аляксандра Класкоўскага Вольга Класкоўская вярнулася ў Беларусь пасьля амаль шасьці гадоў эміграцыі.

Яна мела палітычны прытулак у адной з краінаў Эўразьвязу. Вярнулася ў Беларусь 13 красавіка.

Сваё рашэньне вярнуцца ў Беларусь яна патлумачыла ў размове з карэспандэнтам Радыё Свабода:

"Гэта зьвязана з маім зьняволеным братам Аляксандрам, бо менавіта тут я атрымала магчымасьць мець больш шчыльны кантакт зь ім. На жаль, пакуль у нас спатканьня не было, але я здолела перадаць яму перадачу, даслала пасылку поштай, атрымала ад яго ліст. І гэта для мяне вельмі важна. То бок мы адчуваем, што мы побач. Апроч таго, я, вядома, хачу падтрымаць яго жонку і дзяцей, прысутнічаць на судзе і быць як мага бліжэй да Аляксандра".

Вольга кажа, што крыху цяжкавата пасьля эміграцыі зноў прызвычаіцца да беларускіх рэаліяў.

"Сустрэча з Радзімай пачалася яшчэ на борце самалёта "Belavia", калі правадніца назойліва прапанавала мне пачытаць "Советскую Белоруссию". Мне давялося далікатна адмовіцца. Нарэшце я абняла бацьку, сустрэлася са сваімі сябрамі, вельмі прыемна гуляць па менскіх вуліцах, адчуваць сябе на сваёй зямлі. Што да цяжкіх момантаў, то стараюся захоўваць пэўны аптымізм. І тое, што я цяпер адчуваю сябе бліжэй да брата, надае новых сілаў, і гэта вельмі важна для мяне".

Справу Аляксандра Класкоўскага, які ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ, будзе разглядаць Ленінскі суд Менску, паводле папярэдняй інфармацыі — у траўні. Весьці судовае паседжаньне будзе судзьдзя Людміла Грачова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG