Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Нацбанк стварае ўмовы для спэкуляцыі і карупцыі


Абяцаная ўладамі стабілізацыя валютнага рынку не надышла. Абменныя пункты і банкаматы даляраў ды эўра не выдаюць, а «ценявы» валютны курс перавышае афіцыйны на 30–50%.

Раскупленыя расейскія рублі, грыўні, злотыя і літы, а таксама каштоўныя мэталы — усё, ува што яшчэ можна было канвэртаваць абясцэненыя беларускія рублі. Тым часам банкі прапануюць пагашаць валютныя крэдыты ў рублях па курсе 4400 рублёў за даляр — гэтаксама, як пералічваюць прадпрымальнікі на рынках. Нацбанк 19 красавіка дазволіў адпусьціць у вольнае плаваньне безнаяўныя валютныя зьдзелкі.

У пунктах абмену яшчэ групуюцца грамадзяне, якія вядуць сьпіс ахвотных набыць замежную валюту па мінімальным курсе. Людзі па некалькі разоў на дзень зрываюцца з працы, адзначаюцца, зьвяраюцца з чаргой, але шанцаў нешта купіць з кожным днём менее — даляры і эўра ўжо даўно акумулююцца ў альтэрнатыўных крыніцах, якія бяруць валюту нашмат даражэй, чым банкі.

Некаторыя экспэрты даўно прадказвалі каляпс на фінансавым рынку і, мяркуючы па фактах, сытуацыя недалёкая ад гэтага сьцьвярджэньня. Ці ёсьць выйсьце з тупіку? Вось меркаваньне эканаміста Ўладзімера Ганчарыка:

Уладзімір Ганчарык
"Сёньняшняя сытуацыя — гэты вынік той заадміністраванай эканамічнай мадэлі, якую паўтара дзясятка гадоў культывуе ўлада. Але я ня думаю, што ўжо наступіў каляпс, і для такой думкі ёсьць некалькі падставаў. Яшчэ рэальна зрабіць некаторыя эканамічныя захады, зьвязаныя з выхадам з крызісу — як гэта рабілі іншыя краіны. Па-першае, дэвальвацыя рубля, як ні балюча гэта для эканомікі і для людзей.

Па-другое, трэба рэзка скараціць усе выдаткі бюджэту — не касмэтычна, а ўсе, якія не адносяцца да рэчаў першай неабходнасьці: вялізныя выдаткі на ўладу, на праваахоўныя органы, на аб’екты, якія ня маюць прыярытэтнай вартасьці. Па-трэцяе, трэба станавіцца на калені і прасіць крэдыты. Бяз гэтага не абысьціся. Нягледзячы на ранейшыя запазычанасьці, пакуль яшчэ ўзровень крэдытаў не крытычны, трэба на гэта ісьці. Але тут яшчэ неабходна іншае — правядзеньне эканамічных рэформаў ды іншыя пераўтварэньні«.

Сёньня кіраўніцтва Нацыянальнага банку абвясьціла, што неўзабаве будуць зробленыя рэальныя крокі, каб аздаравіць сытуацыю ў фінансавай сфэры. Так, на пазабіржавым валютным рынку ў Беларусі зьнятыя абмежаваньні, і ўжо на наступным тыдні Беларуская валютна-фондавая біржа правядзе альтэрнатыўныя таргі дзеля вызначэньня рынкавага курсу беларускага рубля на падставе попыту і прапановы. Такім чынам, скасоўваецца ранейшае патрабаваньне выкарыстоўваць 10-працэнтны калідор ад афіцыйнага курсу падчас зьдзелак з замежнай валютай на міжбанкаўскім рынку.

18 красавіка эканаміст Сяргей Балыкін у інтэрвію «Свабодзе» прагназаваў, якія варыянты дзеяньняў можа абраць улада, каб разьвязаць валютны крызіс. Паводле экспэрта, і ўрад, і Нацбанк абралі найгоршы сцэнар, які прывядзе да новага вітка карупцыі:

Сяргей Балыкін
"Чым гэта кепска? Фактычна афіцыйна ўсталёўваюцца два курсы — біржавы і пазабіржавы. На першай сэсіі біржы, там, дзе ажыцьцяўляецца абавязковы продаж валюты, набыць валюту змогуць ня ўсе. Продаж будзе ісьці па ніжэйшым курсе, але для абраных. У выніку ж атрымліваецца дадатковы падатак на экспартэраў: яны прадаюць сваю валюту па ніжэйшым курсе і такім чынам датуюць крытычных імпартэраў. Гэта першае.

Па-другое, паколькі частка валюты пойдзе па заніжаным курсе, то, адпаведна, астатняя частка будзе рэалізоўвацца па курсе завышаным. Калі б уся валюта прадавалася на рынкавых умовах, то ў выніку курс быў бы сярэдні — паміж курсам на першай і другой сэсіях, то бок, ніжэйшы. І тады ўсе маглі б набыць валюту па адзіным курсе. Але тыя імпартэры, якія займаюцца так званым некрытычным імпартам, будуць вымушаныя набываць валюту па вышэйшым курсе. Што ўрэшце будзе штурхаць цэны ўверх".

Нагадаем, што ў Беларусі дзейнічае правіла абавязковага продажу 30-працэнтнай часткі валютнай выручкі на біржы, і гэта жорстка кантралюецца Нацбанкам. У такіх умовах, па словах спадара Балыкіна, ствараюцца спрыяльныя ўмовы для рознага кшталту спэкуляцыяў, бо на роўным месцы будуць зарабляць тыя, хто зможа набываць валюту па ільготным курсе, а прадаваць па рынкавым.

Але пры гэтым так і ня вырашанае пытаньне рынку наяўнай валюты. Як кажуць экспэрты, калі наступным крокам Нацбанку стане адыход ад абавязковай 2-працэнтнай прывязкі да афіцыйнага курсу для дзяржаўных і камэрцыйных банкаў, то фактычна гэта будзе азначаць адно — прызнаньне дэвальвацыі, якая адбылася і без абвяшчэньня з боку ўладаў. Калі ж экспэрымэнты абмяжуюцца выключна безнаяўнай прасторай, то набыць валюту ў пунктах абмену па-ранейшаму будзе немагчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG