Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістцы Ірыне Халіп на месяц працягнулі хатні арышт


Андрэй Саньнікаў, Даніла Саньнікаў, Ірына Халіп
Андрэй Саньнікаў, Даніла Саньнікаў, Ірына Халіп
Ірына Халіп будзе пад хатнім арыштам яшчэ амаль месяц. Касацыю Мікіты Ліхавіда разгледзяць 29 красавіка. Алесь Атрошчанкаў у калёніі будзе рамантаваць абутак. Новы абвінавачаны Віталь Стажараў не зьбіраецца вяртацца ў Беларусь.

Менгарсуд працягнуў меру стрыманьня для жонкі былога кандыдата на прэзыдэнат Андрэя Саньнікава, журналісткі Ірыны Халіп. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла маці абвінавачанай Люцына Бяльзацкая:

«Працягнулі ёй меру стрыманьня — хатні арышт да 13 траўня. Магчыма, разьлічваюць да таго часу ўсё скончыць, ня ведаю».

Справу Ірыны Халіп, сузаснавальніка Партыі БХД Паўла Севярынца, кіраўніка выбарчага штабу Міколы Статкевіча Сяргея Марцалева будуць разглядаць у Заводзкім судзе Менску. Дзень пачатку працэсу яшчэ не прызначаны.

18 красавіка з пракуратуры Менску стала вядома, што ў Менгарсуд накіравалі яшчэ адну справу аб удзеле ў масавых беспарадках. Гэта справа Дзьмітрыя Дароніна, Сяргея Казакова, Уладзімера Лобана, Уладзімера Мацукевіча, Яўгена Сакрэта і Алега Федаркевіча. Які раённы суд будзе разглядаць гэтую справу, ня вызначана.

Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віталь Стажараў таксама абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня. Адразу пасьля пазеяў на Плошчы малады чалавек зьехаў зь Беларусі. 18 красавіка праваабаронца Тацяна Равяка зь «Вясны» размаўляла з актывістам праз тэлефон.

«Я сёньня размаўляла зь Віталём, і ён сказаў, што ў такой сытуацыі, канечне, ня будзе вяртацца дамоў — пакуль тут ідуць гэтыя расьсьледаваньні і суды».

Паводле Тацяны Равякі, Віталь Стажараў ня лічыць, што браў удзел у масавых беспарадках 19 сьнежня.

Ужо асуджаны да 4 гадоў калёніі прэсавы сакратар штабу Саньнікава Алесь Атрошчанкаў перахварэў у калёніі на грып, а цяпер пачуваецца лепей. Ужо вызначана, чым Алесь будзе займацца ў зьняволеньні. Кажа ягоная жонка Дар’я Корсак:

«Яго днямі перавялі з карантыну, ён знаходзіцца ў 7-м атрадзе. Ужо вядома, што будзе рамантаваць абутак».
У Мікіты былі праблемы пасьля таго, як на «Валадарцы» даведаліся пра выбух у менскім мэтро.


Алесь Атрошчанкаў спрабаваў абскардзіць прысуд, але марна — Менгарсуд пакінуў прысуд бязь зьмены.

Падаў касацыйную скаргу на прысуд і актывіст руху «За свабоду» Мікіта Ліхавід. Маці юнака паведаміла «Свабодзе», што разгляд скаргі прызначаны на 29 красавіка. Зь ліста сына маці зразумела, што ў Мікіты былі праблемы пасьля таго, як на «Валадарцы» даведаліся пра выбух у менскім мэтро. Маўляў, зь ім спрабавалі разабрацца як з апазыцыянэрам. Але хто дакладна, зь ліста незразумела. Алена Ліхавід папрасіла высьветліць гэта адваката:

«Калі яна да яго пойдзе, каб спыталася: хто на яго націскае адносна гэтай тэмы? Адміністрацыя, сукамэрнікі, ці, магчыма, гэта быў допыт?».

Мікіта Ліхавід асуджаны на 3 з паловай гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG