Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сырыі адмянілі надзвычайнае становішча


Амаль праз пяцьдзесят гадоў пасьля яго ўвядзеньня (1962) у Сырыі было адмененае надзвычайнае становішча. Пра гэта сёньня паведаміла дзяржаўная агентура САНА. Падпісаньне адпаведнага закону прэзыдэнтам ужо застаецца чаканай фармальнасьцю. Урад прэзыдэнта Башара Асада такім чынам выканаў адно з асноўных патрабаваньняў апазыцыі, якая таксама дамагаецца ягонага сыходу. Урад да таго ж ліквідаваў дзяржаўны суд бясьпекі, які разглядаў справы палітычных апанэнтаў рэжыму, а таксама ўхваліў новы закон, які прызнае права грамадзянаў на мірныя дэманстрацыі.

Надзвычайнае становішча ў Сырыі на працягу дзесяцігодзьдзяў было шырмай для масавых парушэньняў правоў чалавека. На яго падставе арыштоўваліся многія няўгодныя рэжыму людзі, якія потым доўгі час утрымліваліся за кратамі без абвінавачваньняў і суду. Надзвычайнае становішча таксама было падставай для цэнзуры смі.
XS
SM
MD
LG