Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астравецкая АЭС — у цені Чарнобыльскай


У часе канфэрэнцыі
У часе канфэрэнцыі
Напярэдадні 25-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы ў амбасадзе Ўкраіны ў Менску адбылася канфэрэнцыя «Ўрокі і актуаліі» з удзелам беларускіх, літоўскіх, украінскіх навукоўцаў, афіцыйных асобаў, грамадзкасьці. Найбольш вострую дыскусію выклікала пытаньне будаўніцтва АЭС у Астраўцы — наколькі мэтазгодна, маральна наагул будаваць станцыю ў краіне, якая найбольш пацярпела ад Чарнобылю, і наколькі ўдала абраная пляцоўка.

Імпрэза пачалася са скайп-канфэрэнцыі з удзелам прафэсара Юрыя Бандажэўскага, які цяпер працуе ў Кіеве. Ён распавёў пра апошнія вынікі сваіх дасьледаваньняў, пра значнае пагаршэньне здароўя беларусаў і трывожныя тэндэнцыі. Далей дыскусія разгарнулася вакол Астраўца. Віліюс Самуйла, дарадца аддзелу палітыкі энэргетычнай бясьпекі МЗС Літвы, выказаў такое меркаваньне:

«Нас ніхто не пераканае, што будаваць АЭС за 50 кілямэтраў ад густанаселеных пунктаў, Вільні — гэта добра. Найбольшая для нас праблема — гэта абранае месца. Астравецкі варыянт нам непрыдатны. Ёсьць такі панятак яшчэ, як ядзерная культура. Калі японцы ня здолелі са сваім ядзерным аб’ектам управіцца, то што казаць пра беларусаў, у якіх наагул няма такой практыкі ў сфэры ядзернай энэргетыкі? Да таго ж сам рэактар, які вам прапануе Расея, — ён экспэрымэнтальны. Нават духу добрасуседзтва тут няма, ня кажучы ўжо пра сапраўднае добрасуседзтва».

Ігар Папоў
Ігар Папоў, кандыдат тэхнічных навук з Аб’яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны», не чакаў, што дыскусія будзе такой палітызаванай. На яго думку, пытаньне будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі павінна вырашацца з пазыцый тых выгодаў, якія прынясе яна беларускаму народу. Зь ягонага пункту гледжаньня, такія выгоды ёсьць:

«Калі два блёкі будуць пабудаваныя, то каля 50% электраэнэргіі будзе выпрацоўвацца на атамнай станцыі. І, я так зразумеў літоўскіх калегаў, яны ня супраць нашых ядзерных амбіцыяў, як яны гэта назвалі. Пярэчаньне выклікае адно — месца разьмяшчэньня атамнай станцыі. Я ня думаю, што тут такое складанае пытаньне мы зможам з вамі вырашыць».

Афіцыйныя асобы, навукоўцы пераконвалі ў эканамічнай мэтазгоднасьці будаўніцтва АЭС, гаварылі пра зьніжэньне коштаў на электраэнэргію, пра акупнасьць. Журналісты пярэчылі:

«Па абгрунтаваньнях інвэставаньня атамнай станцыі, тэрмін акупнасьці — ад 15 да 20 гадоў».

«Крэдыт мы будзем 20 гадоў выплачваць? Ці тарыфы падвысім?»

«Тарыфы для таго і ўсталёўваюцца, каб выплаціць усе нашы пазыкі, абавязаньні ня толькі атамных станцыяў».

Беларускія навукоўцы распавялі, што на першапачатковай стадыі разглядалася некалькі пляцовак, прычым улічвалася больш як 70 парамэтраў:

«У кожнай пляцоўкі ёсьць свае плюсы і мінусы. Што можна сказаць пра Астравецкую пляцоўку? Там грунты больш падыходзяць для будаўніцтва АЭС, якой, як вы самі разумееце, патрэбны трывалыя фундамэнты».

Але не навукоўцы прымалі канчатковае рашэньне, яны толькі выклалі свае пазыцыі, вынікі дасьледаваньняў. Журналісты адразу ж узгадалі, што непадалёка ад Астраўца, у Гудагаі, у 1908 годзе здарыўся самы моцны ў Беларусі землятрус — магутнасьцю 7 балаў.

Андрэй Цімошчанка
Журналістаў цікавіла пытаньне, адкуль Беларусь будзе браць высокакваліфікаваныя кадры. Дацэнт Міжнароднага дзяржаўнага экалягічнага ўнівэрсытэту імя Сахарава Андрэй Цімошчанка кажа:

«Да 2016 году неабходны склад беларускіх кадраў, ну, акрамя чалавек 100 вышэйшага пэрсаналу кіраўніцтва, будзе падрыхтаваны. Праз 5-7 гадоў гэтыя людзі стануць кіраўнікамі гэтай станцыі».

«А вышэйшае кіраўніцтва адкуль будзе? З Расеі?»

«Вышэйшаму кіраўніцтву трэба мець вопыт працы ня менш за 10-15 гадоў. Не абавязкова з Расеі. Украіна таксама шмат пытаецца».

Прафэсар Георгі Лепін такога аптымізму не падзяляе:

Георгі Лепін
«Размова пра тое, што станцыю абслугоўваць будуць нашы людзі — выбачайце, але гэта сьмешна! У нас няма ніводнага спэцыяліста па абслугоўваньні рэактара».

«Я сказаў пра валоданьне станцыяй»

«А пра валоданьне — тым больш. Хто плаціць, той і замаўляе музыку. Яны будуць будаваць, яны — абслугоўваць, гэта адназначна. Расея ня выпусьціць са сваіх рук. А свайго пэрсаналу ў нас няма і гадоў 20 яшчэ ня будзе».

Ну і, натуральна, непакоіць журналістаў тое, што рэактар, які прапануюць пабудаваць расейцы, экспэрымэнтальны і яшчэ нідзе не выкарыстоўваўся.

«Гэта не экспэрымэнтальны рэактар. Гэта інавацыйны праект. Гэта вельмі вялікая розьніца. Інавацыя яго ў тым, што магутнасьць фарсіраваная з 1000-мэгаватнага рэактара ВВР, які зараз функцыяніруе ў Расеі, Кітаі, да 1200 мэгават. Такі апарат нідзе пакуль не пабудаваны, але ён будуецца для Балтыйскай АЭС, Ленінградзкай АЭС і Новаваронескай станцыі».

Такім чынам, бакі выслухалі адзін аднаго і ўсе засталіся пры сваіх меркаваньнях. Прыхільнікі АЭС так і не пераканалі праціўнікаў і не разьвеялі іхніх сумненьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG