Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал вакол беларускага пасольства ў Маскве не сьціхае


Пасол Беларусі ў Маскве Васіль Даўгалёў быў выкліканы ў МЗС Расеі, дзе яму была ўручаная нота наконт недапушчальнасьці выкарыстаньня памяшканьня дыпляматычнага прадстаўніцтва для гульнявога бізнэсу.

«Паводле інфармацыі, якую мае міністэрства, на тэрыторыі пасольства пэўны час незаконна функцыянавала гульнявая ўстанова, расейскі бок лічыць неабходным зьвярнуць увагу беларускага боку на недапушчальнасьць такога кшталту дзейнасьці, якая супярэчыць палажэньням Венскай канвэнцыі», - цытуюць дакумэнт «Известия».

Аналягічная нота была ўручаная пасольству КНДР.

Сёньня прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных чарговы раз абверг абвінавачаньні на адрас беларускага пасольства:

"Ніякага казіно ў беларускім пасольстве ў Маскве няма і быць ня можа. Гэта адзіная рэальнасьць".

Гаворачы аб расейскай ноце пратэсту, Андрэй Савіных адзначыў, што нота МЗС Расіі зьмяшчае заклапочанасьць, зьвязаную з гісторыяй, якую разьдзімаюць асобныя расейскія СМІ. "Мы цалкам адкрытыя для ўзаемадзеяньня з нашымі калегамі і гатовыя на любыя меры, якія будуць спрыяць ліквідацыі гэтых злосных чутак", - сказаў ён.

14 красавіка 2011 году ў газэце "Известия" быў апублікаваны першы артыкул, прысьвечаная казіно, якое паводле зьвестак газэты дзейнічала ў беларускім пасольстве ў Маскве.

Пасьля гэта пасол Даўгалёў запрасіў журналістаў у пасольства, каб прадэманстраваць, што казыно там няма. Аднак паводле сёньняшняй публікацыі ў «Известиях» журналістам было паказана ня тое памяшканьне, дзе разьмешчаная гульнявая зона. "Аднак журналіст ня стаў абвінавачваць пасла ў няшчырасьці ў прысутнасьці прадстаўнікоў СМІ", - гаворыцца ў матэрыяле.

На сёньняшнім брыфінгу А. Савіных заявіў: "Журналістаў правялі ў памяшканьне, на якое сама газэта ўказала як гульнявую зону. Акрамя таго, прадстаўнікам СМІ была дадзеная магчымасьць зайсьці і ў іншыя памяшканьні на іх выбар. Такім чынам, прэтэнзіі журналіста на далікатнасьць, пра якую ён піша ў артыкуле, на справе абарочваюцца хітрасьцю і нежаданьнем прызнаваць відавочнае".

Прадстаўнік МЗС Беларусі адзначыў, што «гэта далёка ня першы выпадак паклёпу на Беларусь». У якасьці прыкладу ён прывёў публікацыі аб продажы баявых верталётаў у Кот-д'Івуар і аб беларускіх наймітах у Лібіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG