Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чырвоны сцяг "перамог" ва ўкраінскім парлямэнце


Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла закон, які прадугледжвае афіцыйнае выкарыстаньне чырвонага сьцяга побач зь дзяржаўным сіне-жоўтым 9 траўня і падчас іншых урачыстасьцяў, зьвязаных зь Вялікай айчыннай вайной 1941-1945 гадоў.

Гэтую ініцыятыву падтрымалі 260 дэпутатаў з фракцыяў парлямэнцкай большасьці. Затое апазыцыя асудзіла выкарыстаньне чырвонага сьцяга побач зь дзяржаўным, назваўшы гэтую ініцыятыву антыўкраінскай.

Закон «Аб увекавечаньні Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў (аб парадку афіцыйнага выкарыстаньня копій Сьцяга Перамогі» разглядалі па скарочанай працэдуры, якая не прадугледжвала шырокага абмеркаваньня. Дэпутаты-нашаўкраінцы спрабавалі блякаваць парлямэнцкую трыбуну, аднак рэгіяналы і камуністы не далі гэтага зрабіць. Такім чынам нашаўкраінцы на знак пратэсту разгарнулі перад трыбунай дзяржаўны сьцяг, а камуністы - чырвоны сьцяг перамогі.

Згодна з законам, сьцяг перамогі павінен быць копіяй «штурмавога сьцяга 150-й ордэна Кутузава II ступені Ідрыцкай стралковай дывізіі», усталяванага над будынкам нямецкага райхстагу ў Бэрліне ў канцы вайны ў Эўропе.

Не падтрымала законапраект фракцыя НУНС. Дэпутат-нашаўкраінец Андрэй Парубій заявіў, што прыняцьце закону аб сьцягу перамогі зьяўляецца крокам да разьяднаньня ўкраінскага грамадзтва:

«Гэты сьцяг ня мае месца ва ўкраінскай дзяржаве! Вы хочаце пасеяць раскол у грамадзтве? Гэта задача Крамля, Партыі рэгіёнаў і камуністаў, каб 9 траўня пасварыць паміж сабой вэтэранаў вайны і ўкраінскіх патрыётаў, каб адны вешалі чырвоны сьцяг, а іншыя зрывалі. Вы хочаце раскалоць Украіну!"

Фракцыя «БЮТ-Бацькаўшчына» выступіла з заявай, у якой назвала навязваньне асацыяцыі «перамога = Савецкі Саюз» адкрытым цынізмам з боку ўлады. «Перамогу ў Другой сусьветнай вайне атрымалі народы, а не кампартыя Савецкага Саюза і Сталін», - гаворыцца ў заяве. У «БЮТ-Радзіме» перакананыя, што ў сьвяточныя дні варта выкарыстоўваць толькі дзяржаўны сьцяг Украіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG