Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шызафрэнічная валютная палітыка аўтарытарнай Беларусі


У блогу пад такім загалоўкам Уільям Молдын аналізуе на сайце газэты The Wall Street Journal апошнія крокі беларускіх уладаў у спробе утаймаваць валютны крызіс.

У аўторак аўтарытарны лідэр Беларусі Аляксандр Лукашэнка аслабіў некаторыя з уведзеных ім фінансавых абмежаваньняў, дазволіўшы курсу беларускага рубля вагацца больш свабодна – але толькі для банкаў і карпарацый, а не для прыватных асобаў.

У краіне, у якой летась міліцыя і КДБ жорстка разагналі тысячы маніфэстантаў, якія пратэставалі супраць парушэньняў на выбарах, нікога не зьдзіўляе, што фінансавая свабода кампаній, многія зь якіх належаць дзяржаве, ставіцца вышэй за свабоду прыватных асобаў. Паводле правілаў нацыянальнага банку, кампаніі цяпер змогуць мяняць валюту па курсе, які выходзіць за межы ранейшага калідора, і атрымліваць, скажам, па 4300 беларускіх рублёў за кожны даляр, тым часам як просты грамадзянін можа атрымаць за даляр у мясцовых жорстка кантраляваных банках толькі каля 3000 рублёў.

«Яны па-ранейшаму не дазваляюць насельніцтву купляць па курсе міжбанкаўскага рынку. Думаю, што яны баяцца страціць кантроль і сутыкнуцца з масавым зьняцьцем банкаўскіх укладаў. У гэтым ёсьць пэўны сэнс », – лічыць аналітык банку UniCredit Дзьмітры Гураў.

Менск робіць усё магчымае, каб прадухіліць страту валютных рэзэрваў і каляпс банкаўскай сыстэмы. З пачатку года валютныя рэзэрвы Беларусі скараціліся больш чым на 20%. Нядаўна нацыянальны банк павысіў сваю стаўку рэфінансаваньня да 13%, спаслаўшыся на неабходнасьць утрымаць уклады ў банкаўскай сыстэме ў сувязі з ростам інфляцыі на спажывецкім рынку.

Аднак паводле ацэнак Міжнароднага валютнага фонду, інфляцыя сёлета ўсё адно можа дасягнуць 12,9% у сувязі з ростам коштаў на прамысловыя тавары і прадукты харчаваньня на фоне паслабленьня рубля.

На фоне страхаў перад інфляцыяй і падзеньнем курсу рубля некаторыя беларусы пачалі запасацца ключавымі таварамі – такімі як цукар, алей або нават жэтоны менскага мэтро. У адказ улады абмежавалі колькасьць жэтонаў, якую можна купіць за адзін раз.

Сп. Лукашэнка, магчыма, здолее, дзякуючы дэвальвацыі нацыянальнай валюты і іншым захадам, якія ён называе рэформамі, атрымаць крэдыты на суму 3 мільярды даляраў ад Расеі і іншых саюзьнікаў, што прадухіліць дэфолт або фінансавую катастрофу. Аднак імідж Беларусі як «выспы міру і стабільнасьці», які стварыла яго адміністрацыя, у любым выпадку пацярпіць, і яго рэпутацыя ўнутры краіны пачне псавацца падобна яго рэпутацыі за мяжой.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG